Класкоўскі: «На маю думку, цяперашняя Расія падпісала сабе смяротны прысуд»

Палітычны аглядальнік — пра верагоднасць ядзернага ўдару.

Аляксандр Класкоўскі

 

— Я ўжо чалавек немалады. Яшчэ памятаю Карыбскі крызіс. Я ў вёсцы жыў, быў малы, маіх бацькоў недзе ў клубе збіралі, вучылі шыць белыя маскі. Ну, гэта смешна, канешне. Якая там маска, калі бразнецца гэтая бомба? — успамінае Аляксандр Класкоўскі ў эфіры праграмы Обычное утро.

Гэта быў пачатак 60-х гадоў. Мы, малыя, нічога не разумелі. Маскі для нас асацыяваліся з карнавалам, з Новым годам.

Але вось цяпер, калі гэта адкручваць, я думаю, што дарослыя тады баяліся, але, па вялікім рахунку, Хрушчоў быў болей адэкватны, чым цяпер Пуцін, калі ўжо наўпрост так параўноўваць. Тады ж і гарачую лінію з Вашынгтонам усталявалі, і ішлі перамовы, і Хрушчоў вярнуў свае ракеты з Кубы дзеля таго, каб усё ж зняць гэтую напружанасць, і разрулявалі тую сітуацыю.

Брэжнеў увогуле сябе міратворцам падаваў. І Гарбачоў пачаў новую ў гэтым плане палітыку.

Таму савецкія правадыры на фоне Пуціна выглядаюць сапраўды такімі галубамі міру, хоць тады Савецкі Саюз быў значна мацнейшы за Расію.

Цяпер фактычна гэта рэгіянальная дзяржава. Калі паглядзець валавы ўнутраны прадукт, гэта ўзровень якой-небудзь Іспаніі.

Але ж яны пнуцца ўсё адно — гэта такія фантомныя болі імперыі. Ім крыўдна, што вось, нас перасталі паважаць. З-за гэтага ж Пуцін усё і пачаў. На ўзроўні «ты меня уважаешь?» — класіка жанру, так бы мовіць. Не паважаеце? Ну дык вось, мы ўдарым па Украіне. Мы калі што, дык і ядзерную зброю ўжывем.

Сапраўды, да 24 лютага многія сур’ёзныя аналітыкі казалі: ну, гэта Пуцін блефуе, ён не нападзе на Украіну. Думаю, што па вялікім рахунку, пагібельную гульню Пуцін для сябе пачаў. Хоць гэта не ў адзін момант, але, на маю думку, цяперашняя Расія падпісала сабе смяротны прысуд.

Захад, хоць ён і не надта адважны і храбры, але ён пакрысе дадушыць за кошт санкцый, за кошт тэхналагічнай сваёй перавагі. Таму што таксама там зразумелі: калі не спыніць Пуціна, усяму свету будзе капец.

Дык вось, з аднаго боку, цяпер небяспека ядзернай вайны большая, чым тады, у часы Карыбскага крызісу. Гэта сапраўды страшна, бо цяпер усе ўбачылі, што ў Крамлі, кажучы наўпрост, такія людзі, якія трошкі не сябруюць з галавой, адмарожаныя, груба кажучы, калі яны здольныя на такія авантуры, і ўсякае можа быць.

…Еўропа, Захад, дэмакратыя — усё гэта далёка не ідэальна. Гэта многія беларусы цяпер бачаць, якія змушаны ўцякаць ад турмы ў Еўропу. Шмат праблем, калі ты не ходзіш як турыст, а бачыш усе заднія двары Еўропы і недахопы дэмакратыі. Але тое, што адзін ці два тэрміны адбыў — усё, гуляй, Вася, які б ты ні быў. Як казаў некалі Чэрчыль, дэмакратыя — кепская форма кіравання, але лепшай чалавецтва не прыдумала.

А калі 25 ці 30 гадоў сядзіць чалавек, ён адрываецца ад рэчаіснасці. І мы бачым па абодвух гэтых правадырах, якія ў Сочы сустракаліся. Яны жывуць у сваім паралельным свеце. Таму і ад Пуціна ўсяго можна чакаць. Але я думаю, што, па-першае, Штаты яго, наколькі можна зразумець па закрытых каналах, папярэдзілі канкрэтна і патлумачылі, што можа быць. І я думаю, што гэта можа ацверазіць.

Таму што мы ўжо бачылі гэтую так званую другую армію свету. Насамрэч яна гнілая і няздатная ні на што, па вялікім рахунку. А цяпер проста гарматным мясам хочуць вырашыць лёс гэтай вайны, але таксама не думаю, што гэта ўдасца. Мяркую, што палова ядзернага арсеналу ўжо саржавела і не будуць узлятаць гэтыя ракеты.

Думаю, амерыканцы папярэдзілі канкрэтна. Кажуць пра розныя варыянты. Ці яны могуць патапіць чарнаморскі флот, ці ўвогуле Крым увесь…

Ну і ўрэшце рэшт, Пуцін можа дапускаць і такі варыянт, што не выканаюць ягоную каманду. І, можа быць, ведаеце, як было з некаторымі расійскімі імператарамі, калі табакеркай у скроню — і вырашана праблема. Асобная рэч, хто тады прыйдзе да ўлады.

Я не веру ў нейкія светлыя дэмакратычныя перспектывы Расіі, таму што калі казаць шчыра — гэта хворая краіна. Мы бачым, што там розныя людзі, але многія заражаныя імперскім вірусам.

Ну, праўда, цяпер гэтая мабілізацыя — такі момант ісціны. Адна рэч — са шклянкай гарэлкі сядзець каля тэлевізара як футбольны заўзятар і «хай яны дадуць у Сірыі, ва Украіне і гэтак далей», а іншая рэч — калі цябе самога выцягваюць, калі табе даюць іржавую каску, іржавы аўтамат — і ідзі ў акопы. Тут дурняў, я думаю, значна меней.

Яшчэ моцна могуць паслізнуцца на гэтай мабілізацыі, але ўвогуле Расія — гэта трагічны сюжэт, там я не бачу светлых перспектыў. Балюча, што Беларусь у такой татальнай прывязцы да Расіі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(41)