Кино

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

На Berlinale — прэм’ера фільму «Кураж» пра беларускія пратэсты

Рэжысёр Аляксей Палуян — пра страшныя і чуллівыя моманты падчас здымак і рэакцыю гледачоў.

Аляксей Палуян. Фота:aliaksei.paluyan / Facebook

Дакументальная карціна «Кураж» Аляксея Палуяна, што паказвае падзеі мінулага жніўня ў Менску, дасягнула небывалага для беларускага кіно поспеху на кінафестывалі класу А. На Berlinale яе залучылі ў прэстыжную секцыю «Berlinale Special» і намінавалі на ўзнагароду «Найлепшы дакументальны фільм».

Онлайн-паказ стужкі адбыўся на фестывалі яшчэ ў сакавіку, сёння ж на Berlinale пройдзе публічная прэм’ера «Куража». У кулуарах кажуць, яна выклікае большы рэзананс, чым нават фільм адкрыцця.

На паказ 11 чэрвеня прыедуць Святлана Ціханоўская і Святлана Алексіевіч, якія разам з нямецкаю прадзюсаркаю Зымонэ Баўман і самым Аляксеем Палуянам возьмуць удзел у дыскусіі, дзе паразважаюць пра ролю творцы ў аўтарытарнай сістэме.

Перад прэм’ераю «Белсат» пагаварыў з рэжысёрам фільму.

– «Кураж» быў паказаны ўжо на некалькіх фестывалях, у тым ліку публічна. Ты заўважыў інтарэс да тэмы беларускіх пратэстаў?

– Так, інтарэс вялікі, асабліва ў краінах, якія падтрымліваюць Беларусь, ён вельмі адчуваецца, напрыклад, у Польшчы ці Нямеччыне. А пасля здарэння з самалётам «Ryanair» цікавасць яшчэ большая.

Пэўны час праходзілі толькі онлайн-паказы, а нядаўна я пабачыў, як гэты фільм глядзяць беларусы. Што было ў Кракаве… Людзі так плакалі! Там былі траўмаваныя беларусы, якія пабывалі на Акрэсціна, якія ўцякалі з краіны праз лясы.

У адной дзяўчыны – я нават не ведаў, што рабіць, – падчас прагляду была ці то панічная атака, ці то яна так перажывала. Я ледзь стрымаўся ад таго, каб падысці і прапанаваць дапамогу, але ўсё ж разумеў, што не варта ўваходзіць у асабістую прастору гледача.

З аднаго боку, такая рэакцыя сведчыць, што ў фільме ёсць праўда, з другога боку, гэта рэальна жарсць. Усведамляеш, што дажылі: беларусы ратуюцца праз украінскія лясы, праз краіну, дзе вайна.

– Якое пытанне гледачоў табе запомнілася найбольш?

– Кожнае другое пытанне – як беларусам можна дапамагчы. Я адказваю, што, на мой погляд, найлепшая дапамога – гаварыць пра нас як мага больш. Расказваць сябрам, глядзець фільмы пра Беларусь, чытаць навіны. Каб Беларусь была паўсюль.

А ў Кіеве адзін хлопец спытаў, ці я адмыслова ўвасобіў у героях тры шляхі развіцця беларускай рэвалюцыі. Маўляў, Марына паказвае жаночы шлях, Павел увасабляе мірны пратэст, а Дзяніс – брутальны і радыкальны. Я кажу: «Ведаеце, не было такой мэты, але інтэрпрэтацыя цікавая».

– Ты не думаў, што першапачатковая мэта – паказаць творцу ў беларускіх умовах – хоць і адышла на задні план, усё ж дасягнутая? Самым кантэкстам: афіцыйным ігнараваннем «Куража» і тым, што ўсе тры героі з’ехалі з краіны.

– Згодны, да гэтай тэмы ўсё роўна вяртаешся, таму мы і будзем разважаць пра гэта са Святланаю Ціханоўскай і Святланай Алексіевіч на панэльнай дыскусіі. Без адказу на пэўныя пытанні мы не зможам асэнсавана працаваць у культуры далей. Цяпер і ў грамадстве, і ў творчым асяроддзі адбываецца змена пакаленняў, і для сябе я намагаюся знайсці нейкі арыенцір.

Я выкінуты з беларускага кантэксту, цяпер у мяне няма магчымасці быць у ім нават фізічна – і мне трэба зразумець, як з гэтым жыць, як выбудоўваць працу. І так, гэты фільм, дый не толькі фільм, змяніў жыццё герояў. Цяпер яны не могуць быць у Беларусі. Яны яшчэ думаюць, што гэта на месяц ці два, і самі не разумеюць, што гэта надоўга.

Марына (акторка Свабоднага тэатру Марына Якубовіч) з’ехала нядаўна, яна яшчэ такая эйфарычная, а па Дзянісе і Пашы (акторы Свабоднага тэатру і музыкі гурта «Разбітае сэрца пацана» Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі) адчуваецца, як рэальнасць гэтую эйфарыю здзірае.

Мы думаем над тым, каб нейкім адсоткам ад продажу квіткоў, калі будзе дыстрыбуцыя фільму, падтрымліваць герояў. Я адчуваю адказнасць за тых, з кім працаваў.

– А ўмовы для творцы ў Беларусі і твой ад’езд у Нямеччыну звязаныя?

– Не, я ж з’ехаў зялёным студэнтам, я тады нават не разумеў, што такое мастацтва і што такое кіно. Я і цяпер гэтага не разумею, бо што такое восем гадоў у індустрыі…

Аляксей Палуян (справа). Фота: aliaksei.paluyan / Facebook

– Давай прагаворым, як трансфармавалася ідэя фільму.

– Калі я адчуў, што ў краіне нешта адбудзецца, нейкая эскалацыя, давялося паламаць галаву над тым, як звязаць тэатр і пратэст. І мне прыйшла ідэя паказаць кантраст паміж жывым супрацівам на падпольным узроўні, дзе мастакі кажуць тое, што казаць нельга, і нежывою, штучнаю вуліцай.

Таму ў Менску мы рабілі безэмацыйныя агульныя планы, але ў жніўні ў гэтую прастору, дзе ўсё забаронена і страшна нешта сказаць, выйшлі людзі – і пайшла эмоцыя, мы пачалі заглядваць у вочы, шукаць кадры, на якіх падзеленае грамадства.

– У «Куражы» пратэст 2020 года становіцца ў шэраг безвыніковых ранейшых пратэстаў ці яго гісторыя яшчэ пішацца?

– Усё яшчэ пішацца. Для мяне фінал не песімістычны, як нехта сказаў, гісторыя пакуль не завершаная. Перад канцоўкаю мы бачым хмару людзей, дзе сабраліся сто ці дзвесце тысячаў. Фільм вось пра гэтую хмару, пра тых, хто хоча, але не можа, і пару соцень «чорных», якія могуць, але не хочуць.

Пра гэтую патавую сітуацыю, якая ўсё яшчэ працягваецца, бо няма размовы альбо гэта размова глуханямога са сляпым. Для мяне гэта яшчэ не параза, далёка не параза, фінал фільму для мяне значыць надзею, і ў мяне самога надзея ёсць. Але, магчыма, галоўная эскалацыя наперадзе, і яна можа быць жудаснаю.

– Якія самыя страшныя і чуллівыя моманты былі падчас здымак у жніўні?

– Самая жарсць адбывалася, вядома, на стэле і «Пушкінскай» 9 і 10 жніўня. На стэле нас ужо ледзь не затрымлівалі, на «Пушкінскай» нашую машыну наўпрост таранілі аўтазакі.

А эмацыйна складаная была ноч на Акрэсціна, калі выпускалі вязняў. Тады быў доўгі дзень: мы пачалі здымаць зрання, як камунальнікі прыбіраюць горад пасля пратэстаў. І вось мы стаялі пад гэтымі брамамі з людзьмі, якія чакалі сваіх блізкіх, была такая цішыня, ніхто не мог уявіць, што гэта магчыма ў еўрапейскім горадзе.

У фільме ёсць момант, як маці галосіць, калі сустракае сына. Мы перыядычна спынялі камеру і выдыхалі. Калі выходзілі дзяўчаты, ім пляскалі ў далоні ад радасці, тады ўнутры пачыналі кагосьці біць, і людзі спыняліся: ты бачыш, як тыя рэагуюць на гэтых, а гэтыя – на тых.

Яшчэ адзін складаны дзень быў, калі дэманстранты пайшлі на Акрэсціна – вось там было страшна. Пайшлі чуткі, што валанцёры просяць туды не хадзіць, а дэманстранты пайшлі, і ўсе чакалі правакацыі. На Акрэсціна цікавалі бусы, толькі каманда – і яны б усіх змялі. Тады ў паветры была такая напруга…

І ты разумееш і валанцёраў, і дэманстрантаў – як у моцным кіно, разумееш кожны бок і ведаеш, што выйсця няма. Я нават цяпер успамінаю гэты момант – і ў мяне дрыжыкі.

– А як вы здымалі на Акрэсціна? Усё ж людзі перажывалі там досыць балючыя моманты.

– Мы не лезлі з камерай у твар: карысталіся такой оптыкай, якая дазваляла здымаць на дыстанцыі ды не парушаць асабістай прасторы чалавека. Толькі некалькі важных момантаў знятыя зблізку, але ў цэлым мы проста шмат назіралі.

Адна жанчына папрасіла яе не здымаць, а некаторыя казалі: «Вы з прэсы, так? Пакажыце ўсю праўду». У цэлым там усе былі такія разгубленыя, што ім было не да камеры.

– Ты неяк згадваў, што падчас здымак вас ужо цягнулі ў бус. Як вы пазбеглі затрымання?

– Гэта было на жаночым маршы 29-га ля плошчы Якуба Коласа. Мы прызвычаіліся, што бусы цёмна-сінія, а там быў іншага колеру, таму мы проста пайшлі міма. І нас туды пацягнулі. Я ўбачыў, што недалёка стаяць журналісты замежных выданняў, і кажу: «Мы журналісты, журналісты!» – вырываемся і хуткаю хадою ідзем да гэтых журналістаў. Не ведаю, чаму амапаўцы не пайшлі за намі.

Мы спусціліся ў пераход і выйшлі з іншага боку – бачым, гэтыя бусы ездзяць па коле, быццам палююць. Нам пашанцавала, што ішоў трамвай, мы хуценька ў яго скокнулі і з’ехалі.

А на Акрэсціна, калі зачытваўся спіс вязняў, для мяне было важна паглядзець у твары маладых амапаўцаў. Бывала, мы заходзілі за спіны некаторых, а калі ты аказваешся ззаду, яны адчуваюць небяспеку. І я чую з рацыі: «Так, там нейкі журналіст заходзіць, акуратненька бярэм, бярэм». Давялося хутка сыходзіць.

– Што для цябе асабіста значыць прэм’ера твайго фільму менавіта на Berlinale?

– Студэнтам я прыязджаў сюды кожны год, і гэта была мая мара – трапіць менавіта на Berlinale. Але я не мог нават уявіць, што траплю на фестываль з такім фільмам, што пакажу беларускі боль. Што на яго паказ прыедзе гонар Беларусі – Святлана Алексіевіч і, лічы, прэзідэнт Беларусі Святлана Ціханоўская. Што сабяруцца героі карціны, што, безумоўна, вельмі асабіста. Berlinale таксама – дадатковая платформа, каб вельмі моцна крычаць пра Беларусь. І я адчуваю, якая на фестывалі да нас павага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)