Някляеў — пра сыход Віталя Макея з МЗС: «Ну і што застаецца рабіць сыну?»

Паэт і палітык — пра магчымыя матывы.

«Віталь Макей, сын міністра знешніх спраў Уладзіміра Макея звольніўся з канторы бацькі, — піша Уладзімір Някляеў. — На просьбу журналістаў спраўдзіць гэтую інфармацыю сказаў: «Я ўстрымаюся ад адказу. Спадзяюся на ваша разуменне».

Адказаў як дыпламат і як сын дыпламата.

Сталася гэта пасля лукашэнкавай «інаўгурацыі», з нагоды якой былая кантора Віталя Макея, якой не толькі наша, але і чыё б там ні было разуменне абсалютна па барабане, заявіла: «Беларускі народ не мае патрэбы ў «легітымізацыі» сваёй улады з боку саманазваных факультатыўных «легітыматараў».

Як фальшыва і як зняважліва!

Ну, і хто гэтыя факультатыўныя «легітыматары»? Ды ўсялякая драбяза кшталту ўраду ЗША і краінаў Еўразвязу ўключна з кіраўніком дыпламатычнага ведамства ЕЗ, якія не прызнаюць легітымнасці Лукашэнкі і называюць фарсам ягоную інаўгурацыю.

Заява МЗС з гэтай нагоды – працяг гэтага фарсу. Ну і што застаецца рабіць сыну, калі гэтым займаецца ягоны бацька? Хіба толькі на наша разуменне спадзявацца.

P.S. Дарэчы, ёсць у мяне адно недапісанае апавяданне.

Сюжэт (я Быкаву яго, між іншым, расказваў, пытаў, які б ён напісаў фінал?) такі.

Сярэдзіна вайны. Хто пераможа, не ўгадаць. Але трэба на нейкі бок ставаць, пасярэдзіне быць не выпадае. І бацька дамаўляецца з сынам, што ён (бацька) ідзе ў паліцыі, а сын у партызаны. І будуць глядзець, чыя возьме. Фашысты перамогуць, бацька сыну зратавацца дапаможа, саветы – сын бацьку…

Не буду казаць, які фінал параіў мне напісаць Быкаў. І ўстрымаюся ад адказу, чаму я пра гэта ўвогуле ўспомніў?.. Спадзяюся на ваша разуменне».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(119)