Общество

Мінабароны прыпыніла будоўлю новай вайсковай часткі на мяжы з Украінай

Як стала вядома Радыё Свабода, будоўля новага вайсковага гарадка ў Гомельскай вобласьці прыпыненая. Яе першыя аб’екты павінны былі здаць у сакавіку.

Вайсковы гарадок пад Гомлем. Архіўнае фота

Пляны збудаваць новы вайсковы гарадок і палігон у Гомельскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Украінай, былі прапісаныя ў дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграме і зьявіліся ўпершыню летась. Месца будоўлі тады не называлася, аднак, як стала вядома Свабодзе ў студзені 2024 году, новы вайсковы аб’ект павінен быў зьявіцца на месцы былога піянэрскага лягеру «Чайка» непадалёк ад Гомля.

Пра гэта паведамлялі мясцовыя жыхары, у рэдакцыі ёсьць фатаздымкі пашпарта аб’екта і месца, дзе разгарнулася тады будоўля.

У сакавіку 2024 году першая чарга мелася быць скончаная, такія тэрміны прапісваліся ў пашпарце аб’екта. Аднак зь невядомых пакуль прычын будоўлю прыпынілі. Па стане на 23 кастрычніка на месцы былога лягера не зьявілася ніякіх новых будынкаў.

Крыніца Свабоды прыслала ў рэдакцыю фатаздымкі, зробленыя на месцы новага аб’екта Мінабароны Беларусі. На іх відаць, што актыўнай дзейнасьці там не вядзецца. Пакуль што адзінае, што зрабілі, — гэта зьнесьлі будынкі былога піянэрскага летніка. На аб’екце няма ні тэхнікі, ні рабочых, ні вартаўнікоў.

«Вісіць, як і раней, пашпарт аб’екта з тэрмінам заканчэньня першай чаргі будоўлі ў сакавіку. І ўсё на гэтым. Ціха, пуста. Можа, перадумалі будаваць», — кажа суразмоўца Свабоды, які быў на месцы, дзе мае зьявіцца вайсковы аб’ект.

Свабода таксама атрымала спадарожнікавыя здымкі, якія пацьвярджаюць атрыманую ад крыніцы інфармацыю. На здымку са спадарожніка за 10 кастрычніка 2024 году відаць, што на тэрыторыі былога лягера не зьявілася аніякіх новых аб’ектаў. Можна заўважыць, што ў параўнаньні з летам 2023 году на тэрыторыі лягера зьменьшылася колькасьць дрэваў.

Месца будоўлі вайсковага аб’екта ля Гомля, спадарожнікавы здымак, кастрычнік 2024
Месца будоўлі вайсковага аб’екта ля Гомля, спадарожнікавы здымак, ліпень 2023

Што за новы вайсковы гарадок і ў якім ён цяпер стане

Паводле агучанай у афіцыйных крыніцах інфармацыі, плянавалася, што на будоўлю новага вайсковага гарадка зь бюджэту ў 2023 годзе будзе выдзелена 500 тысяч рублёў, у 2024-м і 2025-м — 10 і 40 мільёнаў адпаведна. Праект меліся распачаць у 2023-м і скончыць у 2027-м.

З пашпарта аб’екта, разьмешчанага на плоце былога лягера, вынікае, што замоўнік — Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Ўзброеных сілаў. Генэральны падрадчык — Гомельскі домабудаўнічы камбінат. Тэрміны будоўлі першай чаргі гарадка: кастрычнік 2023-га – сакавік 2024 году.

«Ня выключана, што вайсковы гарадок будзе разбудаваны ня толькі на тэрыторыі былога лягера «Чайка», але і закінутых суседніх летнікаў — «Галяктыка», «Лясная паляна», «Ліцейшчык». Там пакуль не вядзецца ніякай дзейнасьці, але «чужых» адтуль ужо выгналі. Напрыклад, зь піянэрскага лягера «Галяктыка» выгналі аматараў страйкболу, якія раней там стала займаліся», — сьцьвярджала раней крыніца Свабоды.

Пашпарт будаўнічага аб’екта, здымак зроблены зімой 2024 году

Тэндэр на высяканьне лесу

Між тым 18 кастрычніка 2024 году на электроннай пляцоўцы дзяржаўных закупак зьявіўся пошук субпадраднай арганізацыі, якая магла б высекчы дрэвы і кусты, выкарчаваць пні, а таксама вывезьці адкіды на аб’екце «Будоўля вайсковага гарадка ў Гомельскай вобласьці, 3-я чарга будаўніцтва, падрыхтоўчы пэрыяд».

Тэндэр абвясьціў генэральны падрадчык — Гомельскі домабудаўнічы камбінат. Субпадраднай арганізацыі за высяканьне лесу і яго прыбіраньне абяцаюць каля 1,5 мільёна рублёў. Заяўкі прымаюцца ад 18 да 24 кастрычніка. Замову трэба выканаць у тэрмін ад лістапада 2024 году да сакавіка 2025-га.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(4)