Анастасія Зелянкова
Падземныя пераходы прыраўнялі да адміністрацыі прэзідэнта

Мінгарвыканкам даў дазвол на правядзенне 16 верасня “Вялікага джынсавага фэсту”, што будзе прымеркаваны да дню памяці зніклых у Беларусі людзей. Праўда, арганізатарам акцыі адмовілі ў шэсці, якое планавалася папярэдне ад Акадэміі Навук да парку “Дружбы народаў”.

— Гэта патлумачылі тым, што, згодна з існуючым палажэннем, маршрут не можа пралягаць бліжэй за 200 метраў ад метро і падземных пераходаў, — раказаў “Салідарнасці” намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч. — Адмову з такой фармулёўкай мы, шчыра кажучы, атрымалі ўпершыню. Раней нам не дазвалялі праводзіць шэсці хіба толькі за 200 метраў ад адміністрацыі прэзідэнта.

Плануецца, што падчас мітынгу, які пройдзе ў парку “Дружбы народаў”, выступяць лідэры дэмакратычнай кааліцыі, а таксама прадстаўнікі партыі БСДП (Грамада), кіраўніком якой з’яўляецца Аляксандр Казулін.

Арганізатары пакуль не спяшаюцца паведамляць, якія музычныя гурты будуць прымаць удзел у канцэрце. Але, калі верыць чуткам, гэтым разам прывычнага фармату не будзе: большасць груп-удзельніц складаецца з музыкантаў новай хвалі, “старыя” ж прадстануць у нечаканай іпастасі. Таксама стала вядома, што ідуць перамовы з вядомымі музыкантамі з Украіны, Расіі і нават дальняга замежжа.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)