Беседка
Руслан Гарбачоў

«На гэтай вайне абодва бакі абстрэльваюць адзін у аднаго з мінамётаў, а пасля лістуюцца ў «Вконтакте»

Беларусі пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, аўтар бліскучай кнігі «Музы і свінні», распавёў «Салідарнасці» пра сваё жыццё ў Чачні часоў Дудаева, Маскве 90-х і сучаснай Украіне.

– Паводле адукацыі я музыка, скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе фартапіяна. Аднак вырашыў змяніць музыку на літаратуру. Па-першае, так атрымалася, што я зламаў палец. Па-другое, усё ж музыкам мала плацяць.

Працаваў у часопісе «Крыніца», адкуль у мяне засталіся добрыя адносіны з яго першым рэдактарам Уладзімірам Някляевым, у дзіцячым часопісе «Бярозка», намеснікам рэдактара ў газеце «Культура», якую ўзначальвала Вольга Міхайлаўна Іпатава. Пасля працаваў у Беластоку ў газеце «Ніва». Увогуле жыццё шмат мяне куды закідвала. Пабыў нават у Грозным часоў Дудаева. Нічога, між іншага, паганага пра яго сказаць не магу. Тое, як паказвалі ў Расіі пра дудаеўскі Грозны, – тое самае, як зараз расійская тэлевізія расказвае пра Украіну.

– Як вас занесла ў Чачню?

– У Тбілісі, куды я трапіў па сямейных абставінах, распачалася грамадзянкая вайна. Адзіным месцам, куды ў той момант можна было з’ехаць, з’яўляўся Ерэван. Але і са сталіцы Арменіі ў Менск паляцець было немагчыма. Тады мы прыгадалі нашага агульнага знаёмага ў Грозным (заможнага і вельмі культурнага чачэна) і адправіліся на самалёце да яго.

Па вечарах я абсалютна спакойна хадзіў па прыватным сектары – па цыгарэты ці яшчэ што. У мяне, праўда, пыталіся, хто я па нацыянальнасці. Я адказваў, што беларус, і расказваў, да каго прыехаў. «Хорошо, иди дорогой».

Што датычыцца зверстваў за часамі Дудаева. Я быў сведкам наступнай гісторыі. Чачэнскія бандыты (крымінал ёсць у кожнай краіне) ўварваліся ў кватэру, дзе жыла руская сям’я. Усіх пастралялі з аўтаматаў, забралі золата і грошы. Забойцаў затрымалі суседзі – іншыя чачэны. Сабралася рада старэйшын, выклікала сваякоў забітых рускіх, дала ім у рукі аўтаматы, паставіла рабаўнікоў да сценкі – «страляйце». Рускія адмовіліся. Тады чачэны самі застрэлілі забойцаў. Я разумею, што гэта сярэднявечча і дзікунства. Але з тых часоў у тым раёне злачынстваў не было.

– Працавалі вы ў 90-я і ў Маскве. Што вам запомнілася з тых часоў?

– 1995 год. Выхад са станцыі метро «Лубянка». На тратуары ляжаць двое забітых каўказцаў. Па тварах бачна, што бандыты. Людзі праходзяць міма і, можна сказаць, нават не звяртаюць на гэта ўвагі – звычайная справа.

У Маскве я працаваў, у тым ліку, з выдавецтвам «Вагриус». Гэта былі яго залатыя часы, яны толькі раскруцілі Пялевіна і Радзінскага. Я займаўся там рознымі рэдакцыйнымі справамі. 1996 год. Пялевін з выдаўцом Глебам Успенскім ехаў, як звычайна, таксоўкай. Іх спынілі менты, невядома за што паклалі мордамі на асфальт, папіналі нагамі. Ва Успенскага ў сябрах быў тагачасны міністр унутраных спраў Кулікоў. Ён злаўчыўся таму датэлефанавацца, і Кулікоў сам прыехаў іх вызваляць. Пялевін пасля казаў: затое цяпер мент, які мяне біў, стане літаратурна адукаваным.

Масква ў той час была падзелена паміж крымінальнымі групоўкамі. У пэўны перыяд я кантактаваў з адвакатам адной з іх. У яго кабінеце вісела вялізная мапа Масквы, падзеленая на каляровыя сектары: зялёны (80%), жоўты (15%), чырвоны (5%). Адвакат патлумачыў: зялёны сектар – зона, дзе хабары бяруць ва ўсіх судах, я магу пазваніць і мне назавуць суму: адкупіцца можна хоць пры забойстве. Жоўты сектар – там дзе праз некага трэба выходзіць на суддзяў. Чырвоны – там дзе хабар не бяруць.

Пазней крымінальны сцяг перахапіла ФСБ, сёння многія стараюцца мець фсбэшны дах. Калі будзеце ў Маскве і патрапіце на дзень чэкіста, то звярніце ўвагу, на якіх машынах ездзяць звычайныя апера. 

Масква – гэта злая фантасмагорыя. Жыць там і не выпіваць немагчыма. Неяк працаваў з даволі вядомым рэжысёрам, паехалі мы з ім дарабляць сцэнар. Я, як законапаслухмяны беларус, прыйшоў на сустрэчу, як дамаўляліся, у 11. Яго няма. Праз гадзіну знаходжу яго. Сядзіць рэжысёр на самоце і бухае. Пытаю: а як жа праца? Адказ: у мяне дэпрэсія, ідзем я табе таксама налью. Але я фізічна не магу піць так рана.

У апошнія гады працаваў з маскоўскім выдавецтвам «ЭКСМО», але з нядаўніх часоў перастаў, бо людзі там, прабачце, пашалелі з ідэалагічных прычынаў.

– Што вы вынеслі з досведу працы над расійскімі серыяламі і фільмамі?

– На тэлеканалах распрацавана цэлая сістэма адкатаў. Скажам, на НТВ ёсць грамадская рада. Ёй прапаноўваюць набыць серыял, і ад яе залежыць, пойдзе ён у эфір ці не. Далей расказваць? Яшчэ адна замаскаваная форма хабару – на серыял бярэцца са-прадусар з рады тэлеканала, які, канешне, нічога не робіць.

Адрозненне паміж серыялам і вялікім кіно – як паміж карцінай сур’ёзнага мастака і малюнкамі на шпалерах. Серыял звычайна здымаецца з першага, максімум другога дубля. Калі ў вялікім кіно за 9-гадзінны працоўны дзень можна зняць максімум дзве хвіліны матэрыялу, то для серыяла – паўгадзіны. Серыял часцяком здымаецца вельмі танна, да прыкладу, толькі на дзве камеры.

Разам з тым бюджэт адной серыі складае мільён даляраў. Сёння па маёй інфармацыі вытворчасць 90% расійскіх серыялаў прыпынена. Няма грошай.

У Чарнігаве вы жывяце ўжо 18 гадоў. Як змяніліся горад і краіна за апошні час?

– За час антытэрарыстычнай аперацыі (так званай, бо насамрэч гэта поўнамасштабная вайна) людзі адкрылі ў сабе нечаканыя пакліканні. Палкоўнік СБУ з Львова раптам становіцца платным інфарматарам ДНР. А рускамоўны хлопец-афіцыянт ідзе добраахвотнікам і становіцца кібаргам.

У тых жа ДНР і ЛНР, скажам, грузчык з бакалеі і алкаш можа нечакана стаць віцэ-прэм’ерам. Дарэчы, мала хто ведае, што кіраўнік ЛНР Платніцкі сам захадэнец.

З аднаго боку ўсё перакулілася з галавы на ногі. З іншага – экстрэмальная сітуацыя праясняе чалавечую сутнасць. Калі чалавек працуе афіцыянтам, гэта не азначае, што ў душы ён афіцыянт. І калі чалавек 10 разоў на дзень выкрыквае «Слава Украіне!» гэта не азначае, што ён не можа стаць платным інфарматарам. 

Увогуле гэтая вайна шмат у чым фэйсбучная. Магу распавесці гісторыю, якая здарылася з маім добрым знаёмым з мясцовых беларусаў, якіх тут даволі багата. Хлопцу 23 гады, ён абаронца луганскага аэрапорта (не данецкага). Выпілі мы з ім па кілішку і ён расказвае: «Ведаеце Ўладзіслаў Ігаравіч, я вось гэтымі рукамі з гранатамёта падарваў рускі танк. Павылазілі гэтыя кацапы, я паклаў іх з кулямёта. Як трупы звезлі, сфатаграфаваўся каля танка, выклаў здымак у сацыяльнай сетцы. І што вы думаеце? 21 лайк. А тыдзень таму, калі я павесіў фота з голай дзяўчынай у ваннай, сабраў 45 лайкаў. Дзе справядлівасць?».

На гэтай вайне абодва бакі могуць абстрэльваць адзін у аднаго з гранатамётаў і мінамётаў, а пасля лістуюцца ў «Вконтакте».

– Здорава мы вам ўрэзалі.

– Слухай, а ў вас такі-та ёсць у палоне?

– Ёсць.

– А як бы абмяняць яго?

– Ну, давай сустрэнемся.

– А ты раптам не стрыечны брат такога-та?

– Ну. А што?

– О, дык я з тваім братам у адну школу хадзіў.

– Кантакты ў сацсетках – гэта, на вашу думку, добра ці дрэнна?

– Мы прызвычаліся, што вайна – гэта тое, як яна апісваецца ў Рэмарка («на Заходнім фронце без пераменаў») ці ў Быкава. Цяпер вайна – зусім іншае. З аднаго боку (вайсковага) кантакты ў сацыяльных сетках – гэта мінус: шарагоўцы могуць раскрыць таямніцу (колькі людзей стаяць на блокпосце, якое маюць узбраенне, калі ў іх змена). З іншага боку ідзе ачалавечванне ворага. Калі кантактуеш з чалавекам у Facebook ці «Вконтакте», то разумееш, што ён не дэман, не фашыст, што ў яго ёсць сям’я, якую ён любіць. 

– Чым вы займаецеся ў народным апалчэнні арганізацыі «Подільська січ»?

– Гэта грамадская арганізацыя, а не баявое фармаванне. Усіх падрабязнасцяў не маю права раскрываць. Але адно з нашых мерапрыемстваў было такое: ездзілі да адміністрацыйнай мяжы з Крымам, завезлі памежнікам гуманітарную дапамогу.

– Якое зараз мірнае жыццё ў Чарнігаве?

– Усё працуе, вось пляж, людзі загараюць, купаюцца. Практычна нічога не змянілася. Безумоўна, у Чарнігаве ёсць свае ватнікі, але іх можа 10-15% і яны сядзяць ціха.

Жонка працуе юрыстам у рыэлтарскай канторы і рэгулярна сутыкаецца з прыезжымі з Данбасу. Па яе ацэнках каля 60% з іх – прадстаўнікі жахлівага «рускага міру». Такія з’яўляліся ў канторы са словамі: «Слышь, ты, малая, че-то не понял, тут че все на мове? Бандеровцы у вас тут?». Але ў іх на працы ёсць здаровы дзядзька (як шафа), які задаваў ім пытанне ў адказ: «Кому не подобається наша мова – скажіть будь ласка?». Пасля гэтага прыезджыя супакойваліся і сыходзілі, а жонка абзваньвала знаёмых рыэлтараў: зараз да вас прыйдуць з Антрацыта, не засяляйце іх, калі ласка.

Аднак не варта думаць, што ўсе данецкія – выключна ватнікі, што ўсе яны раўлі за Расію. Гэта толькі часткова адпавядае праўдзе. Я асабіста ведаю з Данецку трох вельмі прыстойных людзей – рускамоўных і ўкраінскамоўных. Усе яны былі вымушаныя адтуль з’ехаць.

Цікава, што Марыупаль быў яшчэ больш ватным месцам за Данецк, там маглі пабіць за ўкраінскую мову. Але пасля таго, як баявікоў выбілі адтуль, яны проста падагналі пад горад «Грады» і «Ураганы» і пачалі яго гасіць. Кум нядаўна быў у Марыупалі і сказаў: паспрабуй зараз проста выйсці з пад’езда з георгіеўскай стужкай – разарвуць на часткі.

На жаль, не змянілася жыццё ва Украіне і ў тым плане, што засталася шалёная карупцыя. Нават у войску. Скарумпаваны блокпост за змену можа зарабіць паўтары мільёны грыўняў. Ведаю гэта ад чалавека, які стаяў на суседнім блокпосце.

– Няўжо Майдан не прымусіў змагацца з карупцыяй?

– Трэба вельмі багата часу. Саакашвілі чатыры гады спатрэбілася, каб выправіць сітуацыю ў Грузіі. А Украіна ў некалькі разоў большая за яе. Баюся, што тут увогуле цяжка будзе спыніць карупцыю, бо вельмі распаўсюджана такая з’ява як кумаўство. Ёсць украінская прымаўка, што лепш пасварыцца з братам, чым з кумам (хросным бацькам дзіцяці).

Уявіце сітуацыю: следчы генпракуратуры мае доказы, што вось гэты таварыш бярэ хабар, але той прыходзіцца дваюрадным братам яго кума. У следчага ніколі не павярнецца рука таго абвінаваціць. Мы бачым пад нагамі толькі траву, а ў зямлі схавана пераплеценая карнявая сітэма. Тое самае ва ўкраінскім грамадстве: тут хто каму кум, хто каму сват, хто каму хрэснік...

– Дзень Волі ў гэтым годзе вы адзначалі з мясцовымі беларусамі...

– Калі памятаеце, БНР вызначала мяжу Беларусі амаль што да Чарнігава. Сёння прынамсі ў чатырох раёнах Чарнігаўскай вобласці (Рэпкінскім, Менскім, Барзнянскім, Прылукскім) кажуць мовай вельмі набліжанай да беларускай. Астатняя Чарнігаўшчына называе іх ліцвінамі. Не таму, што яны начыталіся Ермаловіча, так называюць спрадвеку.

Дык вось у Чарнігаве ёсць нармальныя беларусы, якія вырашылі адсвяткаваць Дзень Волі разам. Да нас з віншаваннямі прыйшлі ўкраінцы з «Самаабароны». З нашым сцягам і пад воклічы «Жыве Беларусь!» мы прайшлі па вячэрняму Чарнігаву. Людзі на прыпынках не ведалі, як адказваць, таму інтыітыўна выкрыквалі: Пуцін – х...ло!

Ужо 18 год тут жыву і праблем з-за таго, што я беларус, што размаўляю па-беларуску, ніколі не меў. Вось такія тут «фашысты», разумееце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)