«Не паспелі мы зайсці ў кватэру, як на ўсіх тэлефонах спрацавала экстранае апавяшчэнне тэрмінова схавацца ў бамбасховішчах»

Чытач «Салідарнасці» Алег Барадзін распавёў, як дзейнічалі ізраільскія ўлады падчас іранскай атакі.

Алег Барадзін

— Я некалькі хвілін таму як вярнуўся з працы, і мая сям'я мяне сустракала каля дома. Не паспелі мы зайсці ў кватэру, як на ўсіх тэлефонах спрацавала экстранае апавяшчэнне ад камандавання тылу тэрмінова схавацца ў ахоўных зонах — бамбасховішчах з інструкцыяй па выратаванні жыццяў і паводзінах у дадзенай сітуацыі. 

Такія смскі атрымлівалі жыхары Ізраілю падчас іранскай ракетнай атакі

Прагучала 11-я сірэна.  Пакуль сядзім у мамадзе (бамбасховішчы).  У нас ён знаходзіцца ў кватэры ў выглядзе асобнага пакоя, які мы выкарыстоўваем пад гардэроб.  Тоўстыя бетонныя сцены, жалезныя ўзмоцненыя дзверы і акно, абароненае сталёвым бронелістом таўшчынёй 15 мм.

Так выглядае бамбасховішча ў кватэры Алега Барадзіна

Мы ў Ашдодзе. У нас пакуль ціха, начное неба чыстае.  Толькі ўдалечыні чуваць выбухі ад перахопаў іранскіх ракет.

Камандаванне тылу заклікае дзейнічаць адказна і захоўваць спакой, абавязкова прытрымліваючыся інструкцый.

Паўгадзіны сям’я Алега Барадзіна правяла ў бамбасховішчы.

— У 19.29 была першая атака, у 19.50 апошняя. 10 хвілін пачакалі яшчэ і выйшлі, — кажа суразмоўца «Салідарнасці». — Пасля ізноў хаваліся, бо адбылася другая хваля атак, якая хутка скончылася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(8)