Общество

Палітвязынкі Беларусі сталі гераінямі календара

Партрэты 15 беларусак, асуджаных на самыя працяглыя тэрміны, з’явіліся на яго старонках.

Жнівеньская старонка каляндара палітвязынак прысвечана Галіне Дзербыш з Гродзеншчыны. Яна нарадзілася 5 жніўня і асуджана на 20 гадоў турмы

У кожным месяцы ёсць дні, калі ў палітзняволеных жанчын дні народзінаў. Як сказаць пра дзень народзінаў у турме? Яго святкуюць? Адзначаюць? Не заўважаюць? А калі тэрмін такі, што турэмных дзён народзінаў будзе не два і нават не тры?

Партрэты 15 беларусак, асуджаных на самыя працяглыя тэрміны, з’явіліся на старонках календара. Прыдумала яго гендэрная даследчыца Лена Агарэлышава, дызайн падрыхтавала былая палітзняволеная, дызайнерка Ганна Кісялёва, рэалізацыяй праекту займалася Яўгенія Доўгая і ініцыятыва «Палітвязынка».

Чаму важна ствараць арт-праекты пра палітзняволеных жанчын, стравальніцы растлумачылі для Telegram-канала Тётя Ира разрешила, піша Hrodna.life.

Старонка календара за красавік. У гэты месяц нарадзіліся Вольга Петух і Марыя Калеснікава. Вольгу асудзілі на 10 гадоў калоніі, а Марыю — на 11 гадоў

— Я пісала праект на адну асабістую даследчую стыпендыю і ўключыла туды каляндар, — кажа Алена Агарэлышава. — Даўно марыла пра такі — і вось ён.

— Адразу пагадзілася, калі Лена прапанавала ўзяцца за праект, — кажа Яўгенія Доўгая. — Падумала пра Ганну Кісялёву. Яна былая палітвязынка, дызайнерка, працавала ў паліграфіі. Ёй патрэбна была праца. Расказала Ганне, што хочам зрабіць каляндар з днямі народзінаў нашых палітвязынак — яна пагадзілася.

— Гэта было няпроста, — распавядае Ганна пра працу над календаром. — Я многіх дзяўчат ведаю асабіста. З Марынай Золатавай і Настай Лазарэнкай некалькі месяцаў на суседніх шконках…

Старонка календара за лістапад. Народжаная ў гэтым месяцы Кацярына Бахвалава асуджаная на 8, а Марына Золатава — на 16 гадоў.

Ганна Кісялёва адбыла прызначаны тэрмін пакарання — паўтара года — цалкам: «Восем месяцаў у СІЗА-1, потым на Антошкіна (Гомельская калонія). Шыла штонікі для сілавікоў».

Пасля калоніі Ганна заставалася ў Беларусі яшчэ месяц:

— Мяне не звольнілі. Я працягвала працаваць, была начальнікам аддзела дызайну ў адной буйной афсетнай друкарні Мінска.

Пакуль не пачалося пекла — пагрозы, праслухоўванне, выклікі ў СК, ціхары ля пад’езда. Прыйшлося эвакуявацца. У эміграцыі займалася фрылансам. Каляндар стаў адным з першых праектаў.

Старонка календара за люты з партрэтам Ксеніі Луцкінай, асуджанай на 8 гадоў калоніі

Афармленне календара зрабілі па-беларуску і па-англійску.

— Там коратка напісана пра кожную з іх [гераінь праекта — заўв. рэд.]. Мне важна было паказаць вось гэтыя жудасныя, дзікія тэрміны, на якія асудзілі жанчын — журналістак, праваабаронцаў, актывістак, — кажа Яўгенія Доўгая. — Зараз спасылка на каляндар ёсць у вольным доступе. Каб кожны мог раздрукаваць.

Марфа Рабкова і Наста Лойка нарадзіліся ў студзені. Гэта старонка календара з іх тэрмінамі 15 гадоў для Марфы і 7 — для Насты

Арт-праекты, на думку Яўгеніі Доўгай — адзін з варыянтаў праявы палітычнай волі, частка намаганняў, накіраваных на вызваленне палітвязняў.

На Instagram-старонцы ініцыятывы «Палітвязынка» ёсць апавяданні пра тое, як простыя рэчы дапамагаюць выжыць у турме.

— Такія пасты папулярныя, яны выклікаюць эмоцыі ў людзей, — кажа Яўгенія Доўгая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(12)