Навумчык: Незалежнасць застаецца, нягледзячы на ўсе высілкі Масквы і яе мясцовых халуёў

Журналіст і дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ скліканьня — пра тое, ці «згубілі мы краіну».

– На словы «Згубілі мы краіну», «Няма ўжо Беларусі» і падобнае – адкажу гэтак, – піша Сяргей Навумчык. – Не, не згубілі мы краіну. І Беларусь – жыве.

«Мы» – гэта нацыянальна арыентаваная частка беларусаў. Так, стварыўшы краіну (дамогшыся Незалежнасьці ў 1991-м і заклаўшы да 1994-га падмуркі дзяржаўнасьці), мы ня маем улады.

Сяргей Навумчык

Але мы ніколі і ня мелі ўлады. Усё, што было створана, было дасягнута насуперак уладзе, насуперак большасьці ў Вярхоўным Савеце і, што ўжо тут прыхоўваць, – насуперак жаданьням статыстычнай большасьці насельніцтва (якому ніколі не давалі магчымасьці зрабіцца народам, у тым ліку і пужаючы «нацыяналістамі»).

Зробленае ў 1991 – застаецца. Беларусь застаецца дэ-юрэ незалежнай краінай. І гэта галоўнае. І маючы далёкія ад аптымізму меркаваньні адносна доўгатэрміновасьці дыктатуры, я ні на сэкунду не сумняюся, што гэтая незалежнасьць захаваецца.

А тым, хто лічыць, што незалежнасьць – гэта неістотна, раю расказаць пра гэта прадстаўнікам народаў, якія ня маюць сваёй дзяржаўнасьці. Напрыклад, курдам – народу, колькасна ў два ці тры разы большага за беларусаў, які дзесяцігодзьдзямі толькі марыць пра тую ступень рэальнай сувэрэннасьці, якая застаецца ў Беларусі сёньня.

Застаецца, нягледзячы на ўсе высілкі Масквы і яе мясцовых халуёў. І менавіта канстатацыя гэтага, разам зь верай, гучыць сёньня ў воклічы, за які кідаюць за краты і катуюць людзей – «Жыве Беларусь!».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(86)