БНР-100
Сямён Печанко

«Нуль значнасці». Як у Карэлічах стагоддзе БНР «адзначылі»

Паказальны выпадак пра сапраўднае стаўленне ўладаў да гістарычнай падзеі.

23 сакавіка ў Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася лекцыя на тэму 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна была ўнесена ў сакавіцкі план масавых мерапрыемстваў.

На лекцыі прысутнічаў мясцовы краязнаўца Аляксандр Самец, які расказаў пра пабачанае і пачутае «Салідарнасці».

Па яго словах, абвестак пра інфармацыйную гадзіну, прысвечаную стагоддзю БНР, у Карэлічах было не знайсці. Не пабачыў іх ён ні ў раённай газеце, ні ў самой бібліятэцы.

— Былі толькі афішы, якія заклікалі наведаць у той дзень «Вечер поэзии. Стихия слова» ды канцэрт шансона ад Аляксандра Каралёва.

У выніку, як сцвярджае краязнаўца, на мерапрыемства прыйшлі супрацоўнікі музея, бібліятэкі, райвыканкамаўскія работнікі — выпадковых слухачоў амаль не было.

Вяла сустрэчу галоўны ідэолаг раёна Іна Санчук, лекцыю чытала супрацоўніца мясцовага краязнаўчага музея Марыя Белянова, якая ўзначальвае раённую арганізацыю Камуністычнай партыі Беларусі. Абедзьве выступалі па-руску.

— Сэнс прамовы Белановай зводзіў да нуля значнасць БНР у справе станаўлення незалежнасці Беларусі. Гэта была такая прасавецкая аднабаковая падача інфармацыі, — падзяліўся ўражаннямі Аляксандр Самец.

Па яго словах, у лекцыі куды больш месца было адведзена гісторыі стварэння БССР, бальшавіцкай арміі, першым савецкім кіраўнікам — Кнорыну, Мяснікову, Ландару. І менш за ўсё — уласна гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. А сапраўдным днём незалежнасці лектарка назвала 3 ліпеня 1944 года.

Лекцыя заняла не больш за двадцаць хвілін, сцвярджае наш суразмоўца. Пасля гэтага прысутным прапанавалі задаваць пытанні.

— У мяне было сем пытанняў да дакладчыцы, але Іна Санчук, пачуўшы мяне, дала мне ўсяго тры хвіліны. Хоць у астатніх не было пытанняў. А заадно забараніла мне павіншаваць прысутных са стагоддзем, і не дала раздаць людзям налепкі з выявай «Пагоні».

Уразіла Аляксандра Самца і тое, што ён пачуў у часе мемарыяльнага мерапрыемства з нагоды 75-годдзя знішчэння Хатыні. Ладзілі яго вышэйпамянёныя Іна Санчук і Марыя Белянова.

— Вёску Ярэмічы, падпаленую партызанамі 16 красавіка 1943-га, яны аднеслі ў лік ахвяраў фашысцкага рэжыму. За амаль 74 гады пасля вызвалення раёна можна было паўнавартасна даследаваць пытанне і вызначыцца з колькасцю страт мірнага насельніцтва. Хто, калі, за што і колькі спаліў вёсак і хутароў. Цікава, ці будуць наладжаныя хоць якія мерапрыемствы з нагоды 75-годдзя забойства і спалення партызанамі сям’і настаўніцы Чарноўскай з вёскі Варонча, у тым ліку яе цяжарнай нявесткі? Сем’яў Ракач і Шэўка, дзесяць чалавек, з якіх шасцёра былі дзецьмі, забітых партызанамі з атрада Міцькі Дзенісенкі на Тарасаўскіх хутарах у жніўні 1943-га? — задаецца пытаннем Аляксандр Самец, якія апошнія гады вывучае ў архівах гісторыю парызанкі на тэрыторыі Карэліччыны.

«А ў згарэлай хаце пад сталом знайшлі расстраляных дзяцей…»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)