Общество
Руслан Гарбачоў

Майі Абромчык, якую збілі 19 снежня, у чацвер робяць паўторную аперацыю на назе

У чацвер, 14 красавіка, 22-гадовай студэнтцы Майі Абромчык будзе зроблена паўторная аперацыя на назе. Дактары дастануць металічныя прадметы, якія былі ўжыўлены ў перабітую амапаўцамі 19 снежня костку голені.

– Аперацыя плануецца каля 14.00. Дактары кажуць, што яна будзе не такая складаная як першая: проста дастануць металічныя прадметы, якія былі ўжыўленыя ў нагу, – паведаміла «Салідарнасці» Майя Абромчык.

Па словах дзяўчыны, прыкладна праз паўгода плануецца і трэцяя аперацыя – калі канчаткова зрастуцца косткі. Агулам курс рэабілітацыі зойме не менш года.

– Дактары кажуць, што пакуль усё добра ідзе, – сказала дзяўчына.

Нагадаем, студэнтка 4-га курса гістфака БДУ была моцна паранена падчас разгону акцыі 19 снежня. Майю Абромчык з сябрамі атакавала група амапаўцаў. У выніку костка голені была перабіта настолькі, што нага дэфармавалася. 21 снежня ў 6-й клінічнай бальніцы Мінска Майі Абромчык была зроблена першая аперацыя.

Сям’я Маі Абромчык збірала сродкі, каб аплаціць паслугі адвакатаў і даказаць, што дзеянні супрацоўнікаў праваахоўчых органаў былі неправамоцнымі. Але адвакаты браліся за справу неахвотна. Як паведаміла «Салідарнасці» пацярпелая, зараз яна спрабуе наняць новага адваката.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)