Навумчык: «Многія прыцягнулі з сабой у эміграцыю «русский мир» — такое адчуваньне, што не задавальняў іх выключна толькі Лукашэнка»

Палітычны аналітык — пра моўную сітуацыю ў краіне і па-за яе межамі.

— Толькі 16% гараджанаў (ад Менску да райцэнтраў), паводле апытаньня «Палітычнай сфэры», выказалася за перавод школаў на беларускую мову, — піша Сяргей Навумчык. — Камэнтатары зьвязваюць гэта з тым, што беларуская мова зусім неабавязковая для прафэсійнага ды кар’ернага росту.

Сяргей Навумчык

Яно і праўда: што ўжо казаць пра дзяржустановы ў несвабоднай Беларусі, калі ў вольным сьвеце цяперашні працэс фармаваньня г.зв. Каардынацыйнай рады адбываецца пераважна (ды якое там «пераважна» — на 99%) па-расейску. А ніхто ж, здаецца, беларускую мову ў Літве, Польшчы ці на амэрыканскім кантынэнце не забараняе, так?

Мне цяжка пакуль уявіць функцыі гэтай структуры, але падаўляючае дамінаваньне рускай мовы, падобна, перадвызначанае. Наколькі вядома, там прыдумалі нейкія крытэрыі, прапорцыі ды цэнзы для фармаваньня, але вось веданьня дзяржаўнай беларускай мовы сярод іх няма (калі я нічога ня блытаю). А навошта?

Увогуле, аналізуючы сытуацыю ў дыяспары (28 гадоў уласнай эміграцыі для гэтага дастаткова), прыходжу да высновы, што калі да 2020 палітычна актыўная частка дыяспары была пераважна беларускамоўнай, дык цяпер яна рускамоўная.

Заўсёды казаў, што дыяспара адлюстроўвае, у больш ці менш роўнай прапорцыі, становішча ў метраполіі. Моўная сытуацыя тут не выключэньне. Гэта зразумела, і тут не павінна быць ілюзій.

І ўсё ж, падаецца, тры гады — дастатковы тэрмін, каб хаця б лідары «новай апазыцыі», лідары меркаваньняў, прафэсійныя палітычныя камэнтатары маглі нарэшце зразумець і асэнсаваць, што галоўная прычына трагедыі 1994 году — нізкая нацыянальная сьвядомасьць асноўнай часткі насельніцтва. І прадэманстраваць гэтае разуменьне ўласным прыкладам.

Не. Многія прыцягнулі з сабой у эміграцыю «русский мир» — такое адчуваньне, што не задавальняў іх выключна толькі Лукашэнка, ўсё астатняе (у тым ліку і нацыянальная дыскрымінацыя беларусаў, а можа, у першую чаргу яна) — было ok.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(108)