Политика

Мацукевіч: «Не кожны беларускі чыноўнік у сённяшніх беларускіх рэаліях адважыцца прызнацца ў наяўнасці польскіх каранёў»

Старшы аналітык Цэнтру новых ідэй лічыць, што беларусы маюць права лічыць таксама сваімі тыя фрагменты агульнай гісторыі, якія ўжо агульнапрызнаны як польскія або літоўскія.

Беларуская служба Польскага радыё піша, што ў апошнія дні назіраецца інтэнсіфікацыя абмену думкамі аб польска-беларускіх адносінах з боку афіцыйных Варшавы і Мінска. Яны ў той ці іншай ступені датычаць і лёсаў многіх беларусаў польскага паходжання і палякаў беларускага паходжання.

Павел Мацукевіч, былы беларускі дыпламат, які цяпер жыве ў Варшаве і працуе тут старшым даследчыкам у Цэнтры новых ідэй, пракаментаваў заявы міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова, зробленыя на мінулым тыдні, пра беларуска-польскія адносіны. А таксама нечаканае прызнанне міністра ў тым, што ў яго «бабуля была Марыя Генрыхаўна, і мама была Браніслава Францаўна»: «Гэта польская частка майго генафонду. Таму, калі я скажу, што мая бабуля да апошніх дзён хадзіла ў Чырвоны касцёл, малілася на польскай мове, вы зразумееце, што я таксама разумею ўвогуле, што такое польскі народ, польская нацыя, іх памкненні, унутраны менталітэт».

Павел Мацукевіч

— Не кожны беларускі чыноўнік у сённяшніх беларускіх рэаліях адважыцца прызнацца ў наяўнасці польскіх каранёў, — разважае Павел Мацукевіч. — Варта пры гэтым адзначыць, што ўлады Беларусі не дазваляюць грамадзянам краіны, асабліва чыноўнікам, мець «Карту паляка».

Пэўныя пытанні паміж дзвюма краінамі могуць быць вырашаны толькі ў будучыні, бо патрабуюць сяброўскай якасці адносін з Польшчай, якую цяперашнія кіраўнікі Беларусі не ў стане забяспечыць.

Гэта ў тым ліку датычыць нармалізацыі прававых пытанняў, якія датычаць тых ураджэнцаў Беларусі, якія (або іх нашчадкі) былі вымушаны пакінуць родны кут і перасяліцца на сучасную тэрыторыю Польшчы.

У той жа час былы дыпламат канстатуе, што да падзей 2020 года беларускі бок, асабліва МЗС РБ цікавіўся пытаннямі ўшанавання памяці ўраджэнцаў сучаснай Беларусі за мяжой:

— Так, пры ўдзеле пасольства РБ у Берне (ім у той час кіраваў Мацукевіч) беларусамі Швейцарыі 17 кастрычніка 2017 года быў устаноўлены помнік Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім горадзе Золатурн (у сувязі з 200-годдзем смерці Касцюшкі). 21 кастрычніка таго ж года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Аднак устаноўцы помніка папярэджваў канфлікт з польскім бокам з-за подпісу на помніку і нават ужывання на ім беларускай мовы.

Мацукевіч мяркуе, што нашы краіны яшчэ чакае даволі цяжкая дыскусія аб агульнай гістарычнай і культурнай спадчыне:

— Гэтая агульная спадчына дакладна стане вельмі добрым падмуркам для ўмацавання супрацоўніцтва, калі беларусы атрымаюць магчымасць таксама лічыць сваімі тыя фрагменты агульнай гісторыі ці слынныя гістарычная постаці, якія ўжо агульнапрызнаны як польскія або літоўскія. Бо беларусы маюць на гэта права.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)