Памерла Валянціна Коўтун

30 красавіка ў Пінску на 66-м годзе жыцця памерла вядомая беларуская пісьменніца Валянціна Коўтун, паведамляе сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Валянціна Коўтун (сапр. Валянціна Новік), нарадзілася 6 красавіка 1946 г. у вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка.

У 1963 г. скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу, працавала піянерважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёна. У 1964 г. паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а з 4 курса перавялася ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (скончыла ў 1969).

Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (1969–1970), літкансультантам «Сельской газеты» (1970–1976). З 1976 г. — літсупрацоўнік, з 1979 г. — рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 г. — загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва», з 1990 г. — старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». У 1977—1980 гг. вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1976 г.

У друку выступала з 1966 г. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1986) за кнігу паэзіі «Метраном».

Рэдакцыя выказвае свае спачуванні родным і блізкім пісьменніцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)