Филин

Сяргей Васілеўскі

Мілінкевіч: «У Крамлі, відаць, ужо пілі шампанскае ў прадчуванні пакарання нахабных амерыканцаў вялікім кітайскім сябрам»

Экс-кандыдат у прэзідэнты-2006 Аляксандр Мілінкевіч падзяліўся з «Филином» думкамі наконт выключнага значэння візіту Нэнсі Пелосі на Тайвань.

— Вялікія краіны кажуць пра ўмовы прымянення ядзернай зброі, у прэсе ўсё часцей трапляюцца перасцярогі наконт Трэцяй сусветнай вайы. Падлеткам вы былі сведкам Карыбскага крызісу. З таго часу мінула больш за паўстагоддзя. Ці ёсць у вас адчуванне дэжавю, што гісторыя паўтараецца?

— Гісторыя, натуральна, часта паўтараецца. Тады Савецкі Саюзу ледзь не распачаў вайну з ЗША сваімі ракетамі, якія таемна завёз на Кубу. Сёння Пуцін хоча адрадзіць імперыю і пачаў «збіраць землі» праз знішчэнне непакорнай Украіны. Дык яшчэ ж і ЗША, як некаторым здалося, на днях ледзь не ўцягнуў магутны Кітай у ваенны канфлікт.

Але апошняе, на шчасце, няпраўда. Тое, што адбылося на Тайвані, ёсць насамрэч выбітная перамога дэмакратыі. Спачатку многім падавалася — што ж гэта робіцца? Навошта Пэласі туды ляціць, калі і так ідзе вайна ў Еўропе, а яна яшчэ больш напружвае сітуацыю?

Але гэта аказалася вышэйшым пілатажам дыпламатыі Злучаных Штатаў.

Амерыканцы, па-першае, паказалі, што гатовыя і будуць бараніць дэмакратыю па ўсім свеце. Што Байдэн жадае вярнуць ЗША ролю сусветнага гаранта правоў чалавека, як і ў часы Рэйгана, які калісьці першым назваў таталітарны СССР «імперыяй зла».

І сёння лідар заходняга свету прадэманстраваў, што будзе змагацца за дэмакратыю ва ўсім свеце. Старому свайму партнёру Тайваню працягнулі руку, бо была такая перасцярога, што Пекін можа пайсці за прыкладам анексій Пуціна, і паспрабаваць далучыць непакорны востраў да кантынентальнага Кітая.

Але самая галоўная мэта ўсё ж гэта не столькі падтрымка Тайваня, колькі маральная падтрымка Украіны і дэманстрацыя таго, што Злучаныя Штаты не запалохаеш.

Кітай быў вельмі незадаволены візітам Пэлосі, бо лічыць востраў сваёй тэрыторыяй, і пагражаў «сур’ёзнымі наступствамі» Штатам. У Крамлі відаць ужо пілі шампанскае ў прадчуванні пакарання нахабных амерыканцаў вялікім кітайскім сябрам. Гэта не спыніла амерыканцаў, адбылася больш чым двухгадзінная размова прэзідэнта Байдэна і старшыні Сі Цзіньпна, дэманстратыўны візіт адбыўся згодна запланаванай праграмы. А Пекін вырашыў абмежавацца ў гэты час ваеннымі вучэннямі ў берагоў Тайваня.

Надзеі Пуціна, для якога так важна ўвесь час дражніць, правакаваць Захад, рухнулі. Крэмль зразумеў, што сур’ёзнай падтрымкі ад Пекіна, на якую ён так спадзяваўся, не варта чакаць. Пуцін застаўся ў поўнай ізаляцыі.

На расійскім тэлебачанні чутныя папрокі прапагандыстаў у бок Кітаю, за тое, што ён не вытрымаў іспытаў, а калі так, то цяпер Расія будзе лідарам еўраазіяцкай цывілізацыі. «Русский мир» прайграў чарговы раз. Кітай іх не падтрымае, бо не хоча разбураць уласную краіну перш за ўсё эканамічна. Гэта безкроўная маральная перамога ЗША.

На жаль, у гэтай гісторыі мы апынуліся на баку тых, хто прайграў. Мы засталіся апошнім саюзнікам апошняй імперыі. Ды яшчэ ў статусе суагрэсара.

Але гэта не азначае, што ўсё без шансаў. Імперыі распадуцца ўсё адно. Расійская памірае ў крыві. І беларуская дыктатура падзе, бо яе ня можа быць у цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі. Але і яна адыходзіць праз вялікія ахвяры. Нашы сябры сядзяць у турмах за тое, што патрабавалі праўды і свабоды.

І мы мусім быць салідарныя, мусім берагчы аптымізм, бо калі згубім яго, а ёсць для гэтага падставы, то можам прайграць. Мы павінны трымацца старой ісціны, што дабро ўрэшце перамагае зло. Банальная ісціна, але праўдзівая.

— Візіт Нэнсі Пэлосі на Тайвань мы адсочвалі літаральна пахвілінна, у рэальным часе. У часы халоднай вайны трэба было чакаць свежую газету ці вечаровы выпуск навінаў па ТБ, каб пачуць штосьці новае. Сучасная iнфармацыйная эра, тэхналогіі — гэта тое, што стрымлівае палітыкаў і вайскоўцаў ад апошняга кроку, ці наадварот, з’яўляецца каталізатарам канфліктаў?

— Несумнеўна, гэта велізарны плюс. Таму што змяншае магчымасці для маніпуляцый, хоць падаецца, што мусіць быць наадварот, улічваючы тое, што гэтыя інструменты часта апынаюцца і ў кепскіх руках.

Паглядзіце, колькі ваенных злачынстваў было здзейснена ва Украіне. І мы пра іх усё ведаем. А іх жа было не менш і ў часы Другой сусветнай вайныў, і падчас Першай сусветнай. Але тады большасць тых злачынстваў сыйшлі з рук.

Цяпер усё фіксуецца, усё застаецца. Гэта і выхаванне для нацый, для іх лідараў, гэта ўзрастанне персанальнай адказнасці, калі што — за ўсё давядзецца несці адказ.

Гэта вельмі важна. Не сумняваюся, што пасля гэтай страшнай вайны ва Украіне свет стане лепшым. Таму што ён мусіць зразумець, што няма нічога лепшага на зямлі, чым жыццё паводле чалавечых маральных каштоўнасцяў, а не бандыцкіх паняццяў, як у Пуціна.

Самае важнае для кожнага з нас, зразумець — выбіраем мы ў сваім жыцці, у сваёй сям’і перш за ўсё маральныя каштоўнасці, ці матэрыяльныя. Калі мы ставім выключна на матэрыяльнае, то мы прайграем саміх сябе, сваю будучыню, не пакінем шансаў нашым дзецям.

Канечне, аб дабрабыце таксама неабходна думаць, але калі мы робім стаўку на маральныя каштоўнасці, то гэта прынясе нам і той самы дабрабыт. Я думаю, у гэтым сэнсе свет праходзіць унікальную фазу самапазнання і самаўдасканалення.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(23)