Навумчык: «Маючы ня горшыя, чым у суседзяў умовы на старце незалежнасьці, Беларусь «прасядала» толькі па адным»

Публіцыст і былы дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання — пра тое, чаму без мовы не пабудаваць нацыянальную дзяржаву.

— Ня маю жаданьня ў чарговы (соты? тысячны?) раз дэбатаваць з тымі, хто ставіць пад сумнеў прыярытэт беларускай мовы, — піша Сяргей Навумчык. — Мяне толькі зьдзіўляе, як шмат 2020 год вылучыў людзей, якія бяруцца вызначаць шляхі разьвіцьця Беларусі, ня ведаючы элемэнтарных фактаў яе гісторыі, ігнаруючы (прычым дэманстратыўна) беларускую мову — і пры гэтым зьбіраюць шматтысячную аўдыторыю.

Ну, пэўна, я чалавек старой фармацыі і зразумець новыя часы мне ня дадзена.

Сяргей Навумчык

І ўсё ж, прывяду пераканаўчы аргумэнт у адказ на заявы, што «неважно, какой язык, главное — демократически ценности и правовое государство».

Сьведчу: дэпутат ад 310-й Шклоўскай выбарчай акругі А.Р. Лукашэнка ў сваіх публічных выступах (і на сэсіях ВС, і ў прэсе) казаў пра дэмакратыю, вяршэнства права і свабоду слова не нашмат менш, чым дэпутаты БНФ.

Але я ня памятаю ад яго ніводнага выступу па-беларуску.

Праўда, пра саму беларускую мову дэпутат Лукашэнка казаў, і не аднойчы. Але толькі ў адным, даволі своеасаблівым разуменьні: права свабоднага выбару мовы навучаньня, што ў кантэксьце тагачаснай сытуацыі азначала скасаваньне статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай (ён за гэта выступаў адкрыта і пасьлядоўна, патрабуючы зьменаў у прыняты папярэднім Вярхоўным Саветам у студзені 1990-га Закон аб мовах).

Гэта ніяк не насьцярожыла Ганчара і Булахава, якія ў 1994 выступілі асноўнымі ініцыятарамі вылучэньня Лукашэнкі ў прэзыдэнты (Ганчар нават запатрабаваў зьняць узроставую плянку з 40 да 35 гадоў), што ўпісалася ў стратэгічныя мэты Масквы. Зрэшты, ад іх я таксама ня чуў выступаў па-беларуску.

І вось надышлі першыя (і апошнія) прэзыдэнцкія выбары.

У якой заўгодна краіне (нават з устойлівымі, шматгадовымі дэмакратычнымі традыцыямі) людзі могуць паверыць ашуканцу, паддацца папулізму Але Беларусь — здаецца, адзіны прыклад у гісторыі чалавецтва, калі народ абраў сваім лідэрам чалавека, які адкрыта грэбаваў яго мовай.

Выбаршчыку, перш чым галасаваць за Лукашэнку, трэба было задаць сабе адно простае пытаньне. Толькі адно: а чаму ён ніколі не гаворыць па-беларуску?

Але гэтага пытаньня ў тых, хто за яго прагаласаваў, ня ўзьнікла.

Такое немагчыма ўявіць у нашых суседзяў — у Літве, у Латвіі, у Польшчы, ва Ўкраіне, у Расеі. Такое немагчыма ўявіць нідзе.

Маючы ня горшыя, чым у суседзяў (а ў пэўных выпадках — і значна лепшыя) умовы на старце незалежнасьці, Беларусь «прасядала» толькі па адным — узроўні нацыянальнай сьвядомасьці. І якраз гэты фактар і адыграў фатальную ролю.

Вось ужо больш як 30 гадоў — пасьля таго, як у 1995-м нацыянальна-дэмакратычныя сілы ў выніку сфальшаваных «выбараў» былі выштурхнутыя на маргінэз, — я чую: «Надо всё или почти всё так, как у БНФ, но — с русским языком. Беларуского языка народ не примет».

Але, як бачым, «русский язык» цягам трох дзесяцігодзьдзяў да палітычнага посьпеху аўтараў такіх падыходаў не прывёў.

Дык, можа, ня варта адмаўляцца ад мовы продкаў?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)