Политика

Падпольная Беларусь. Аналітыкі абмяркоўваюць магчымы адказ грамадзтва на рэпрэсіі

Ці магчымая Беларусь за мяжой і з-за мяжы? Ці магчымы дыялёг паміж катамі і іх ахвярамі? На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў «Праскім акцэнце» на Радыё Свабода адказваюць палітоляг, старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Андрэй Лаўрухін і палітычны аналітык Павал Быкоўскі.

Быкоўскі

У нашай гісторыі ўжо былі пэрыяды пагромаў грамадзянскай супольнасьці, хоць яны і не былі такімі моцнымі, як цяпер.

Былі пэрыяды, калі перакрывалі каналы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці з-за мяжы.

Зараз закранулі далёка ня ўвесь спэктар грамадзянскай супольнасьці, закранулі тых, хто мог бы выказацца падчас палітычных кампаніяў, скажам, падчас рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі ці паглыбленьні інтэграцыі.

Паўлюк Быкоўскі

На мой погляд, размова ідзе пра структуры, якія заміналі ўладам у пэўны пэрыяд.

Я ня ўпэўнены, што такое шоў можна рабіць кожны дзень.

Апошнія ператрусы рабіліся дэманстратыўна жорстка. Навошта было ламаць дзьверы ў офісе Радыё Свабода, калі ён арандаваўся ў дзяржаўнага прадпрыемства?

Калі гэта інструмэнтальная рэч, то пасьля рэфэрэндуму гэтая кампанія перасьледу скончыцца.

Цэлыя структуры, якія цяпер эмігруюць, могуць працягваць сваю працу за мяжой, праўда, невядома, наколькі доўга.

Цяпер у беларускім рэжыме расколу няма. Але ён можа ўзьнікнуць, калі ў беларускую сытуацыю больш актыўна ўмяшаецца Расея.

Бок Ціханоўскай ня можа прапанаваць нічога, што было б цікавым прадметам торгу для Лукашэнкі.

І яму пакуль няма прычынаў уступаць зь ёй у дыялёг.

Масква спачатку рабіла розныя заявы, а потым сказала, што калі Менск захоча, то падтрымае любы дыялёг.

Цяпер адсутнічае сытуацыя, у якой дыялёг магчымы.

Магчыма, што артыкул Пуціна пра адзінства расейскага і ўкраінскага народаў тычыцца ня толькі іх, але і беларусаў.

У далёкай пэрспэктыве дыялёг, хутчэй за ўсё, будзе, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве будзе гандаль палітзьняволенымі.

Калі змаганьне зводзіцца да лабіяваньня на Захадзе, а ўнутры краіны яно фактычна замарожанае, то я ня бачу, што магло б падштурхнуць рэжым да перамоваў.

Лаўрухін

Наперадзе самаабнаўленьне грамадзянскай супольнасьці.

Папярэднія формы жыцьця грамадзянскай супольнасьці былі адкрытыя і шмат у чым наіўныя.

Зараз будуць зьяўляцца больш закансьпіраваныя, больш спрактыкаваныя формы дзейнасьці.

Андрэй Лаўрухін

Гэта будуць больш партызанскія формы дзейнасьці, і не ў фігуральным, а ў рэальным сэнсе.

У цяперашняй сытуацыі прэзыдэнт ня можа ўтрымліваць уладу іншым шляхам.

Ён нелегітымны, ён непрызнаны.

Адзіная форма ўтрыманьня ўлады для Лукашэнкі зараз — гэта ўзмацненьне рэпрэсіяў.

Ён ня можа абаперціся ані на эканамічны дабрабыт, ані нават на «ябацек», бо няма вобразу будучыні.

Лукашэнка зараз будзе атрымліваць дапамогу ад Расеі, толькі калі ён зможа заваяваць любоў «ястрабаў», большую нават, чым мае Пуцін.

Ён павінен паказваць, што ў яго больш «стальныя яйцы», чым нават у Пуціна.

Абмежаваньне тут толькі адно — што ўсё гэта нечага каштуе.

І ёсьць пытаньне ідэйнага абмежаваньня — а дзеля чаго гэта робіцца?

На гэтае пытаньне ва ўлады няма адказу.

У мяне ёсьць досьвед працы ў ЭГУ. І ён паказвае, як складана эміграцыйнай структуры захаваць сувязь з грамадзтвам мэтраполіі.

Гэта вельмі скажае оптыку, асабліва гэта тычыцца мэдыя-асяродзьдзя.

Цяперашняя хваля эміграцыі — самая вялікая з пачатку 90-х гадоў.

Гэта стварае прынцыпова іншую сытуацыю за мяжой, гэта вядзе да стварэньня паўнавартаснай дыяспары са сваёй інфраструктурай.

Абапіраючыся на гістарычны досьвед, у тым ліку і больш жорсткіх сутыкненьняў, можна сказаць, што нават грамадзянскія войны сканчаюцца мірам.

У Гішпаніі пасьля Франка каты і ахвяры знайшлі агульную мову.

Ці будзе адплата катам? Вось у гэтым я ня ўпэўнены.

Беларусы, мы, не гатовыя біцца.

Мы гатовыя быць хутчэй ахвярамі і дапамагаць ахвярам.

Суровы, але аптымістычны факт, што ў Беларусі ніводнага сьмяротнага прысуду за палітыку.

Гэта пакуль «чырвоная лінія» для ўлады.

СССР — гэта быў унівэрсум. У Беларусі гэтага няма, і гэта немагчыма.

Што было раней

14 ліпеня сілавікі правялі ператрусы ў офісах праваабарончых ды іншых няўрадавых арганізацый, а таксама па месцы жыхарства праваабаронцаў.

Пасьля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя грамадзкія дзеячы і актывісты, якія рашэньнем праваабарончай супольнасьці прызнаныя палітычнымі вязьнямі:

Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны»

Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны»

Валянцін Стэфановіч, сябра рады «Вясны»

Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст

Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны» (на волі)

Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны» (на волі)

Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны»

Марына Статкевіч, былая сябра «Вясны»

Яўгенія Бабаева, праваабаронца (на волі)

Ніна Лабковіч, дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band

Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюзу з Полацку (на волі)

Сяргей Мацкевіч, цэнтар «Супольнасьць» (на волі)

Сілавікі рабілі ператрусы ў праваабаронцаў у Берасьці, Горадні, Воршы, Мазыры, Гомлі, Полацку, Барысаве, Смаргонях. Зь ператрусам прыйшлі ў арганізацыі: Праваабарончы цэнтар «Вясна», Фонд імя Льва Сапегі, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацыі, у фонд «Имена», BEROC, у офіс руху «За свабоду», у офіс лябараторыі «Новак», Офіс дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі «ЮларКансалт», у офіс Партыі БНФ і да эканаміста Яраслава Раманчука.

З 8 ліпеня ў Беларусі пачалася хваля рэпрэсій у адносінах да журналістаў.

Хваля рэпрэсій працягнулася, у наступныя 10 дзён прайшлі 63 ператрусы ў супрацоўнікаў СМІ і рэдакцыях.

Затрыманыя дзевяць супрацоўнікаў СМІ:

Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы»

Андрэй Скурко, кіраўнік аддзелаў рэклямы і маркетынгу «Нашай Нівы»

Андрэй Дынько, галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя»

Вольга Раковіч, бухгальтар «Нашай Нівы» (адпусьцілі 16 ліпеня)

Ігар Ільяш, «Белсат»

Алег Грузьдзіловіч, пазбаўлены ў 2020-м акрэдытацыі МЗС Беларусі журналіст Радыё Свабода

Інэса Студзінская, пазбаўленая ў 2020-м акрэдытацыі журналістка Радыё Свабода

Алесь Дашчынскі, пазбаўлены ў 2020-м акрэдытацыі журналіст Радыё Свабода

Ганна Галёта, «Белсат».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(11)