«Надта доўга выбудоўвалася сцяна абалваньвання»

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Уладзімір Някляеў уручыў пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы выбітным асобам. Паэт асабіста наведаў народную артыстку Беларусі Зінаіду Бандарэнку, паэта Рыгора Барадуліна і пісьменніка Уладзіміра Арлова.

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін:

- Някляеў – даўні мой сябра, самы лепшы цяпер паэт, празаік, прасцей кажучы, пісьменнік першага класа. Па-другое, Някляеў мысліць глабальна, хоча навесці парадак, каб Беларусь стала годнай краінай.

- Рыгор Іванавіч, што вы асабіста чакаеце ад гэтай кампаніі?

- Пры такой растаноўцы сіл чакаць нечага харошага не выпадае. Я не веру ў тое, што нешта зменіцца – надта ж доўга выбудоўвалася сцяна абалваньвання. …Можа, чулі анекдот?

Бабка кажа:

- Хачу ў Беларусь.

- Дык ты ж у Беларусі жывеш!..

- Не, я хачу ў тую Беларусь, якую па тэлебачанню паказваюць…

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:

- Я вельмі даўно ведаю Някляева: у свой час разам з ім мы зрабілі вельмі шмат цікавых перадач на нашым тэлебачанні. Веру ў яго сумленнасць, чысціню, адукаванасць… Веру ў яго інтэлегентнасць, якая павінна перамагчы тое хамства, якое пануе пры сённяшняй уладзе.

Паэт Генадзь Бураўкін:

- Я падтрымліваю Уладзіміра Някляева, бо добра ведаю, што гэта вельмі разумны, разважлівы і таленавіты чалавек. Больш за тое, я ведаю яго як чалавека, у якога ёсць свае прынцыпы, чалавека, які не баіцца выпрабаванняў. Някляеў не толькі вельмі ўдала можа выступіць з прамовай, але і ўважліва слухае іншых людзей. Я добра памятаю гісторыю з чэшскім прэзыдэнтам Вацлавам Гавэлам і быў бы вельмі рад, каб гэты сцэнар паўтарыўся ў нас.

Пісьменнік Віктар Казько:

- Я лічу Някляева вартым і здольным нешта перамяніць. Я веру ў яго талент і калі б сумняваўся ў ім, то і не ўвайшоў бы ў гэтую ініцыятыўную групу. Я бачыў яго ў працы: чаго толькі стоіць усталяванне валуна на магіле Васіля Быкава! А часопіс “Крыніца”! Ды пад рэдактарствам Някляева гэта быў адзін з самых моцных літаратурных выданняў таго часу! У наш час трэба некаму ўсё ж такі варушыць гэтае жыццё. І Уладзімір Някляеў як ніхто здольны на гэта.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў:

- Падтрымліваю таго, каму веру. Я веру Уладзімру Някляеву. Калі ў 1997 годзе падчас палітычнай чысткі выдавецтва “Мастацкая літаратура” я быў звольнены з фармулёўкай “за выпуск исторической и другой сомнительной литературы” і па сутнасці атрымаў “воўчы білет”, Уладзімір Някляеў узяў мяне на працу ў рэдагаваны ім часопіс “Крыніца”. Ведаю, што за гэта яго, далікатна кажучы, не пахвалілі.

Дарэчы, тая “Крыніца” 1990-х, якую неўзабаве ўлада ўсё роўна знішчыла, застанецца ў гісторыі як, бясспрэчна, найлепшы беларускі літаратурны часопіс 20 стагоддзя. Мне смешна чуць або чытаць, што Някляеў, маўляў, “здасць беларускую мову і культуру”. Ён – выдатны беларускі паэт, а цяпер і празаік. Беларуская мова – гэта ягонае жыццё, яго літаратурны і чалавечы лёс.

Вы скажаце, паэт і палітык – розныя паняцці? Але ёсць такая рэч як каманда. Мэтанакіраванасць і рашучасць Уладзіміра Някляева памножаная на каманду безумоўна даюць яму шанец нават ва ўмовах звышдэмакратычных беларускіх выбараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)