Марціновіч: Не разумею, як такая антысавеччына магла быць знятая ў сучаснай Расіі

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра стужку «Дарагія таварышчы» Андрона Канчалоўскага.

Я стаўлюся да расійскага кінематографа гэтаксама, як і вы.

Уласна, з 1986, калі Таркоўскі скончыў сваё «Ахвярапрынашэнне», эстэту лавіць тут няма чаго — хіба што парагатаць з чарговых прыколаў Жоры Крыжоўнікава. Але вось ён, найлепшы фільм з 1986 года, а можа, і за ўсю гісторыю рускамоўнага кіно.

Цікавы яшчэ і тым, што ў Расіі ён не асабліва «пайшоў», а магчымае атрыманне фільмам «Оскара» абмяркоўваецца з пагардай. Маўляў, рэжысёр «наліў гною» на «наша слаўнае савецкае мінулае» і таму так ласкава прыняты на Захадзе.

Фільм мае назву «Дарагія таварышчы» і вымаразіць вас у схаладненне пазнавання нашых падзей яшчэ на этапе прагляду трэйлера. Галоўная гераіня — добра вядомая беларускім тэатраманам старой закалкі Юлія Высоцкая: у 1995-м яна скончыла Беларускую мастацкую акадэмію і працавала ў Купалаўскім. Пасля пайшла за Андрона Канчалоўскага, а той назаўсёды зрабіў яе «Людмілай» — партыйнай працаўніцай Новачаркаскага гаркама ў сваім галоўным фільме.

«Дарагія таварышчы» — гэта вычарпальнае выказванне пра тое, чым была хвалёная «адліга» ў СССР — бо менавіта падчас хрушчоўскай «адлігі» адбылася драма, якой прысвечаны фільм.

Я, дарэчы, не разумею, як такая антысавеччына магла быць знятая ў сучаснай Расіі. У Беларусі з яе сённяшнімі норавамі заяўка не прайшла б яшчэ на этапе ўхвалення сінопсіса. Магчыма, адыграла сваю ролю заступніцтва Алішэра Усманава, які спрадзюсаваў твор.

Я не ўяўляю, навошта тое спатрэбілася Усманаву — магчыма, ён такім чынам вырашаў свае рэпутацыйныя задачы. Цяпер Усманаў — не толькі алігарх, але яшчэ і фундатар самага галоўнага расійскага кіно з часоў распаду Саюза.

Андрон Канчалоўскі заўсёды быў славуты падыходамі да кастынгу — акторскі набор тут такі, што часам адчуванне, нібыта глядзіш не стылёвы «закос» пад Марлена Хуцыева, а менавіта аўтэнтычнае кіно тых часоў. Прынцып той жа, што быў скарыстаны ў чорна-белых серыях «Перавалу Дзятлава»: бяром савецкую «новую хвалю» і «робім як яны».

Але, паўтаруся, твары партыйных работнікаў і супрацоўнікаў дзяржбяспекі тут такія, быццам яны — жывыя партрэты спецсектара прэстыжных савецкіх могілак.

Нехта цяпер крытыкуе сцэнар — а як на мяне, сцэнар напісаны дасканала. Тое, што паўстанне і расстрэл паказаныя вачыма адданай камуністкі; тое, што само кіно пачынаецца з паходу гэтай камуністкі ў «стол заказаў», з сарамлівым працісканнем праз натоўп згаладнелых савецкіх людзей, якія ціскаюцца за яшчэ не падаражэлы кефір, — вельмі дакладна!

Да таго ж тут прачытваецца ўлюбёная тэма тэатра Сафокла — канфлікт паміж прыватным жыццём і сацыяльным доўгам, які быў добра выведзены яшчэ ў «Антыгоне».

Савецкая Антыгона таксама мае свайго «Палініка» — гэта яе дачка Светка. Светка збіраецца ісці на завадскую стачку, «бо ідуць усе», матуля ж на партыйным сходзе заклікае прысуджаць завадатараў ажно да «найвышэйшай меры». На раніцу на стачку выпраўляецца не толькі дачка, але і бацька камуністкі, прычым нацягвае казацкі строй з царскімі медалямі.

Пасля таго як па людзях пачынаюць шмаляць на паражэнне і дачка Людмілы знікае, наступае самае цікавае.

Бо высвятляецца, што восем нябожчыкаў у моргу Новачаркаска — гэта не ўсе забітыя, былі яшчэ. Але іх развезлі па аддаленых могілках і «падсялілі» ў труны на занядбаных магілах, запужаўшы ўсіх датычных да гэтай справы настолькі, што тыя толькі здольныя лыпаць вачыма і казаць: «Нічога не ведаю. Нічога».

І горад закрыты і ачэплены войскам, і адзіны памочнік Людмілы на яе шляху ў пошуках дачкі, кадэбэшны афіцэр, адразу тлумачыць той, што «нічога не было, нікога не забілі».

І што ўсё гэта трэба забыць. Разам з дачкой.

Нічога не нагадвае?

Але самы моцны момант у кіно — калі Людміла, сутыкнуўшыся з асабістай трагедыяй, кажа, што гэта ўсё таму, што «Сталін памёр».

Бо «пры Сталіне цэны зніжаліся, а заробкі раслі». Яна пачынае хвастаць гарэлку з гарла па дарозе з тых самых могілак. Яна п’е і спявае «Таварыш, таварыш! У трудзе і баю!» — і гэта па ўздзеянні роўнае сцэне спалення дома ў «Ахвярапрынашэнні».

Гэты фільм варта паглядзець проста цяпер, не адкладаючы — дзякуй богу, ён ужо з’явіўся ў вольным доступе.

І, паглядзеўшы, паспрабаваць зрабіць сваю краіну такой, каб пра яе немагчыма было здымаць такія фільмы.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:48)