Палякі спрачаюцца, ці запрашаць Лукашэнку на 600-годдзе Грунвальда

Канцылярыя польскага прэзідэнта Леха Качыньскага думае запрасіць Аляксандра Лукашэнку на святкаванне 600-годдзя бітвы пад Грунвальдам. «Гэта цудоўная нагода паказаць культурную і гістарычную еднасць народаў, якія разам перамаглі ворага», — кажа дарадца прэзідэнта Качыньскага Яцэк Сасін.

Саюз палякаў у Беларусі пагаджаецца, але з умовай, што беларускія ўлады легалізуюць яго дзейнасць.

Як нагадвае выданне "Metro", 15 ліпеня на Грунвальдскім полі пройдуць святкаванні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Туды будзе запрошаная прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Прыедуць, магчыма, прэзідэнты Украіны, Чэхіі ды Латвіі, бо іх продкі таксама змагаліся з крыжакамі пад Зялёным Гаем. А вось удзел беларусаў, чый унёсак у перамогу быў вельмі важкі, — пад пытаннем, бо лічыцца, што Аляксандр Лукашэнка мае дачыненне да палітычных пераследаў і знікненняў.

Павел Залеўскі, еўрадэпутат ад кіруючай партыі “Грамадзянская платформа” і былы кіраўнік камісіі Сэйму па замежнай палітыцы, лічыць, што з запрашэннем Лукашэнкі трэба пачакаць да апошняга моманту. Павел Коваль, еўрадэпутат ад апазіцыйнай “Права і справядлівасці”, зазначае, што “Лукашэнка не прытрымліваецца стандартаў дэмакратыі і не відаць, каб гэта змянілася. Няма падставаў яго запрашаць”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)