Марына Коктыш, «Народная воля»
«Мне лепш пабіць нягодніцу!»

Падчас размовы з прымай Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Таццянай Мархель мы не толькі ад душы пасмяяліся, але і паплакалі...

Тома-Таццяна

-- Таццяна Рыгораўна, ведаю, што вы зараз актыўна рыхтуецеся да юбілейнай вечарыны з нагоды 75-годдзя...

-- Ой, у мяне такі лёгкі псіхоз наконт гэтага: хвалююся... Думаю, якія ўрыўкі са спектакляў узяць, якія песні выканаць...

-- Шчыра кажучы, думала, што будзе такі вечар-споведзь...

-- Паглядзім, што атрымаецца. Хацелася б, канешне, прыгадаць нейкія яркія эпізоды з жыцця...

Памятаю, як нашу хату спалілі. Калі немцы прыходзілі ў вёску, усе беглі хавацца ў балота -- яно побач было. У нас адну хату спалілі, і мы жылі ў такой харошай зямлянцы, там нават печ была.

І вось мама аднойчы паставіла варыць на абед нейкі булён з гарохам. А тут немцы! Мы пабеглі, а калі назад вярнуліся, зямлянкі ўжо не было. Узарвалі. Толькі печ засталася. Мама дастала адтуль гэты булён, які ўжо ператварыўся ў кашу. І мы елі, седзячы на развалінах...

Потым пабудавалі яшчэ адну зямлянку, але яна была горшая за папярэднюю: туды вада лілася пастаянна, і жабы вакол скакалі...

А вось іншы раз думаю: як выжыла? Нарадзілася ў студзені, у самы мароз, памперсаў не было...

Яшчэ памятаю, як бацьку ў комін клікалі. Спачатку лічылася, што ён знік без вестак. І маме з-за гэтага не давалі дапамогу на дзяцей. Яна знайшла чалавека, якога прызывалі разам з ім у войска, і ён даў сведчанні, што пад Кёнігсбергам бацьку на яго вачах разарвала мінай...

Але мама заўсёды казала: “Адчуваю, што ён жывы, проста баіцца вярнуцца, каб у Сібір не саслалі. Альбо, можа, у палон трапіў”. Яна чакала яго да апошняга.

Калі маці пабудавала хату і паклалі печ, мама першы раз яе запаліла і сказала: “Ну, дзеці, цяпер давайце ў комін клічце бацьку!” І мы стаялі і клікалі: “Татачка, вяртайся дадому, у нас хата новая, мы цябе чакаем!” Я была самая маленькая і яшчэ паспела паскардзіцца яму на сястру, якая мяне пакрыўдзіла... (Усміхаецца.)

Але мы яго так і не дазваліся...

-- Вы заўсёды цікава распавядаеце пра тыя часы. Чаму дагэтуль не сабралі свае ўспаміны ў кнігу? Жывая ж гісторыя!

-- Не ведаю . Жывёш з гэтым паціху і ведаеш, што яно тваё...

Яшчэ помню, як свіней аб’язджала. У нас іх было 13! Маці парсючкоў гадавала, а потым прадавала, і ў нас былі грошы... Я з 6 да 16 гадоў іх пасвіла і, калі малая была, на іх ездзіла! Дагэтуль, калі прыязджаю ў вёску, некаторыя жанчыны кажуць: “Тома, ці помніш, як на свіннях каталася?”

-- А чаму Тома?

-- Мяне звалі Томай з самага дзяцінства. Але, як расказала мама, бацька ў сельсавеце запісаў мяне Таццянай. А ў нас на вёсцы нейкая Таццянка была, якую не вельмі любілі, і мама спалохалася: маўляў, будуць дражніць! І яны з татам дамовіліся зваць мяне Томай.

Я была Тамарай аж да заканчэння школы! Атэстат сталасці мне выпісалі на Таццяну, і так я ў 16 гадоў атрымала новае імя. Цяпер ужо прывыкла, а спачатку, канешне, было цяжкавата...

Шыкоўны ўзрост!

-- Шчыра кажучы, гляджу на вас і думаю: як добра выглядаеце! Нават і не падумаеш, што вам за 70...

-- Хочаце запытацца, што раблю, каб захаваць маладосць? Калі дрэнны настрой -- плачу.

-- Ага, слёзы як першы сродак для прыгажосці, і вочы ад іх блішчаць!

-- (Рагоча.) Што тычыцца касметыкі, то карыстаюся крэмамі для сухой скуры. А ўчора ўзяла ды аліўкавым алеем твар працёрла -- і так хораша! А яшчэ касцявы мозг таксама добра на скуру ўплывае. Карацей, толькі натуральныя сродкі!

-- А падцяжкі?

-- Божа мілый, не! Цяпер, дарэчы, вялікі дэфіцыт акторак ва ўзросце, якія натуральна выглядалі б. А ёсць жа многа фільмаў, дзе запатрабаваны вясковыя жанчыны. Таму ніякіх падцяжак, псаваць сваё амплуа не буду!

-- А вам ніколі не хацелася вырвацца з амплуа сялянкі?

-- Я многа іграю і другіх роляў. А што тычыцца вясковых жанчын, то гэта вельмі цёплая для мяне тэма. Колькі цікавых персанажаў сялянак ёсць! Вазьміце лёс звычайнай вясковай жанчыны ва ўзросце: там і прыколы, і філасофія, і каханне!

Вось вы думаеце, мне 75 і я дзьмухаўцом стала? Абсалютна! Змагаюся з сабой, калі бачу маладых хлопцаў! Глядзіш на іх і думаеш: “Таня, хопіць, грэх, наперажывалася з-за кахання ўжо, спыніся!” (Рагоча.)

-- Во, а кажуць, быццам у 75 ужо нічога не патрэбна!

-- Глупства! Гэта такі шыкоўны ўзрост -- вы нават не ўяўляеце! Пачынаеш усё разумець...

Раней жа што было? Любоў, дзеці, праца. Муж, Яўген Шыпіла, стаў народным артыстам раней, чым я заслужанай, хаця ў яго не было ніякай адукацыі спецыяльнай -- проста вельмі таленавіты чалавек! Класны хлопец быў!

І якое ж для мяне было гора, калі ён паглядзеў на іншую жанчыну і сышоў да яе! Для мяне гэта была такая трагедыя, быццам бы свет перавярнуўся!..

Прыдуманае каханне

-- У сваіх інтэрв’ю вы распавядалі пра здраду мужа, але нідзе не казалі: ці даравалі яму?

-- Як бы гэта сказаць...

Ведаеце, у спектаклі “Тры Жызэлі” ёсць сітуацыя, калі ў мужа гераіні з’яўляецца палюбоўніца. І ў гераіні пытаюцца: “Ты даравала?”. Жызэль адказвае: “Канешне”. “А на магілу ходзіш? “Так, быллём жа парасце...”

Напэўна, і я даравала. І нават сябе абвінавачваю, што была “жестокосердной”, вельмі доўга ўва мне гэтая крыўда сядзела... Але, выбачайце, калі застаешся адна з дзецьмі, і ўсё валіцца табе на галаву...

Ён казаў: “Таня, ну пацярпі, закахаўся”. Якое цярпі! Альбо любіць, альбо не любіць!

-- А на магілу ходзіце?

-- Не паехала нават пахаваць!

-- І ніколі не былі?

-- Трэба з’ездзіць...

-- У аднаго вядомага рэжысёра ёсць кіно пра тое, як дзве жанчыны, якія ў свой час кахалі аднаго і таго ж мужчыну, пасля яго смерці раптам сыходзяцца і пачынаюць моцна сябраваць, падтрымліваючы адна адну… Вы так змаглі б?

-- Можа, яны нейкія святыя? Я так не здолела б! Мне лепш пабіць нягодніцу!..

Ведаеце, калі мінулі гады і эмоцыі суцішыліся, прыйшоў нейкі душэўны спакой. І такое адчуванне, што толькі цяпер я стала свабодная. Дзеці падраслі, ужо нават замуж павыходзілі, і я стала сама сабой. Мяне не раздзіраюць жарсці наконт таго, што нехта перастаў мяне любіць, турбот стала менш. І цяпер вельмі хораша!

Не ведаю, як мужыкам, але жанчынам ніколі не трэба баяцца ўзросту. Гэта так хораша! Калі я раней за штодзённымі клопатамі бачыла, як сонца ўзыходзіць над ракой?.. А зараз, калі глядзіш на гэтую прыгажосць, -- аж слёзы ад радасці цякуць!..

-- А не цісне сэрца ад таго, што адна, як таполя сярод поля?

-- Канешне, я звяртаю ўвагу на мужчын, і маладых таксама (смяецца). Магу нават і нафантазіраваць нешта, прыдумаць сабе каханне...

-- Ведаю, што ў вас было такое каханне да Васіля Быкава. “Я нават да дома Быкава прыходзіла, каб лішні раз на яго паглядзець”, -- казалі вы. Ён адказваў вам узаемнасцю?

-- Гэта быў сапраўдны цуд! Неяк рэжысёр Міхаіл Пташук, які ставіў “Знак бяды”, запрасіў мяне са старэйшай дачкой на творчы вечар Быкава. А я згубіла білет! І Васіль Уладзіміравіч, які быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савета, набыў мне новы. Дагэтуль памятаю, як ён бег з першага на другі паверх праз прыступку і крычаў: “За мной!” Было падобна, што мы разам у атаку беглі...

Я так праніклася, што пачала чытаць усе яго творы. Хацела па тэкстах з ім бліжэй пазнаёміцца. А ў дзень ягонага нараджэння сядзела пад ягоным домам, спадзеючыся хоць здалёк пабачыць. І ўбачыла ўсё-ткі!

Мне было дастаткова такога кахання на адлегласці...

Памятаю, яшчэ калі хадзіла ў школу, мне ў нашай вёсцы вельмі падабаўся гарманіст Анатоль. Калі ён іграў на танцах, я, каб ніхто не бачыў, залазіла на куст бэзу і глядзела на яго... На танцы не хадзіла, бо думала: прыйду і ўсе адразу па вачах пазнаюць, што ён мне падабаецца! Назірала, калі ён з гармонікам дзеўку адну дахаты праводзіў. Мне для шчасця гэтага было дастаткова.

Мне і дагэтуль падабаецца такое каханне. Нераздзеленае, на адлегласці, вядомае толькі мне. У ім многа шчасця, фантазіі, радасці. А калі прыбліжаешся да чалавека, то...

Хаця... З Шыпілам і прыбліжэнне было шчаслівым.

Дзе знайсці рай?

-- Ён, калі не памыляюся, быў вашым другім мужам. А што з першым не сышлося?

-- Першы муж быў сапраўдным прыгажуном! Разам з ім немагчыма было ехаць у грамадскім транспарце -- усе на яго звярталі ўвагу! Сышла, калі ён знайшоў сабе іншую пару.

-- А я думала, гэта вы яго кінулі, закахаўшыся ў Шыпілу...

-- Не! Была б яму патрэбная -- не сышла б. Але я не магу цярпець здраду! І вось гэты страх, што мяне зноў могуць прамяняць на іншую...

-- ...не дазволіў вам трэці раз выйсці замуж? Ці проста не сустракаліся надзейныя мужчыны? Мне падаецца, у вас павінна быць столькі прыхільнікаў...

-- Пра што вы гаворыце! Ніводнага не знаходзілася! А калі і падабаўся мне нехта, то не хацела глыбокіх адносін. Баюся! Дагэтуль баюся...

-- Некаторыя вядомыя артысткі ў салідным узросце заводзяць раманы з маладымі хлопцамі. Як вы да гэтага ставіцеся?

-- Ну і малайцы, правільна робяць! Гэта цікава, гэта жыццё...

Бывала, што і мне адрывала галаву. Але я знаходзіла сілы, каб ставіць яе на месца. Не дазволю, каб мяне яшчэ раз ад некага так збіла з ног...

-- Вы неяк казалі, што вас у Аўстралію звалі замуж...

-- Было. Яшчэ ў Бельгію зваў адзін беларус. Але я адмовіла. Ну што я на чужыне рабіць буду? Я тут нарадзілася, жыла і паміраць буду. Дый кахання з майго боку не было...

-- Але ж, напэўна, вам абяцалі стварыць рай?

-- А раю ня будзе! Няма яго! (Смяецца.)

-- Вы, відаць, з тых жанчын, пра якіх кажуць -- моцная.

-- Ой, ну якая моцная? Проста няма куды было дзявацца. І працаваць трэба было, і дачок на ногі падымаць...

Якая моц, што вы!.. Трэба было выжыць, вось і ўсё. Я варыла варэнні з усяго, што можна было знайсці! Усё перакручвалася і перапрацоўвалася, каб было што з’есці. Сёння дзеўкі выраслі, грошы ёсць, але я дагэтуль усё вырошчваю на гародзе. Пасля ўсё сушыцца, варыцца, квасіцца, кансервуецца і ў падвал ставіцца. Застаўся страх, што дзяцей трэба карміць, а будзе няма чым...

Слёзы народнай

-- Вы кажаце, што грошы ёсць, а вашы калегі скардзяцца на сціплыя заробкі ў тэатрах.

-- Складана тым, хто працуе толькі на тэатр. Але сёння ёсць мажлівасць падпрацаваць у кіно, і многія нашы акторы гэтым карыстаюцца.

-- Вы з лёгкасцю пагаджаецеся на ролі ў серыялах?

-- А што, чакаць, калі будуць Шэкспіра і Дастаеўскага здымаць? Здымкі -- гэта грошы. І, між іншым, шмат рэжысёраў, нават серыяльных, вельмі добра працуюць з артыстамі.

-- Вам падабаецца, што цяпер робяць з РТБД мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў і дырэктар Ігар Сігаў?

-- Хлопцы стараюцца. Праўда, я не вельмі ў гэтым задзейнічана...

Многія спектаклі спісалі. Я, напрыклад, вельмі шкадую, што “Каласы пад сярпом тваім” не іграем -- гэты спектакль заўсёды добра глядзелі, і ён быў яшчэ не адыграны.

Але, ведаеце, я проста гляджу на гэта мудра: бывае перыяд, калі моладзі трэба даць дарогу, і збоку ўважліва паглядзець і зразумець, што яны будуюць... Часта бывае, што людзі крычаць “Гэта дрэнна!” толькі таму, што самі ў гэтым не задзейнічаны...

-- А было нейкае хваляванне, калі змяніўся мастацкі кіраўнік?

-- Такія перамены заўсёды прыносяць хваляванні. І мяне яны не абмінулі.

-- Няўжо думалі, што папросяць з тэатра?!

-- Калі гэта здарыцца, то нават і не буду ведаць, як жыць...

Ведаеце, толькі цяпер для мяне нешта праясняецца ў прафесіі... Здаецца, пачынаю разумець, як і што трэба рабіць... Складаная прафесія, адным словам.

-- І не карупцыйная.

-- Так, акцёрам хабар няма за што насіць. І нічога ж не скрадзеш! Рэпліку ж не возьмеш з сабой дадому!

-- А рэквізіт?

-- Не, гэта не акцёры. Акцёры -- святыя людзі! Ім галоўнае -- каб пляскалі ў далоні! (Рагоча.)

Дарэчы, яшчэ акцёрская прафесія наталяе. Вось гэтае выдуманае, віртуальнае чужое жыццё, якое ўвасабляеш на сцэне, замяняе нават самыя моцныя пачуцці! Ты нібы над жыццём, над зямлёй, калі стаіш на тэатральным памосце. І нават калі праблемы нейкія -- ты любой роллю выкажаш свой боль. І лягчэй становіцца. Калі сыграў добра, усе праблемы як рукой здымае!

-- А як вы разумееце, што сыгралі добра? Калі зала шалёна пляскае ў далоні альбо калі кветкі кошыкамі нясуць?

-- У “Трох Жызэлях” ёсць момант, калі я кажу: “Лямпачка мая згарэла...”

(Змахвае слёзы і хвіліну маўчыць...) На сцэне я не плачу... Прабачце...

“Лямпачка мая згарэла, трэба новую ўкруціць...” І цішыня ў зале -- аж звініць!

-- Я сама двойчы была на “Жызэлях” і кожны раз дзівілася, што амаль усе ў зале рыдаюць. Прычым шморгаюць насамі не толькі жанчыны ва ўзросце, але і зусім маладыя дзяўчаты і нават хлопцы! Можаце патлумачыць, з-за чаго гэтыя слёзы? Тым больш што ў тэатры ёсць і больш моцныя спектаклі...

-- Там лёс гераіні такі... Думаю, кожная жанчына ў гэтым спектаклі знаходзіць нешта блізкае...

Я перад тым, як ісці на фінальную сцэну, дзе ўся зала шчыра плача, сабе за кулісамі ціха кажу: “Як добра! Ідзе летні дождж. Цеплыня такая... І вясёлка. І такая цішыня, такі спакой, так хораша...” І вось так спакойна і хораша, на маю думку, на душы маёй гераіні.

Я выходжу на сцэну з адчуваннем шчасця і святлом у душы, з дараваннем і прыняццем таго, што адбылося. Абсалютна без усякага драматызму! І менавіта гэта перакульвае. Усе плачуць, устаюць, і... апладысменты. А я думаю: “Усё недарэмна было ў жыцці...” І цешаць мяне не апладысменты, а хвіліна яднання з такой колькасцю людзей.

І пасля гэтага, верыце, мне не патрэбна, каб нехта сёння браў мяне за руку, а заўтра я за ім неслася з крыкам: “Ты куда, Одиссей, от жены, от детей?!”

Але калі-небудзь сэрца прыціскае, асабліва калі глядзіш, як двое ідуць, і бачна, што паміж імі пачуцці...

-- Асабліва ўвесну такое здараецца...

-- Так...

Ой, нейкая бабская размова ў нас атрымліваецца!..

-- Таццяна Рыгораўна, а вы ў тэатры, калі не на сцэне, а ў глядзельнай зале, плачаце?

-- А то!

А яшчэ гляджу спектаклі ў нашым тэатры і так зайздрошчу артыстам! Думаю: якія малайцы, як іграюць! Радуюся за іх і думаю: “Я так не змагла б...”

-- Вы два гады таму атрымалі званне народнай артысткі. Ганарыцеся?

-- Канешне, было прыемна. Але мне ад звання галаву не знесла. Канешне, гэта нейкае прызнанне заслуг, а добрыя словы -- яны заўсёды прыемныя. Як кажуць, медныя трубы для мяне не гора.

Аднак калі рэпеціруеш, то не мае значэння, народны ты ці не. Могуць і накрычаць -- статус тут не бароніць! (Смяецца.)

Адзін раз, дарэчы, добра так раўла -- гадзіны дзве без перапынку! Галасіла! І ўжо ў статусе народнай. Не хачу казаць, з-за чаго, але было такое. Таму гэты статус недатыкальнасці не дае.

Аднак рэжысёр -- гэта святое, ён цябе можа і ў хвост і ў грыву! Лічу, рэжысёра трэба любіць заўсёды. Таму -- з кім працую, таго і люблю.

-- У вас здараліся раманы з рэжысёрамі?

-- У Віктара Турава была закаханая. І ён заўжды да мяне добра ставіўся...

Нават у маленькіх серыялах я паспяваю на некалькі дзён закахацца ў рэжысёра. А як жа!

Я вам так скажу: калі чалавек саспеў да моцнага пачуцця, яно з’явіцца. Але толькі ў самога жар унутры павінен быць! А калі няма, дык другі чалавек не запаліць у табе гэтае каханне...

Хаця ёсць жанчыны, якія любяць, каб перад імі на каленях стаялі... Але, калі ты кахаеш, навошта на калені ставіць, навошта чалавека так мучыць? (Смяецца.)

Філасофія жыцця

-- Актрыса Коласаўскага тэатра Святлана Акружная пэўны час была “сенатарам”. Вы ніколі не хацелі пайсці ў дэпутаты?

-- Я начальнікам не люблю быць, у мяне другая прафесія.

-- А ўвогуле, сацыяльна-палітычнымі пытаннямі цікавіцеся? Вось, напрыклад, усіх кошты хвалююць...

-- Я не ведаю, колькі што каштуе. Проста прымаю як даннасць (смяецца).

-- Вы амаль усё жыццё размаўляеце па-беларуску...

-- Думаю, я не псую мову. І сама часам скажу ў маршрутцы і думаю, як прыгожа гучыць (гаворыць ціхім пяшчотным голасам): “Будзьце ласкавы, спыніцеся на прыпынку “Плошча Незалежнасці”!”

І сама заслухваюся, калі нехта прыгожа размаўляе на мове. Вось я ў трамваі езджу кожны дзень, чую многа моладых людзей, якія па-беларуску размаўляюць без усялякай напругі. Бачна, што яны і думаюць па-беларуску. І гэта так хораша! Мне падаецца, беларуская мова -- элітная.

-- А калі вы пераключыліся з рускай?

-- Калі пачала працаваць у Коласаўскім тэатры. Там былі шыкоўныя акторы, і тэатр са сваімі традыцыямі... У той атмасферы проста немагчыма было застацца рускамоўнай.

-- Гадоў пяць таму вы збіраліся запісаць дыск фальклорных песень -- многія ведаюць, што вы вельмі добра спяваеце. Чаму не адбылося?

-- Натхненне ёсць, і песні ёсць, і голас яшчэ гучыць, але... Не ведаю, з якога канца ўсё гэта пачынаць. Каб хто дапамог -- з задавальненнем адгукнулася б.

-- Вы маеце медыцынскую адукацыю. І калі б не кінулі медінстытут, то цяпер у вас было б зусім іншае жыццё...

-- Не прывядзі Гасподзь!

-- Яшчэ самі ставіце сабе дыягназы ці ўсё ж звяртаецеся да лекараў?

-- Не, поўнасцю давяраю спецыялістам...

Калі выпускаецца спектакль, жывёш і думаеш: толькі б не захварэць! Акцёры лечацца, калі вольныя, а не тады, калі хварэюць. На спектаклі, здараецца, і з тэмпературай прыязджаюць, і з болем у сэрцы. Калі што -- “хуткая” пасля спектакля забярэ. Колькі разоў такое бывала!..

-- Чаго вам сёння не хапае для шчасця і поўнай гармоніі? Пачынаючы ад роляў і сканчваючы простымі побытавымі рэчамі...

-- Канешне, хацелася б такой унутранай раўнавагі. Няёмка гаварыць такім тэкстам, але... У чалавечым свеце, у свеце людзей, здаецца, я ўжо многае пабачыла. Не кажу, што ўсё ведаю, але такога здзіўлення і адкрыццяў вялікіх няма. І наўрад ці будуць.

Як бы гэта мякчэй сказаць... Яшчэ менавіта ў гэтым свеце можна адчыніць дзверы ў Божы свет, каб цябе там прынялі... Але столькі выграбаць трэба з сябе, што нават думаеш: адкуль столькі нарасло таго, што цяпер трэба чысціць? (Плача. Некалькі хвілін маўчыць.)

І тут працы -- непачаты край! Але гэта работа, думаю, у рэшце рэшт прынясе радасць. І тады з’явяцца гармонія і раўнавага. І свет будзе здавацца іншым...

(Змахвае слёзы.) Здавалася б, гэта простыя рэчы. Не разгневацца на чалавека. Але немагчыма стрымацца іншы раз! Карацей, аўгіевы канюшні... І я думаю: калі трэба было пачынаць гэтаю чыстку? І ці паспею?..

Па шчацэ Мархель коціцца сляза, і ў гэты момант размову перапыняе званок мабільнага тэлефона. Таццяна Рыгораўна, у якой яшчэ паўхвіліны таму вочы былі на мокрым месцы, шчаслівым голасам нешта шчабеча ў слухаўку, жартуе.

-- Вось вам і жыццё! -- са смехам усклікае яна, паклаўшы тэлефон. -- Толькі што тужылася, філасофію ціснула, нават сляза натуральная была, і тут раптам -- хі-хі па тэлефоне! Вось і вер потым гэтым артысткам, калі яны гавораць нешта сур’ёзнае!..

Як казаў класік, усё жыццё -- тэатр...

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)