Навумчык: Гандаль людзьмi працягваецца?

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык — пра шок кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля, што фота ягонай сустрэчы з Лукашэнкам патрапілі ў прэсу.

— Па яго словах, была дамоўленасьць, што журналістаў ня будзе, — пiша Сяргей Навумчык. — Яму самому давялося расказаць некаторыя падрабязнасьці сустрэчы, у тым ліку і пра тое, што па тэме вызваленьня некаторых зьняволеных Лукашэнка пагадзіўся, а па некаторых — катэгарычна адмовіў.

Можна меркаваць, што ў другім выпадку гаворка ідзе пра палітычных і грамадзкіх лідэраў — Бабарыку, Калесьнікаву, Севярынца, Статкевіча, Ціханоўскага, а таксама журналістаў і блогераў (сёньня 200 дзён, як за кратамі знаходзіцца кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, ён працягвае галадоўку, за кратамі працягвае знаходзіцца Кацярына Андрэева з «Белсату» і іншыя журналісты). Лукашэнка разглядае іх як сыстэмных палітычных ворагаў.

А вось пагадзіцца ён мог на вызваленьне асуджанай на 2,5 гады калёніі за нібыта «гвалтоўны супраціў» міліцыі грамадзянкі Швэйцарыі (Фазэль таксама швэйцарац) Натальлі Хэршэ. І гэта быў бы своеасаблівы гандаль: вы даеце згоду на чэмпіянат у Менску, я — вызваляю вашу грамадзянку.

У мінулым Лукашэнка ўжо вызваляў палітвязьняў узамен на адмену санкцый. Ды і нядаўняе вызваленьне паліттэхноляга з амэрыканскім пашпартам абышлося дзярждэпартамэнту ЗША ў размову з Лукашэнкам чацьвёртай асобы ў краіне. Па цяперашніх часах міжнароднай ізаляцыі афіцыйнага Менску — няблага.

З улікам таго, што тэма адмены чэмпіянату ў Менску гучыць са жніўня — ня выключана, што такі неадэкватна суровы прысуд для грамадзянкі Швэйцарыі быў вынесены з разьлікам менавіта на такі варыянт.

Разьлік, трэба прызнаць, слушны: свабода для ачаравальнай жанчыны — тое, што можа крануць сэрца міжнародных чыноўнікаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(30)