«Нікога не бянтэжыць, што ёсць нацыянальная бібліятэка, нацыянальны музей культуры, нацыянальны мастацкі музей»

Мастак Максім Осіпаў — пра складнікі культуры і нацыяналізм.

— Трэба разабрацца, што такое складнік нацыі і перадусім нацыянальнай культуры. Тут у мяне ёсць штосьці накшталт метафары, — кажа Макім Осіпаў у інтэрв’ю «Е*рарадыё». — Мяне асабіста трыгерыць, калі я чую, што трэба захоўваць культуру, прымнажаць яе, што людзі ўспрымаюць пад культурай пэўны зрэз відаў мастацкай дзейнасці: музыку, выяўленчае мастацтва, літаратуру.

Калі браць метафару, то гэта торт, які ўпрыгожылі адпаведнымі ружанькамі. З чаго складаецца торт — не важна. Тут такі момант, што ружы можна зрэзаць і паставіць хрызантэмы.

Атрымліваецца, што роля мастацтва нейкая дэкаратыўная, нават прэзентацыйная. Для мяне гэты змест небяспечны тым, што мастацтва не бярэ на сябе амбіцыю ўплываць на аснову, на якой яно жыве — яно быццам у нейкай бурбалцы існуе, хочаш — глядзі, хочаш — не.

Таму мне больш блізка метафара, што культура — гэта клумба. Ёсць зямля з адпаведнымі складнікамі, з яе растуць кветкі. Кветкі — гэта мастацтва. Яны не будуць расці, калі зямля не таго складу. Каб яны раслі, трэба ўвесь час штосьці рабіць з зямлёй.

Культура — гэта больш складаная штука. Мастацтва — сукупнасць таго, што нас акружае. Там ёсць складнік палітычнай культуры, культуры зносін, адносін да прыроды, сям’і, дзяцей, сусвету, саміх сабе.

То бок гэта вельмі шмат складнікаў, якія ўплываюць адзін на аднаго, і ўсе разам яны ствараюць культуру.

Таксама мастак паразважаў наконт тэрміну нацыяналізму.

— Чаму ўзнікла тэма, што нацыяналізм — гэта штосьці страшнае? Карані гэтага тэрміну, дзе ў яго выраслі рогі, бяруцца ў постімперскіх альбо імперскіх краінах. То бок Германія і Расійская імперыя.

У апошняй нацыяналізм сапраўды — гэта шкода. Бо калі твая краіна саткана з процьмы маленькіх народаў, а ты такая велізарная гаргара і ў любы момант можаш пасыпацца, нацыяналізм — гэта сігнал, што ад цябе зараз штосьці адваліцца. Таму нацыяналізму адразу дамалёўваюць рогі і ставяць знак роўнасці, нацыяналізм роўна нацызм.

То бок нікога не бянтэжыць, што ёсць нацыянальная бібліятэка, нацыянальны музей культуры, нацыянальны мастацкі музей і г.д., — заключае Осіпаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(21)