Палітолаг: «Галасаваньне мае значэньне, як любы крок, які спрыяе мабілізацыі»

Пётр Рудкоўскі на Радыё Свабода ацэньвае зварот Святланы Ціханоўскай.

Фота belcollegium.by

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Пётар Рудкоўскі ацэньвае зварот Ціханоўскай, лічыць яго чарговым крокам у агульнай стратэгіі і падкрэсьлівае: абвешчанае галасаваньне не адмяняе неабходнасьці вулічных пратэстаў, бо робіцца не ў процівагу ім, а на дадатак.

— У сваім звароце Ціханоўская заявіла пра старт агульнанацыянальнага галасаваньня дзеля пачатку перамоваў з уладамі. Ці можна гэта назваць адным з крокаў агульнай стратэгіі штабу Ціханоўскай, ці гэта асобны кропкавы ўдар?

— Гэта, безумоўна, частка агульнай стратэгіі. Выглядае, што некаторыя спадзяваліся пачуць у гэтым звароце Ціханоўскай нешта пераломнае новае — але нічога пераломнага ў ім не прагучала.

Зь іншага боку, калі б нехта задаў сабе пытаньне, а што тут можна прапанаваць узамен, то можна прыйсьці да высновы, што прапанаваць нейкі такі геніяльны плян з высокай імавернасьцю рэалізацыі цяпер немагчыма.

Многія рэчы, такія ключавыя чыньнікі, як Расея, сілавыя структуры, не залежаць ад нас, і мы ня маем на гэта асаблівага ўплыву.

— У некаторых першых камэнтарах я пабачыў думку, што сэнс абвешчанага Ціханоўскай галасаваньня ў тым, каб у нечым паўтарыць ліпень-жнівень, калі на розных плятформах адбываліся галасаваньні па кандыдатах у прэзыдэнты, і ў большасьці зь іх Лукашэнка атрымліваў некалькі працэнтаў. Гэта, сярод іншага, стала падставаў для таго, што 9 жніўня абураныя людзі выйшлі на вуліцы. Ці можа цяперашняе галасаваньне паўтарыць той жа эфэкт?

— У ідэі Ціханоўскай з галасаваньнем, відавочна, дзьве функцыі. Па-першае, мабілізацыя грамадзтва ў Беларусі, па-другое, уплыў на прыняцьце рашэньняў міжнароднымі партнэрамі.

Спадзявацца, што ўнутры Беларусі гэтае галасаваньне дасьць магутны эфэкт, такі, як быў у жніўні, — не выпадае. Тады дзейнічаў эфэкт навізны, грамадзтва адкрыла для сябе, што «нас большасьць», паўстае мэм пра 3 працэнты. Цяпер сытуацыя ўжо іншая.

Мнение: «Свидетельствует о стремлении штаба Тихановской не просто «плыть на волне»

Я застаюся прыхільнікам значнасьці любых, нават малых крокаў наперад. Усьведамляючы, што гэта ня стане магутным будаўнічым блёкам — але гэтае галасаваньне мае значэньне, як любы крок, які спрыяе мабілізацыі.

Тут будуць дзейнічаць і іншыя фактары — і дата 25 сакавіка, і эканамічны крызіс, і абурэньне рэпрэсіямі. Галасаваньне, прапанаванае Ціханоўскай, — адна з чарговых цаглінак.

— Ціханоўская ў сваім звароце падкрэсьлівала, што яна «сем месяцаў працавала, каб зрабіць гэтую заяву». Мелася на ўвазе найперш праца зь міжнароднымі структурамі і замежнымі палітыкамі. Чым у гэтым сэнсе дапаможа галасаваньне беларусаў, на якія новыя крокі пасьля яго можа пайсьці Захад?

— Будзе працягвацца масіраваны эканамічны, палітычны і пэрсанальны прэсінг дзеля таго, каб рэжым Лукашэнкі пайшоў на перамовы пад эгідай АБСЭ. Тое, што грамадзтва ў сваёй большасьці не падтрымала Лукашэнку і хоча палітычных зьменаў — гэта і без галасаваньня вядома.

Але галасаваньне дасьць дадатковы аргумэнт, што беларускае грамадзтва чакае большых дзеяньняў ад міжнароднай супольнасьці. Грамадзтва чакае скаардынаванай стратэгіі міжнароднага ціску на беларускі рэжым.

Зь іншага боку, на Захадзе хапае і сваіх праблемаў і выклікаў, таму я трошкі сумняюся, ці гатовыя яны столькі часу і рэсурсаў аддаваць беларускаму пытаньню.

— У гэтым звароце Ціханоўская пацьвердзіла прыхільнасьць курсу на мірны шлях вырашэньня беларускага крызісу. Пры гэтым у сацыяльных сетках, як падаецца, усе часьцей выказваецца расчараваньне выключна памяркоўнымі спосабамі барацьбы.

— Сьвятлана Ціханоўская адпачатку не функцыянавала як радыкальны палітык. І гэта спрацавала ўлетку ў мабілізацыйным пляне. Я сумняюся, ці мог бы хто-небудзь з больш рэзкіх палітыкаў, такіх як Статкевіч, так мабілізаваць грамадзтва.

Таксама вядомая міжнародная гістарычная статыстыка, што мірныя пратэсты прыцягваюць у сярэднім у 3–4 разы болей удзельнікаў, чым гвалтоўныя.

Вядома, многія беларусы на фоне абуральных рэпрэсіяў губляюць цярпеньне, і многія былі б гатовыя перайсьці да больш рашучых дзеяньняў — псыхалягічна гэта можна зразумець. Але гэта вельмі рызыкоўны варыянт.

Гэта дасьць падставы сілавым структурам дзейнічаць яшчэ больш жорстка, проста страляць па людзях. Таксама высокая рызыка, што ў такім варыянце Расея можа ўмяшацца.

— Некаторыя людзі таксама чакалі, што Ціханоўская нешта больш канкрэтнае скажа пра тое, што варта рабіць 25 сакавіка. Але яна фактычна абмінула гэтую тэму. Ці азначае гэта, што каманда Ціханоўскай вырашыла ня браць на сябе адказнасьць за тое, што адбудзецца 25 сакавіка ў Менску? Ці, магчыма, яшчэ будзе нейкі асобны зварот з гэтай нагоды?

— Магчыма, нейкі зварот яшчэ будзе, альбо гэтая тэма прагучыць у іншых заявах. Сёньняшні зварот Ціханоўскай — частка раней абвешчанай стратэгіі па прымушэньні беларускіх уладаў да перамоваў. Абвешчанае галасаваньне — гэта, вядома, адзін з самых бясьпечных спосабаў палітычнага ўдзелу.

І такі, які мае быць значным сыгналам для міжнароднай супольнасьці. Ціханоўскай было падкрэсьлена, што гэтае галасаваньне не адмяняе неабходнасьці вулічных пратэстаў, робіцца не ў процівагу ім, а на дадатак.

Гурневiч: «Прапанова Ціханоўскай – гэта не сіла і не слабасць, гэта разуменне рэальнасці»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:25)