На судзе па замове Таццяны Хомы прадстаўнік БДЭУ прачытаў “лекцыю”
Заўтра, 11 красавіка, суд Завадскога раёна павінен вынесці вердыкт па пазове былой студэнткі Таццяны Хомы да Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта.
Сёння ў судзе ўвесь дзень працягвалася першае пасяджэнне па гэтай справе. Дзяўчына патрабуе адмены рэктарскага загаду аб яе выключэнні з навучальнай установы і аднаўленні на чацвёртым курсе факультэта міжнародных адносінаў.
Нагадаем, пасля ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі ў Францыі “Нацыянальныя студэнцкія аб’яднанні Еўропы” студэнтка Таццяна Хома была адлічана з БДЭУ з-за “самавольнага выезду за мяжу і адсутнасці на занятках цягам трох дзён”. Дзверы універсітэта не адчыніліся перад Таццянай ні пасля яе скаргі ў Міністэрства адукацыі, ні пасля зваротаў еўрапейскай грамадскасці разам з пасламі краін Еўразвязу ў Беларусі да рэктара ўніверсітэта Уладзiмiра Шымава.
Падчас сённяшніх слуханняў суддзя цікавілася прычынамі выключэння Хомы з БДЭУ, яе поспехамі. Таксама высвятлялася, прычым, пакрокава, што рабіла Таццяна падчас знаходжання ў Францыі, а таксама пасля вырятання ў Беларусь. Адвакат Хомы назваў загад аб выключэнні студэнткі беспадстаўным. Універсітэцкі юрыстконсульт, у сваю чаргу, заявіў, што Таццяна Хома сістэматычна прапускала заняткі. Акрамя таго, прычыну выключэння студэнткі прадстаўнік універсітэта звязаў з парушэннем прэзідэнцкага дэкрэта № 3, скіраванага на барацьбу з гандлем людзьмі, і нават прачытаў “лекцыю” на гэты конт.
— У суддзі было шмат пытанняў, — паведаміла “Салідарнасці” Таццяна Хома. — Але яна без эмоцыяў слухала выказванні абодвух бакоў. Таму я нават не ўяўляю, якое будзе агучана рашэнне па маёй пазове.
Заўтрашняе пасяджэнне пачнецца ў судзе Завадскога раёна ў 11.30.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное