Портреты

Сямён Печанко

«Партрэты»: Пётр Рудкоўскі. Як святар стаў палітолагам

Акадэмічны дырэктар BISS расказаў «Салідарнасці» пра сваю сям’ю вучобу і найлепшы сродак ад стрэсу.

Пётр Рудкоўскі. Фота Беларускі калегіум

Пётр Рудкоўскі — нарадзіўся ў 1978 годзе. Кандыдат (PhD) гуманітарных навук (Варшаўскі універсітэт).

Выкладаў у ЕГУ (Вільня) і шэрагу польскіх універсітэтаў

Быў стыпендыятам Паўднёва-заходняга коледжу ў Уінфілдзе (ЗША), Інстытуту грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі (Варшава), стажыраваўся ў варшаўскім Цэнтры ўсходніх даследаванняў.

Аўтар чатырох кніг і звыш 100 артыкулаў. Лаўрэат прэміі Льва Сапегі (Польшча).

Сфера навуковых інтарэсаў: каштоўнасная інтэграцыя Беларусі і ЕС, нацыянальная тоеснасць, еўразійства, канцэпцыя адкрытага грамадства, крытычнае мысленне.

Акрамя роднай беларускай, валодае польскай, англійскай, рускай і літоўскай мовамі.

Фота Радыё Свабода

— Я нарадзіўся ў Канвелішках, на Гарадзеншчыне, непадалёк ад літоўскай мяжы. Бацькі нарадзіліся ў часы Другой Рэчы Паспалітай. Большая частка іх жыцця прайшла ў савецкай рэчаіснасці, былі вясковымі рабацягамі. Але захоўвалі польска-каталіцкую тоеснасць — гэтыя дзве рэчы здавён ішлі ў пары.

Гэта, хутчэй за ўсё, паўплывала на тое, што ні на якія кіраўнічыя пасады іх не дапускалі. Ведалі польскую мову (мама таксама — літоўскую), але штодня карысталіся беларускай («простай», як у нас казалі).

Бернардзінскі касцёл і Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне

— Пасля школы я паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, перадусім таму, што хацеў вывучаць філасофію і тэалогію. Наконт святарства ў мяне ўвесь час былі сумневы, але вырашыў з гэтымі сумневамі разабрацца «потым», а засяродзіўся на вучобе.

З цягам часу ўзровень выкладання ў семінарыі мяне перастаў задавальняць. На гэта наклаліся канфлікты з уладамі семінарыі на глебе беларускасці. Хоць я быў палякам, але быў прыхільнікам беларусізацыі каталіцкага Касцёла. Гарадзенскія касцёльныя ўлады ў тыя часы лічылі гэта ледзь не здрадай Касцёлу.

У выніку мяне дэ-факта выключылі з семінарыі. Я ўступіў у Ордэн прапаведнікаў (дамініканцы), што азначала пераезд у Польшчу. Узровень навучання нашмат вышэйшы, да таго ж шырокія магчымасці вучыцца дадаткова на свецкіх універсітэтах.

Святарскія пасвячэнні Пётр Рудкоўскі прыняў у касцёле св. Барбары ў Віцебску. Фота Сержука Серабро, Народныя навіны Віцебска

— Будучы ў ордэне, я абараніў дзве магістарскія дысертацыі, адна тычылася канцэпцыі адкрытага грамадства, другая — метадалогіі сацыяльных навук. Ужо тады я пераважна працаваў у галіне філасофіі і сацыяльных навук.

На жаль, крыху неразважліва паставіўся да інстытуту святарства. Прыняў святарскія пасвечанні, каб неўзабаве пераканацца, што гэта не мой усё ж шлях.

Пасля грунтоўнага самааналізу і малітваў прыняў рашэнне вярнуцца ў свецкі стан. Звярнуўся да папы рымскага аб адпаведным дазволе, і праз тры гады просьба была задаволена.

Паралельна я ўжо сустракаўся з Рэгінай, цяперашняй маёй жонкай. Вось так у выніку я стаў сямейным чалавекам.

Паралельна таксама пісаў доктарскую (эквівалент кандыдацкай) у Варшаўскім універсітэце.

— Да 2016-га я займаўся пераважна лінгвапрагматыкай і тэорыяй аргументацыі. Ужо на другім месцы былі сацыяльныя навукі.

У 2016-17 гадах у BISS ішоў да завяршэння праблемны праект, Reforum, і там наспяваў кадравы, фінансавы і арганізацыйны крызіс.

Рада BISS мусіла змяніць кіраўніцтва. Але знайсці сярод сфармаваўшыхся экспертаў па-за інстытутам жадаючых у той сітуацыі было складана. Некаторыя чальцы Рады перагаварылі са мной. Я жыў тады ў Польшчы і хацеў працаваць у Беларусі. На той момант (пачатак 2017-га) яшчэ не ведаў усяго маштабу праблемаў, перад якімі стаяў тады BISS. Ну і пагадзіўся.

У 2020-м Пётр Рудкоўскі атрымаў дыплом намінанта прэміі імя Святланы Навумавай. Фота Радыё Рацыя

— 2017-2018 — гэта час суцэльных выклікаў. Я ніколі не працаваў у НДА, адукацыйны бэкграўнд непаліталагічны, не належаў раней да экспертнай супольнасці. Ну, і маса праблемаў у самім BISS.

Дзякуючы стажыроўцы ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў у 2017-м я засвоіў прынцыпы экспертнай працы. Памножанае на мой адукацыйны бэкграўнд (лінгвапрагматыка, метадалогія), гэта дало ў выніку някепскі плён.

Вось так трансфармаваўся ў палітолага, дакладней, інтэрдыцыплінарнага даследніка грамадска-палітычных працэсаў.

З 2018 года пачалі прыходзіць у BISS людзі, некаторыя ў якасці сталых супрацоўнікаў, іншыя — часовых, іншыя — у якасці практыкантаў. У выніку сфармавалася новая каманда BISS і абноўленая канцэпцыя дзейнасці.

— Быць кіраўніком BISS цягам апошняга года азначала прайсці ментальную ломку. Да жніўня 2020 года агульная ўстаноўка інстытута была ўспрымаць беларускую палітычную сістэму па-магчымасці нейтральна.

Аналітыка, як правіла, вялася не праз прызму таго, як змяніць усю сістэму, а як спрыяць эвалюцыйнай, паступовай яе трансфармацыі.  Пасля жніўня 2020 гэта ўстаноўка згубіла актуальнасць.

Фота budzma.org

— Што да ўласнай бяспекі — на жаль, апынуўшыся перад абліччам крымінальнага пераследу, я вырашыў пакінуць Беларусь. Знаходзячыся ў Варшаве, пачуваюся ў бяспецы, але на душы вельмі балюча...

Нядаўна нарадзілася чарговая дачка, таму засвойванне экзатычнай мовы немаўля цяпер з’яўляецца асноўным хобі. Старэйшую, пяцігадовую, дачку вучу ангельскай мове і шахматам — чарговае хобі. А з жонкай абмяркоўваем першае і другое — гэта яшчэ адно хобі.

Усе гэтыя актыўнасці, трэба прызнаць, эфектыўна дазваляюць адарвацца ад цяжкіх навінаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(19)