Мінінфармацыі пакінула ў сіле папярэджанне «Народнай волі»

Міністэрства інфармацыі прызнала абгрунтаваным папярэджанне рэдакцыі газеты «Народная воля», вынесенае ў сярэдзіне лістапада за публікацыю «…Не мешай другим отстаивать свободу».

Пра гэта гаворыцца ў лісце міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага ад 12 снежня. Міністэрства па-ранейшаму лічыць, што выданне давяло да агульнага ведама інфармацыю, распаўсюд якой забаронены, «бо матэрыялы, выкладзеныя ў артыкуле…, утрымліваюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».

Між тым, даводзіць міністр, паводле арт. 7 закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», у кампетэнцыю Мінінфармацыі ўваходзіць прыняцце «прафілактычных захадаў, накіраваных на выяўленне і ліквідацыю прычын і ўмоваў, якія спрыяюць экстрэмісцкай дзейнасці». А кантроль за выкананнем заканадаўства РБ сродкамі масавай інфармацыі — «адна з асноўных задач міністэрства».

Нагадаем, што рэдакцыю «НВ» пісьмова папярэдзілі 17 лістапада. Міністэрства палічыла, што ў артыкуле «…Не мешай другим отстаивать свободу» (№ № 169–170 ад 30 кастрычніка — 2 лістапада) «ўтрымліваўся заклік перашкаджаць законнай дзейнасці ЦВК, а таксама заклік да іншай дзейнасці, якая адносіцца да экстрэмісцкай» (арт. 38 закона «Аб СМІ» — «Інфармацыя, рапаўсюд якой у СМІ забаронены»). Публікацыя была падпісана «Ігарам Драко, жыхаром Мінска», які дзяліўся сваім меркаваннем наконт таго, як варта дзейнічаць апазіцыі на наступных прэзідэнцкіх выбарах.

27 лістапада рэдакцыя накіравала ліст ў Мінінфармацыі, у якім выказвала сваю нязгоду з папярэджаннем і прасіла яго адмяніць. На думку журналістаў, у згаданай публікацыі не было ніякага падбухторвання да экстрэмісцкай дзейнасці, а аўтар артыкула выступаў толькі за правядзенне мірнай акцыі пратэсту. Па-другое, лічыць рэдакцыя, папярэджанне вынесена з парушэннем закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», бо інфармацыйная прадукцыя можа быць прызнана экстрэмісцкай толькі па рашэнні суда.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)