Памёр гісторык Павел Лойка

22 кастрычніка 2010 г. на 53-м годзе жыцця памёр гісторык Павел Лойка. Пра гэта паведаміў старшыня ТБМ, гісторык Алег Трусаў. Па яго словах, апошнія дні жыцця Павел Алегавіч знаходзіўся ў коме.

Павел Лойка нарадзіўся 12 ліпеня 1958 года ў Слоніме ў сям'і паэта, пісьменніка Алега Лойкі. Гісторык, кандыдат гістарычных навук. Працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1994 года — загадчык кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў БДУ. Ён быў аўтарам першых з моманту здабыцця незалежнасці падручнікаў па гісторыі Беларусі, рэдактарам і складальнікам навуковых зборнікаў і манаграфій.

"У яго былі моцныя беларускія карані"

Гісторык Валянцін Голубеў распавядае пра сябра і калегу Паўла Лойку.

"Павел паходзіў з вельмі добрай беларускай сям’і са Слоніма. Калі мы пасябравалі, то я вельмі часта ездзіў з Лойкамі на іх малую радзіму. Яго дзеда, доктара, слонімцы памятаюць дагэтуль. Бацька Алег Антонавіч, наш паэт і пісьменнік, цудоўны чалавек. У Паўла былі моцныя беларускія карані. Ён яшчэ ў савецкія часы напісаў першы сапраўдны падручнік па гісторыі Беларусі. Ластоўскі напісаў свой напрыканцы 19-га стагоддзя, а Павел свой — напрыканцы 20-га. Настаўнікі плакалі ад шчасця, калі выйшлі тыя падручнікі. Як ён апісаў Аршанскую бітву! Толькі сёлета Мінадукацыі канчаткова выціснула тыя парасткі сапраўднасці з падручнікаў. А яны ж былі нацыянальныя, а не нацыяналістычныя.

Што тут сказаць, хутка мне абараняць доктарскую. Павел сам рыхтаваўся абараняцца, вычытаў маю працу, збіраўся прыйсці на абарону..."

***

Развітанне з Паўлам Лойкам адбудзецца ў нядзелю 24 кастрычніка па адрасе Адоеўскага, 81-31.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)