Общество

Мацукевіч: «Калі б Лукашэнка ўзняў пытанне перад Пуціным, мог бы вярнуцца нават Крыж Еўфрасінні»

Былы дыпламат — пра вяртанне культурных каштоўнасцяў.

З былым кіраўніком амбасады Беларусі ў Швейцарыі Паўлам Мацукевічам Белсат сустракаецца на антрэсолі «Вітрына Усходнееўрапейскага дома» ў Варшаве — пагутарыць і пагартаць Трэці Статут ВКЛ 1588 года, набыты для Беларусі ў межах ініцыятывы «Maldzis». Адкрываем тытульную старонку…

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй і былы дыпламат Павал Мацукевіч. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Белсат»: — Можна панюхаць?.. Пахне таямніцай. 

Павел Мацукевіч: — Так, але галоўная таямніца першай старонкі ў тым, што яна верагодна замянялася. Гэта праблема шматлікіх старадрукаў. Калі возьмеце Статут 1588 года першага выдання, то ў многіх кнігах, а захавалася амаль 70 асобнікаў, першая старонка змененая. Бо першая — самая прыгожая, і, калі кніга трапляла ў рукі неадукаваных людзей, яны проста маглі яе вырваць і забраць як сувенір. А калі і не, то першая і апошняя — самыя залапаныя і зашмальцаваныя.

Таямнічы «Dobrzyński» на другой старонцы

— Кажаце, захавалася амаль 70 асобнікаў. Гаворка пра выданне III Статута ВКЛ, надрукаванага ў 1588 года ў Вільні на старабеларускай мове?  

— Так, у друкарні Мамонічаў, на так званай рускай мове, якая бліжэй за ўсё да сучаснай беларускай. Паводле навукоўцаў, было надрукавана недзе 2500—3000 асобнікаў. На сёння вядома дакладнае месцазнаходжанне 66 з іх.

— Сярод іх — адзін у Беларусі? 

— Гэта праўда, але яшчэ адзін ёсць у беларусаў Вялікай Брытаніі — у бібліятэцы імя Скарыны ў Лондане. Большасць жа асобнікаў першага выдання Трэцяга Статуту знаходзяцца ў Расеі, Польшчы і Літве. Але калі прасачыць гісторыю кожнай кнігі, то высвятляецца, што многія з іх трапілі за мяжу з тэрыторыі сучаснай Беларусі. Напрыклад, два з тых старадрукаў, якія знаходзяцца зараз у Санкт-Пецярбурзе, трапілі туды з Жыровіцкага манастыра, які ў свой час меў вельмі каштоўную бібліятэку.

— Між тым, перад намі — пераклад Трэцяга Статуту ВКЛ на польскую…

— Дакладна, гэта выданне таго самага Статута, але ў перакладзе на польскую мову. Пераклад у гэтай рэдакцыі ўпершыню быў надрукаваны ў Варшаве ў 1648 годзе. Але акурат гэтая кніга выйшла з друкарні Езуіцкай Акадэміі ў Вільні ў 1693 годзе. У адрозненні ад варшаўскага выдання, у яе дададзеныя законы ад 1550 і да 1690 года. 

Хто быў уладальнікам гэтай кнігі, мы не ведаем. Але, паглядзіце, на другой старонцы маецца надпіс «Dobrzyński». Магчыма, якраз чалавеку з прозвішчам Дабжыньскі належаў гэты Статут. Дабжыньскіх у гісторыі было шмат. Адзін з іх, прыкладам, польскі кампазітар і піяніст Ігнацы Дабжыньскі (1807-1867). На жаль, дакладны шлях гэтай кнігі, а ёй больш за 300 гадоў, мы не маем магчымасці прасачыць.

 — Павел Мацукевіч прыходзіць дамоў, уладкоўваецца ў фатэлі і адкрывае Статут ВКЛ. Якое месца ў ім найбольш прыцягвае вас?

— Мяне прыцягвае гісторыя з’яўлення Трэцяга Статуту і ягонае значэнне. У тыя часы гэта быў вялікі крок да стварэння прававой дзяржавы. Бо менавіта ў гэтым Статуце ажыццявіўся падзел улады на выканаўчую, заканадаўчую і судовую. Увогуле, для тых часоў гэта быў самы прагрэсіўны звод законаў. Яго выкарыстоўвалі суседнія дзяржавы пры стварэнні ўласнага заканадаўства. Гэтыя законы дзеялі на тэрыторыі сучаснай Беларусі цягам 250 гадоў. І няма ў гісторыі пакуль такога закона, які б існаваў так доўга. Ёсць Канстытуцыя ЗША, але і яна да гэтага пакуль не дацягнула (была прынятая ў 1787 годзе — рэд.).

«Галоўнае ў гэтай гісторыі тое, што знайшліся людзі, якія далі грошы» 

— Вы знайшлі гэты рарытэт у польскім павятовым горадзе Каліш. Як выйшлі на яго?

— Гэта не вельмі істотна. Не пытанне знайсці нешта беларускае ў свеце, бо мы амаль усё згубілі. 

99% беларускай культурнай спадчыны знаходзіцца за межамі Беларусі. І не праблема выйсці, як вы кажаце, на яе. Праблема — у тым, каб набыць і вярнуць.

Таму галоўнае ў гэтай гісторыі тое, што знайшліся людзі, ахвярадаўцы, якія адгукнуліся на прапанову і далі грошы, каб мы змаглі гэтую зусім не танную кнігу выкупіць.

Статут ВКЛ, набыты ініцыятывай Maldzis. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

— Ці можам іх назваць?

— Так, гэта Сяргей КазлоўскіРаман АндрыянаўФіліп Дайнека і Дар'я Сліж. Дзякуючы фінансавай падтрымцы гэтых людзей набыццё старадруку стала магчымым.

— Каштавала вялікіх грошай?

— Даволі вялікіх. Але не буду называць дакладную суму, бо абавязкова з'явіцца нехта, хто скажа, што лепей было б гэтыя грошы аддаць, скажам, на дроны для ЗСУ ці на штосьці іншае…

— Першае выданне Статута 1588 году, якое ў 2012 годзе выкупілі беларусы і перадалі ў музей гісторыі Магілёву, каштавала 45 тысяч долараў. 

— Наш асобнік таннейшы. Бо там гаворка ішла пра першае выданне, пра адзін з тых самых 66 старадрукаў, пра існаванне якіх я казаў. Выданне ж, якое выкупілі мы, то бок пераклад на польскую, ёсць у Беларусі. Старадрукі 1693 года маюцца прынамсі ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў бібліятэцы Акадэміі навук РБ. А гэты Статут мы вырашылі перадаць у Навагрудак — першую гістарычную сталіцу Вялікага княства Літоўскага. У мясцовы краязнаўчы музей. І я думаю, ён можа стаць адным з галоўных артэфактаў музея.

Статут ВКЛ, набыты ініцыятывай Maldzis. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Перададзім у Беларусь, калі гэта будзе бяспечна для абодвух бакоў»

— Людзі пісалі, што калі вы перадасце кнігу ў сучасную Беларусь, то гэты скарб там або выкінуць на сметніцу, або спаляць, або прап'юць…

— Тое, што ў Навагрудку аб ёй паклапоцяцца, у мяне няма сумневаў. Казаць, што ў Беларусі спальваюць ці прапіваюць такія кнігі — гэта, думаю, вялікае перабольшванне.

— Але ж было, што спальвалі. А «Сабакаў Еўропы» Альгерда Бахарэвіча закатвалі трактарамі ў зямлю…

— Так, але… Беларуская рэчаіснасць складаная. Адначасова з гэтым выдаюцца беларускія кнігі, аднаўляюцца гістарычныя сядзібы. То бок ідуць супрацьлеглыя працэсы. І застаюцца музеі. Калі казаць пра рэгіянальныя музеі, то яны даволі пустыя — амаль усё было вывезена ці загінула ў розныя часы. Для рэгіянальнага музея такая кніга будзе найвялікшым падарункам. Адзначу, што зацікаўленасць з боку музеяў ёсць. Мы нават атрымалі ліст з іншага музею, і ў ім людзі пытаюцца, а чаму, маўляў, дорыце менавіта Навагрудку, а не нам — у нас жа людзей больш бывае. 

— То бок вы не будзеце чакаць, пакуль у Беларусі «пацяплее», каб перадаць Статут у Навагрудак?

— Перададзім, калі будзем цалкам упэўненыя, што людзі, якія прымуць ад нас гэты падарунак, не трапяць пад пераслед. Калі гэта будзе бяспечна для абодвух бакоў.

Ведаеце, гісторыя нікуды не знікла, культура нікуды не знікла, патрэба ў гэтым у беларусаў не знікла. Музеі робяць сваю працу, і там працуюць сапраўдныя прафесіяналы. 

Нашая ідэя палягае на тым, каб рабіць акцэнт менавіта на беларускіх рэгіёнах, мястэчках. Бо большасць беларускіх знакамітасцяў паходзяць якраз адтуль — з маленькіх гарадоў і мястэчак. Там ёсць музеі, але ў большасці з іх амаль нічога няма ад тых герояў, якім яны прысвечаныя.

«Maldzis» у Варшаве 

— Вяртанне Трэцяга Статута адбылося ў межах ініцыятывы «MALDZIS». Вы — сузаснавальнік і кіраўнік праекту. Распавядзіце, з чаго ўсё пачалося і што маеце ў планах.

— Пра планы не буду — каб не сурочыць (смяецца). А тэма вяртання культурнай спадчыны мне была заўсёды цікавая. Праца ініцыятывы ў галіне культурнай дыпламатыі, хоць тады мы яшчэ і не называліся «MALDZIS», пачалася прыкладна год таму з вырабу копіі надмагілля Яна Баршчэўскага. Гэта быў праект Алеся Сапегі — прэзідэнта дабрачыннага Фонду Марыі Магдалены Радзівіл. Мы з Рыгорам Астапеням знайшлі сродкі на выраб копіі — гэта, дарэчы, было таксама ахвяраванне. 

Ва Украіне ідзе вайна, і невядома, што зараз з помнікам Баршчэўскаму, які ў 2020 годзе ўсталяваў у горадзе Чуднаў (Жытомірская вобласць) Алесь Сапега. Невядома таксама, што з арыгінальнай плітой. Але ў Беларусі ёсць цяпер паўнавартасная копія. 

Статут ВКЛ, набыты ініцыятывай Maldzis. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Яшчэ адзін напрамак нашай дзейнасці — папулярызацыя беларускай спадчыны ў замежжы. Мы ствараем тэматычныя артыкулы — гайды па беларускіх месцах. Выйшлі ўжо гайды па Швейцарыі — «Шагал по Цюріху не только Марк», па Рыме, Кракаве, Празе, Вільне. Рыхтуюцца — па Грузіі і па Варшаве. 

Ствараем таксама мапу беларускіх месцаў Зямля Мальдзіса, на якой будуць пазначаныя пункты, звязаныя з тымі ці іншымі гістарычнымі персонамі — праект пакуль у распрацоўцы. Гэтая мапа — з дакладнымі адрасамі, каб чалавек мог прыйсці і дакрануцца да гісторыі. Мапа, у сваю чаргу, становіцца нагодай, каб разгледзець магчымасць усталявання ў такіх месцах мемарыяльных шыльдаў. І зараз, дарэчы, прапрацоўваем магчымасць усталявання памятных шыльдаў, прысвечаных дзвюм гістарычным постацям.

— Калі не сакрэт, пра каго гаворка?

— Пакуль што назаву толькі адно імя. Гэта Марыя Магдалена Радзівіл, якая нарадзілася ў Варшаве, і ёй, — калі хто не ведае, — шмат што тут належала. Ёсць ідэя ўсталяваць на адным з будынкаў, дзе яна жыла, мемарыяльную дошку. 

— Па-беларуску?

— На польскай і беларускай мове. Будзе, думаю, няпроста. Бо адзін з варыянтаў — гэта палац, дзе Марыя Магдалена правяла дзяцінства, а магчыма, і нарадзілася. Дык вось сёння ў ім размяшчаецца Музей Незалежнасці (Pałac Przebendowskich / Radziwiłłów — рэд.)…

«Хай лепей шукаюць каштоўнасці, чым «экстрэмістаў» сярод беларусаў»

— Цікава! Толькі адкуль браць сродкі?

— Уласна кажучы, мы і вырашылі апублічыць нашую дзейнасць, бо яна магчымая і мэтазгодная толькі тады, калі да гэтага далучацца людзі. На ўласныя сродкі гэтым займацца немагчыма. Прыкладам, старадрукі за ўласныя грошы набываюць або для прыватнай калекцыі, або — каб выгадна перапрадаць. Тут жа мэты празрыстыя: людзі, якія ахвяравалі грошы на выданне III Статута ВКЛ, ведаюць, што ён будзе перададзены ў якасці грамадскага падарунку ў Беларусь. І гэта працяг традыцыі мецэнацтва, яскравай прадстаўніцай якой была Марыя Магдалена Радзівіл. 

— Да вяртання парэшткаў якой у Беларусь вы прычыніліся, будучы яшчэ кіраўніком дыпламатычнай пляцоўкі ў Швейцарыі.

— Так, урна з прахам Марыі Магдалены Радзівіл месяцы два стаяла ў шуфлядзе майго працоўнага стала ў амбасадзе (смяецца) і чакала свайго часу. Проста не хацелася, каб парэшткі такой вялікай гістарычнай постаці вандравалі па прыватных кватэрах. А амбасада ж — гэта ўжо тэрыторыя Беларусі. Атрымліваецца, што Марыя Магдалена вярнулася ў Беларусь, не перасякаючы мяжы. Пазней Алесь Сапега забраў урну і перавёз яе ў Менск. Свой апошні спачын яна знайшла ў касцёле Святога Роха.

— Але, Павел, як так супала, што паралельна з дзейнасцю вашай ініцыятывы пошукамі зніклай культурнай спадчыны беларусаў вырашыла заняцца і Генпракуратура РБ? Склала нават свой спіс…

— Насамрэч усе гэтыя спісы былі складзеныя даўно. Гэтым займаўся фонд «Вяртанне», які ўзначальваў Адам Мальдзіс. Шмат гадоў працуе камісія па вяртанні каштоўнасцяў, якой кіруюць Мінкульт і МЗС. Тое, што да гэтага далучылася Генпракуратура, таксама не кепска. Хай лепей шукаюць каштоўнасці, чым «экстрэмістаў» сярод беларусаў. Я так мяркую.

Іншая справа, ці ў тым месцы збіраюцца шукаць. Той пералік аб'ектаў, які трапіў у СМІ, датычны каштоўнасцяў з так званага «магілёўскага спісу». Крыж Еўфрасінні Полацкай, булава Жыгімонта III ды іншыя рэчы знаходзіліся да знікнення ў пакоі-сейфе Магілёўскага абкаму партыі і ў 1941 годзе былі вывезеныя ў бок Масквы. Разам з імі захоўвалася, дарэчы, і Слуцкае Евангелле, якое «цудоўным чынам» раптам вярнулася ў Беларусь у 2003 годзе праз Беларускую праваслаўную Царкву. Так у гэтай гісторыі з'яўляецца «праваслаўны след». Ёсць здагадкі, што Крыж Еўфрасінні знаходзіцца ў Тройца-Сергіевай лаўры. 

Калісьці я разам з Алесям Сапегам зрабіў нават спробу трапіць у яе сховішчы — на жаль, не атрымалася… 

Так што раіў бы Генпракуратуры шукаць у першую чаргу на ўсходзе, а не на захадзе. Тым больш што «заходні след» Крыжа быў адпрацаваны Адамам Мальдзісам яшчэ ў 1990 годзе. Крыж Еўфрасінні шукаў нават Інтэрпол. Да справы далучыўся і беларускі КДБ. Цяпер вось — Генпракуратура. Ну і добра, хай шукаюць. Бо мы хоць і апынуліся зараз як эмігранты побач з нашай спадчынай, але весці сур'ёзныя размовы аб яе вяртанні не можам. Гэтым павінна займацца дзяржава. 

Зразумела, што дамовіцца з Захадам у Беларусі зараз не атрымаецца. Але ўпэўнены, што, калі б Аляксандр Лукашэнка ўзняў пытанне аб вяртанні беларускіх каштоўнасцей перад Пуціным, сёе-тое з вялікага спісу магло б дакладна вярнуцца. Нават Крыж Еўфрасінні.

«Праз такія вяртанні мы спрабуем захаваць сувязь з Беларуссю»

— Зноў і зноў згадваеце Адама Мальдзіса. Па сутнасці, вы зараз працягваеце ягоную справу.

— Так, калісьці мяне натхніла ягоная кніжка «Беларускія скарбы ў замежжы». А тут, калі мы разам з Рыгорам Астапеням абіралі назву для ініцыятывы, то доўга не прыйшлося думаць, у гонар каго яе назваць. Уся нашая дзейнасць накіраванае на тое, каб вярнуць уласную гісторыю. Калі атрымаецца зрабіць гэта, можа, тады мы да канца зразумеем, хто мы, і зможам заняць, як пісаў класік, «свой пачэсны пасад між народамі». 

— Калі вернем гісторыю — Пульс Леніна нарэшце спыніцца?

— Магчыма, так (смяецца). А магчыма, зменіць назву, бо канал, прысвечаны знешняй палітыцы РБ, атрымаў назву ад адрасу, на якім месціцца сёння МЗС Беларусі: вуліца Леніна, 19. Пакуль у Мінску «жыве» Ленін, б’ецца ягоны пульс.

— Вернецеся ў дыпламатыю?

— Я не ведаю, не хачу загадваць. Я думаю, што гэта будзе нейкая новая гісторыя, новыя людзі. 

Тут, ведаеце, вялікае пытанне з гэтай новай Беларуссю. Хутчэй за ўсё, яна ўжо ёсць. Не тая, пра якую мы марылі, але дакладна яна ўжо існуе. Тут справа, хутчэй, у тым, каб нам не згубіць з ёю сувязі. І вось у тым ліку праз такія вяртанні нашай спадчыны мы гэтую сувязь з Беларуссю спрабуем захаваць.

Павел Мацукевіч — былы беларускі дыпламат, з 2016 да 2020 года — часовы павераны ў справах Беларусі ў Швецарыі. Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй. Сузаснавальнік (разам з Рыгорам Астапеням) ініцыятывы ў галіне культурнай дыпламатыі «MALDZIS». Аўтар каналу «Пульс Леніна-19». 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(21)