Общество

Па дзяржпрадпрыемствах рассылаюць папяровую версію «Жоўтых зліваў». З парушэннем закона

Адказам на блакаванні сайтаў незалежных выданняў і праблемы з распаўсюдам газет пасля выбараў стала з’яўленне ў Беларусі шматлікіх самвыдатаў, піша Наша Ніва.

1 верасня, напрыклад, выйшаў першы нумар «Сумленнай газеты» з пазіцыянаваннем «Пра тое, што не пакажуць па ТБ». Свае партызанскія лісткі з’явіліся ў многіх раёнах Мінска, у рэгіёнах.

Газета мінскай Серабранкі

2 красавіка выйшаў ужо 31-ы нумар «Сумленнай газеты», і тут, па традыцыі са спазненнем, прачнулася прапаганда. Праўладны зліўны тэлеграм-канал, які ўхваляе жорсткія метады сілавікоў і папулярызуе перадачы прапагандыстаў кшталту Рыгора Азаронка і Юліі Арцюх, пачаў выпускаць свой варыянт «сумленнай» прэсы.

Калі ў арыгінальным варыянце газета наўпрост перадрукоўвае інфармацыю з правераных крыніц і СМІ — ад навінаў да інтэрв’ю, то варыянт «Жоўтых зліваў» — чакана жоўты, без стрымлівання ў абразах і ўкідах. Чаго толькі варты дэбютны «жарт» пра спартоўку Аляксандру Герасіменю, якая нібыта «ад’ела сабе твар у Вільні». Брудна, калі ведаць, што Аляксандра цяжарная. Агулам жа лісток амаль цалкам транслюе кантэнт сумніўнага тэлеграм-канала.

Зробленая «газета» нібыта спецыяльна неахайна, але прэтэнзіі нават не да школьнай вёрсткі. Згодна з «Законам аб СМІ», любы самвыдат накладам больш за 299 асобнікаў павінен быць афіцыйна зарэгістраваны. А наклад праўладнай газеты значна большы — яго ўжо пачалі прымусова распаўсюджваць на дзяржаўных прадпрыемтвах. Па вертыкалі прыходзіць ліст з патрабаваннем размясціць яго на інфармацыйных стэндах.

Хто аўтар гэтага самвыдату? Невядома, бо на ім адсутнічаюць любыя намёкі на выходныя звесткі — ні замоўцы, ні назвы друкарні, ні накладу.

Юрысты адзначаюць, што стваральнікі трапляюць пад артыкул 23.5 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб СМІ» — незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Парушэнне цягне на штраф у памеры ад 20 да 30 базавых велічынь з магчымасцю канфіскацыі газет.

Цікава, як будзе змагацца з гэтым самвыдатам МУС, з улікам таго, як актыўна затрымліваюць распаўсюднікаў «пратэснага друку».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(33)