Общество

Мікалай Казлоў: «Пазбаўленьне званьня правяло мяжу паміж мной і Карпянковым»

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў інтэрвію Радыё Свабода расказаў пра сваё стаўленьне да ўказу аб пазбаўленьні званьня яго і іншых прадстаўнікоў сілавых структураў.

У 2008 годзе Мікалай Казлоў выкрыў фальсыфікацыі на выбарах. Пасьля леташніх выбараў ён стаў чальцом Каардынацыйнай рады па транзыце ўлады. Адбыў тэрмін адміністрацыйнага арышту на Акрэсьціна, падчас якога зазнаў катаваньні.

— Ці чулі вы раней, каб афіцэраў пазбаўлялі званьняў?

— Я не прыгадваю, каб раней пазбаўлялі званьняў, гэта беспрэцэдэнтна. Ведаю, што можна пазбавіць званьня за цяжкае злачынства. Але не прыгадваю такіх выпадкаў.

— Вам 54 гады. Вы атрымліваеце пэнсію?

— Так. У мяне 24 гады выслугі, я падпалкоўнік, быў сьледчым у асабліва важных справах. Так што я атрымліваю пэнсію. Ці, дакладней, атрымліваў.

— А гэтае пазбаўленьне вас званьня неяк паўплывае на памер вашай пэнсіі?

— Так, відавочна. Яна будзе зьменшаная. Гэта, з аднаго боку, сумна. З другога боку, прайшла мяжа паміж мной і Карпянковым, Кубраковым, Караевым і іншымі людзьмі, якія разам з галоўнакамандуючым апрануць мундзіры на 9 траўня. Яны, значыць, афіцэры. Тыя, хто забясьпечвае ўсе гэтыя рэпрэсіі. Тое, што паміж намі мяжа — гэта нават добра.

Напэўна, ім была некамфортная мая біяграфія, тое, што я выкрыў фальсыфікацыі на выбарах, тое, што я ўзначальваю апазыцыйную партыю.

— А ці далі тлумачэньні вам асабіста, за што вас пазбавілі званьня?

— Там тлумачэньне адно на ўсіх. Насамрэч уцямнага тлумачэньня няма. Нешта спрабуе сказаць прэсавая служба Лукашэнкі пра дыскрэдытацыю. Але ня ведаю, чым я дыскрэдытаваў званьне падпалкоўніка міліцыі. Тут відавочная палітычная подбіўка. А палітычныя матывацыі вельмі складана пакласьці на паперу.

— Чаму гэты мэханізм пакараньня не выкарыстоўваўся раней? Сярод асобаў, пазбаўленых званьняў, ёсьць, у прыватнасьці, людзі, якія даўно эмігравалі, якія даўно рэзка крытыкуюць Лукашэнку. Раней яны не дыскрэдытавалі званьне афіцэра, а зараз здыскрэдытавалі?

— Па-першае, гэта дробная помста тым людзям, якія знайшлі ў сябе сілы заняць прынцыповую пазыцыю. Па-другое, гэта акт застрашваньня тых, хто хацеў бы сысьці, каму цяжка заставацца ў шэрагах рэпрэсіўнай арганізацыі. Супрацоўнік жа міліцыі выдатна ведае, як і што робіцца, як ладзяцца рэпрэсіі. А калі ён прыходзіць са службы дадому, ён адчувае, як да яго ставяцца яго сямʼя, сябры, знаёмыя, суседзі. І яму ня хочацца быць садыстам, карнікам.

Я ад былых калегаў чуў, што многія ў міліцэйскай сыстэме імкнуцца ўхіліцца ад актыўнага ўдзелу ў рэпрэсіях. І яны разважаюць — мне паўгода ці год засталося служыць, трэба датрываць.

А цяпер ім паказалі, што і пасьля адстаўкі рота адкрываць ня варта, за імі і тады будуць сачыць і пры патрэбе пакараюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(47)