Политика

Навумчык: «Сытуацыя з размяшчэньнем ядзернай зброі ў Беларусі значна больш горшая: да зваротнага ўдару ня дойдзе»

Беларусь як мішэнь прэвэнтыўнага ядзернага ўдару.

— Пачатак разьмяшчэньня тактычных ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі дэвальваваў меркаваньні тых, хто лічыў ранейшыя заявы пра гэта ўсяго толькі «прапагандысцкім ходам Крамля» і, што натуральна, зрабіўся галоўнай тэмай, — піша палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Так, Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй заяве адзначыла, што ядзерная зброя — «ніякі не «парасон», які абароніць ад небясьпекі. Гэта ў першую чаргу мішэнь, цэль для зваротнага ўдару».

Сытуацыя, аднак, значна больш горшая: да зваротнага ўдару ня дойдзе, не адбудзецца нават удару з Беларусі: разьмешчаная на яе тэрыторыі ядзерная зброя будзе зьнішчаная ПРЭВЭНТЫЎНЫМ ядзерным ударам (разам з усім, што будзе знаходзіцца паблізу гэтай зброі. Зь людзьмі — таксама).

Гэта — азы ядзернай вайны: перавага ў таго, хто першы нанясе ўдар па ядзерных аб’ектах праціўніка.

На прэвэнтыўны характар удару зьвяртае ўвагу ў сваёй заяве і Рада БНР, нагадваючы, што «Рада БНР рэгулярна папярэджвала заходні сьвет, што ігнараваньне праблемаў Беларусі непазьбежна прывядзе да ўсталяваньня на тэрыторыі краіны вайсковай прысутнасьці Расеі, мэтай якой будзе пагроза Эўропы і ўсяму сьвету».

Рада БНР — не адзіная ў гэтым сэнсе, яшчэ раней увагу на выкарыстаньне Беларусі менавіта як вайсковага палігону зьвяртаў Зянон Пазьняк. Варта прыгадаць таксама, што ў 1993 годзе дэпутаты БНФ блякавалі далучэньне Беларусі да АДКБ, заяўляючы, што гэта ўцягне краіну ў арбіту вайсковых’ інтарэсаў Расеі.

Прыкметная дэталь: пытаньне пра АДКБ ў парадак дня сэсіі ВС вясной 93-га унёс дэпутат Лукашэнка — здавалася б, якая справа дырэктару беларускага саўгасу да маскоўскага вайсковага ўплыву на былыя савецкія рэспублікі?

Аднак сумна ня толькі тое, што ні Пазьняк, ні Рада БНР не былі своечасова пачутыя.

Паказальна (ва ўсякім выпадку, такую выснову можна зрабіць з рэакцыі ў першыя гадзіны пасьля заявы пра «завоз» у Беларусь ядзерных боепрыпасаў), што заходнія камэнтатары адзначаюць адсутнасьць колькі-небудзь сур’ёзнага ўплыву наяўнасьці ядзернай зброі ў Беларусі на канфігурацыю эўрапейскай бясьпекі.

Фармальна, гэта слушная заўвага: дастаткова зірнуць на карту, каб зразумець, што наяўнасьць ядзернай зброі ў Калінінградзкай вобласьці куды больш небясьпечная для Бэрліну ці Варшавы, ня кажучы пра Парыж ці Лёндан, чым калі яна знаходзіцца пад Лепелем ці Паставамі.

Але за ўсім гэтым неяк выпадае з увагі беларускі народ. Які робіцца (падкрэсьлім гэта яшчэ раз) мішэньню менавіта ПРЭВЭНТЫЎНАГА ядзернага ўдару, прычым на самых раньніх стадыях геапалітычнага атамнага канфлікту.

Паўстае і тэма Будапэшцкага мэмарандуму, якім «вялікія краіны» давалі гарантыі Беларусі ў знак прызнаньня за рашэньне аб вывадзе зь яе тэрыторыі ў пачатку 90-х ядзернай зброі, якога гэтак актыўна дамагаліся ад Менску Захад і асабліва ЗША.

Вываду, прыгадаем, без усялякіх палітычных умоваў і патрабаваньняў матэрыяльных кампэнсацый (апошняе, на мой суб’ектыўны погляд, было памылкай, за што я, як дэпутат ВС, які галасаваў за тое рашэньне, бяру на сабе сваю долю адказнасьці. Адзіным дэпутатам, які, падтрымліваючы бяз'ядзерны статус і вывад зброі, тым ня менш, раіў не сьпяшацца і ўсё дакладна пралічыць, быў Пазьняк).

А ўвогуле, які раз пераконваешся: зробленая паслуга — ужо не паслуга. У тым сэнсе, што забываецца ўжо назаўтра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(39)