Лица

Маладзечанец прывёз да радзільні піяніна, каб сустрэць жонку і дачку

Днямі ў маладзечанцаў Дзмітрыя і Святланы Яфіменка нарадзілася другая дачка. З радзільні муж забраў жонку з музыкай, піша Рэгіянальная газета.

Пад уласны акампанемент разам з сябрамі-музыкантамі проста перад уваходам у радзільню Дзмітры праспяваў Святлане песню, напісаную для яе восем год таму, падчас знаёмства.

Дмітры Яфіменка каля радзільні. Скрын з відэа.

– Ведаючы мяне, жонка, канешне, здагадвалася, што я ўчыню нешта падобнае. Першую дачку Данаю я таксама забіраў з музыкай. Адзінае, пра што прасіла Святлана, каб я не цягнуў шмат народу, бо яна ў мяне спакойная і не публічная, – расказаў малады тата журналісту.

У выніку ў дзень выпіскі на прычэпе пад радзільню прывезлі піяніна, далучыліся сябры Дзімы з іншымі музычнымі інструментамі.

Саксафаніст спецыяльна прыехаў з Мінска, а барабаншчык прыйшоў з працы падчас свайго абеду, пайграў, а пасля зноў пабег на працу.

Песню, якую праспяваў Дзмітры Святлане, была напісаная для яе восем год таму, калі маладыя людзі толькі пазнаёміліся.

– На кожную важную для нашай сям’і дату я спяваў гэтую песню і проста дадаваў новы куплет. На гэты раз праспяваў пра тое, што ў нас нарадзіліся дзве дачкі.

Па словах мужчыны, людзі, якія выпадкова аказаліся побач падчас выпіскі, рэагавалі вельмі пазітыўна. Шмат хто назіраў за ўсім праз вокны.

– Я хваляваўся, што не дадуць у будынку жаночай кансультацыі разетку, каб падключыць апаратуру, але загадчыца сказала, што яны любяць такія мерапрыемствы, і дазволіла. А таксама мне далі крэсла, – расказаў Дзмітры.

…Цяпер у сям’і гадуюцца дзве дачушкі – Даная, якой год і дзесяць месяцаў, і нованароджаная Дарына.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(4)