Мянчук пра карантын у сям’і: «Жонку з каранавірусам пакінулі дома, але дазволілі хадзіць у краму і аптэку»

Цешча Сяргея памерла 15 красавіка. Расказаць сваю гісторыю Сяргея прымусіла тое, як у Беларусі ставяцца да эпідэміі, пiша Радыё Свабода.

— Пажылыя людзі звычайна глядзяць тэлевізар, а там кажуць: «Усё добра, не хвалюйцеся, гэта не хвароба, гэта псыхоз», — кажа Сяргей. — Я хачу сказаць, што тую лухту, якую Лукашэнка нясе па тэлевізары, ён нёс усе свае гады ва ўладзе. Проста мы не зьвярталі на гэта ўвагі. А цяпер гэта закранула кожнага, і кожны можа памерці.

З прычыны сямейных абставін Сяргей у гэтай сытуацыі аказаўся ня разам зь сям’ёй. Ягоная жонка жыла разам у кватэры са сваёй 74-гадовай маці.

— Угаварыць цешчу нікуды не хадзіць было праблематычна, — кажа Сяргей. — Яна хадзіла ў паліклініку, бо ёй трэба былі рэцэпты на лекі. З хваробаў у яе была арытмія. Калі ёй стала кепска, зьявілася цяжкае дыханьне, выклікалі хуткую і адвезьлі ў шпіталь.

Сяргей са словаў жонкі кажа, што ўжо тады, на пачатку красавіка, дактары ў спэцкасьцюмах 40 хвілін сядзелі ў кватэры і не маглі знайсьці шпіталь, які прыняў бы жанчыну. Аналізы ўзялі на месцы і ў жонкі, і ў цешчы. У абедзьвюх яны далі станоўчы вынік.

Цешчу лячылі 10 дзён у 10-м менскім шпіталі.

— Калі яе адвезьлі ў рэанімацыю, забралі тэлефон, усё адзеньне, — кажа Сяргей. — Пасьля ёй стала трохі лепш, і яе на два дні вярнулі ў звычайную палату. Там выдавалі тэлефон на гадзіну ў дзень. Але ёй усё адно стала горш, і празь некалькі дзён у 5.25 ранку пазванілі і сказалі, што яна памерла.

Мая цешча памерла, калі абвясьцілі, што з COVID-19 памерлі 33 чалавекі. Ня ведаю, ці ўваходзіць яна ў гэты сьпіс, але каранавірус у яе быў.

Жонку, кажа Сяргей, пакінулі дома:

— Сказалі, што раз вам ня кепска, то сядзіце дома. Аніякага ўказу яшчэ не было тады пра тое, што хворыя са слабымі сымптомамі застаюцца дома, — кажа Сяргей. — Жонку пакінулі адну ў пустой кватэры, у яе была тэмпэратура, зьнік нюх на некалькі дзён. Ёй забаранілі некуды хадзіць, але дазволілі хадзіць у аптэку і ў краму. Як чалавеку, які хворы на каранавірус, дазваляюць хадзіць у аптэку і ў краму? Зранку ёй тэлефануюць з паліклінікі, увечары міліцыя званіла ў дамафон і прасіла памахаць рукой з вакна.

У такіх умовах пахаваць старую жанчыну стала сапраўднай праблемай:

— Трэба было ўскрыцьцё, аналіз на каранавірус. Усё гэта зацягнулася на 4 дні, увесь гэты час яна ляжала ў моргу. Пасьля ніхто яе забраць ня мог, бо жонка і сын пад самаізаляцыяй. Запатрабавалі аплаціць труну, грузчыкаў, урну, тады яе адвезьлі на крэмацыю, а урну ўчора аддалі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4 (оценок:9)