Политика
Руслан Гарбачоў

На «Чарнобыльскі шлях-2009» запрашаюць прыйсці чытачоў незалежнай прэсы

«Пакуль мы спыніліся на тым, што на нашы акцыі не ходзяць нават чытачы незалежнай прэсы. Але седзячы дома і гледзячы Інтэрнет нешта змяніць не магчыма», — адзначыў сябра аргакамітэта пра правядзенні акцыі «Чарнобыльскі шлях-2009» Віктар Івашкевіч.

Заява на правядзенне традыцыйнай акцыі «Чарнобыльскі шлях» павінна быць пададзена у Мінгарвыканкам у чацвер. У аргкамітэт правядзення шэсця ўвайшлі палітыкі Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька.

Заяўнікі просяць гарадзкія ўлады дазволіць дэманстрантам збор у нядзелю, 26 красавіка, у 12.00 каля Акадэміі навук і шэсце праспектам Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа, а адтуль — да Чарнобыльскай капліцы, што на рагу вуліц Карастаянава і Арлоўскай.

— Справа ў тым, што вучастак вуліцы Сурганава ад праспекта Незалежнасці і Акадэміі навук не прыдатны для прахаджэння вялікай колькасці людзей (гэтым маршрутам прайшло шэсце ў мінулым годзе. — Аўт.) — там знаходзіцца стаянка машын, тратуар не шырокі, — расказаў «Салідарнасці» намеснік Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. — Маршрут, які мы прапанавалі, можа падавацца колам, але ўсё ж гэта самы кароткі адрэзак да чарнобыльскай капліцы.

Па словах Віктара Івашкевіча «Чарнобыльскі шлях-2009» пройдзе пад некалькімі лозунгамі. Па-першае, гэта традыцыйнае патрабаванне да ўлад прыняць неабходныя меры для абароны людзей ад радыёактыўных прадуктаў. Па-другое, будзе звернута ўвага на несвоечасовае (ці ўвогуле непатрэбнае) будаўніцтва АЭС у Беларусі. Па-трэцяе, будзе заўлена пра недастатковую сацыяльную абарону людзей падчас эканамічнага крызісу.

— Улады да гэтага часу не распрацавалі праграмы аб тым, як далей развіваць нашу эканоміку і як зменшыць пакуты людзей падчас крызісу, — адзначыў Віктар Івашкевіч.

Намеснік Партыі БНФ спадзяецца, што акцыя 26 красавіка будзе больш паспяховай, чым Дзень Волі:

— Агітацыю да акцыі 25 сакавіка вяла Партыя БНФ і часткова АГП. Зараз жа ў падтрыхтоўцы шэсця павінны прыняць удзел усе дэмакратычныя сілы, у тым ліку і «Рух за Свабоду».

Разам з тым Віктар Івашкевіч адзначыў, што ад палітычных партый залежыць не ўсё.

— Не бывае такіх цудаў, калі не падрыхтаваныя да акцый пратэсту людзі, якія дома ціха разгадваюць сканворды, нават з-за цяжкіх эканамічных умоў раптам выйшлі б на плошчу. Іх трэба разварушыць, а адным актывістам палітычных партый з гэтым не справіцца. Трэба каб на вуліцу выйшлі дэмакратычна настроеныя грамадзяне, якіх у Мінску як мінімум трэць, — адзначыў Віктра Івашкевіч. — Але пакуль мы спыніліся на тым, што на нашы акцыі не ходзяць нават чытачы незалежнай прэсы. Таму карыстаючыся нагодай, хацеў бы запрасіць чытачоў «Салідарнасці» і іншых выданняў прыйсці на «Чарнобыльскі шлях». Не магчыма нешта змяніць толькі седзячы дома і гледзячы Інтэрнет.

Між тым яшчэ адзін «Чарнобыльскі шлях» плануецца правесці 26 красавіка ў Гомеле. Як паведаміў «Салідарнасці» старшыня АГП Анатоль Лябедзька, у гэтым годзе было прынята рашэнне пашырыць геаграфію правядзення вулічных акцый за межы мінскай кальцавой дарогі, і ў Гомеле мясцовыя актывісты ўжо рыхтуюць заяву ў гарвыканкам на правядзенне акцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)