Маці журналіста Дзяніса Івашына: Я буду змагацца за свайго сына да канца

Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын з Горадні ўжо чатыры месяцы застаецца за кратамі ў гарадзенскай турме. Яго затрымалі 12 сакавіка паводле арт. 365 Крымінальнага кодэксу — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных справаў». За гэты час Дзяніса неаднаразова вазілі на размовы ў КДБ, двойчы кідалі ў карцар. Падчас апошняй такой адседкі яму стала блага з сэрцам. Ужо другі месяц журналіст не атрымлівае ніякіх лістоў з волі.

«Мы з тых родных, хто не будзе маўчаць»

«Сёння я як выціснуты лімон: пэўна, праз усе эмоцыі», – пачынае расповед спадарыня Людміла, мама журналіста. Журналiсты Белсат сустрэліся з ёю пасля таго, як у Дзяніса здарыўся сэрцавы прыступ. Яна размаўляла з начальнікам медычнай службы, які распавёў пра стан журналіста ў турме.

«Калі я запытала, што здарылася з сынам, ён пачаў з фразы: «Інфаркту не было». Пэўна, бачыў, у якім я была стане, і найперш вырашыў мяне супакоіць. Ён распавёў, што на фоне пастаяннага эмацыйнага, псіхалагічнага стрэсу, у якім Дзяніс застаецца ўжо чацвёрты месяц толькі за тое, што ён журналіст, пачаліся змены ў працы сэрца. Пачалося пачашчэнне і заміранне рытму. Як ад гэтага пазбавіцца? Толькі выключыць стрэс. А як выключыць стрэс у гэтых умовах і колькі гэта будзе яшчэ трываць?» – спадарыня Людміла сціскае замком пальцы рук.

Дзянісу прапісалі лекі, каб аднавіць рытм сэрца. Спадарыня Людміла напісала заяву, каб сына паклалі на амбулаторнае даследаванне – адказалі, што неабходнасці ў шпіталізацыі няма, Дзяніс пад назіраннем.

Людміла Івашына, маці палітвязня Дзяніса Івашына. Горадня, Беларусь. 2 ліпеня 2021 года. Фота: МК / Белсат

«Зрабіць нейкае больш сур’ёзнае даследаванне ў турме немагчыма, у іх няма нават апарату УГД. Пасля размаўляла з намеснікам начальніка па ідэалагічнай працы, то запытала яго: турма ж, маўляў, называецца папраўчай установай, але якая яна папраўчая, калі яна губіць здароўе? Мяняйце назву», – распавядае спадарыня Людміла.

Дзяніс ужо двойчы быў у карцары. Пасля першага разу ён папрасіў перадаць лекі ад боляў у сэрцы, вітаміны. Родныя насцярожыліся: навошта, што здарылася? Але ніякай інфармацыі так і не атрымалі.

«Дзяніс вельмі нас любіць, як і мы яго, і вельмі нас ахоўвае, у тым ліку ад такой інфармацыі, якая можа нашкодзіць нашаму здароўю. Тады мы толкам нічога і не даведаліся. Лекі і вітаміны купілі, аднеслі, але ў нас нічога не прынялі. Праз нейкі час праз адваката даведаліся, што здароўе ў Дзяніса больш-менш нармальнае, не скардзіцца», – кажа маці вязня.

Фота Радыё Свабода

Праз некаторы час журналіст трапіў у карцар другі раз. У ягонай камеры – 3,5 х 2 метры – стаяць два двух’ярусныя ложкі. Дзяніс спаў на другім ярусе, вызвалілася месца ўнізе – перамясціўся туды. За гэта яму далі пяць дзён карцару. Бывалыя людзі кажуць, што гэта занадта жорсткае пакаранне за такую правіннасць. Падчас гэтай другой адседкі Дзянісу стала блага. Запрасілі медыка, зрабілі кардыяграму. На наступны дзень журналіста выпусцілі з карцару, яго агледзеў кардыёлаг з паліклінікі, выпісалі лекі – для сэрца, супакаяльныя, вітаміны.

«Калі я даведалася пра гэта… Перадаць свой стан складана, гэта ўсё вельмі балюча. Пачала біць трывогу, напісала эмацыйны пост у «Фэйсбуку», што выклікала вялікі розгалас. І я гэтаму вельмі радая. Мы з тых родных, хто не будзе маўчаць, а будзе крычаць», – усхвалявана кажа спадарыня Людміла.

«За здзекі і катаванні ўсім давядзецца адказваць»

Паводле маці, цяпер на псіхіку Дзяніса каласальна ціснуць. Напрыклад, ранкам у камеру прыходзіць намеснік начальніка турмы, прыносіць аркуш паперы: маўляў, сядай, пішы прызнанне. Увечары прыходзіць забіраць аркуш, а ён пусты.

«У чым Дзяніс мусіць прызнавацца? Ён ні ў чым не вінаваты. Таксама яго рэгулярна вазілі на размовы ў КДБ без адваката. Там прысутнічаюць людзі ў цывільным і падпалкоўнікі. Патрабаванне – прызнацца, узяць віну на сябе, супрацоўнічаць з органамі. Тады, магчыма, скароцяць тэрмін. Як такое вытрываць? Калі Дзяніса прывозяць у камеру пасля такіх размоваў, ён паўгадзіны моўчкі сядзіць і глядзіць у адну кропку на падлозе. Мяне хвалюе пытанне, хто тыя людзі, якія з ім гутараць. Беларусы ці заклятыя ўсходнія сябры?» – задаецца пытаннямі маці журналіста.

Дзяніс Івашын праходзіць падазраваным у справе паводле арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў»). Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Вядзе справу старэйшы следчы ў асабліва важных справах УКДБ Гарадзенскай вобласці Аляксандр Лаўрэнчук. У чым прымушаюць прызнацца, невядома. Маці хвалюецца, што сыну могуць выставіць нешта падобнае, як і медыйнаму менеджару Андрэю Аляксандраву: здраду дзяржаве.

«Унутранае напружанне вельмі моцнае. Але я свайго сына буду абараняць усімі магчымымі спосабамі», – цвёрдым голасам кажам спадарыня Людміла.

Жанчына адзначае вельмі адчувальнае падтрыманне, у тым ліку з-за мяжы. Але ёй хацелася б, каб адбываўся большы ціск на ўлады Беларусі: «Столькі людзей арыштаваныя і за кратамі ні за што, у жудасных умовах, пад велізарным прэсінгам. Гэта здзек і катаванні, за якія, вядома, усім давядзецца адказваць. Я перакананая: ніхто гэтага не прабачыць».

26 траўня памерла бабуля Дзяніса, якую ён даглядаў апошні год. Спадарыня Людміла пазваніла следчаму Лаўрэнчуку і папрасіла, каб сыну дазволілі развітацца. Ён адмовіў. 

«На наступны дзень мне пазванілі і сказалі, што пастанавілі ўсё ж прывезці Дзяніса развітацца з бабуляй. Удакладнілі, калі, у які час, папрасілі, каб не здымалі відэа і фота. Ранкам у дзень пахавання, 28 траўня, я перазваніла Лаўрэнчуку і запытала, ці ўсё ў сіле, ці будзе Дзяніс. Следчы абурана сказаў, што нічога не ведаў: яго паставілі перад фактам і ён дасюль супраць, пастанавілі без яго.

Мы чакалі. Я стаяла каля вакна, каб бачыць уезд на могілкі, з надзеяй, што ўсё ж прывязуць Дзяніса. Не прывезлі. У дзень пахавання адвакатка пайшла да Дзяніса з самога ранку, каб паведаміць пра ўсё і крыху падрыхтаваць. Ён быў у шоку ад навіны, але чакаў, што яго адпусцяць развітацца», – кажа маці журналіста.

«Дзяніс піша вельмі кранальныя лісты, заўсёды так наплачашся, пакуль прачытаеш»

З 19 траўня Дзяніс не атрымлівае ад родных лістоў. Спадарыня Людміла кажа, што яны адпраўляюць лісты з апавяшчэннем, маюць усе квіткі, што лісты дастаўленыя. Але Дзяніс нічога не атрымлівае.

«Штодня правяраем паштовую скрыню – пустая. Пішам лісты раз на тыдзень, кожны ліст нумаруем і пішам пад капірку. У мяне цэлая тэчка ліставання са следчым, пракуратурай і гэтак далей. Спадзяюся, усё гэта спатрэбіцца ў свой час. Хацела перадаць Дзянісу вентылятар у камеру, калі была гэтая спякота. Не ўзялі. Ведаючы пры гэтым, што ў яго праблемы са здароўем. Такая вось «чалавечнасць», усё накіраванае на тое, каб прынізіць, зламаць чалавека», – адзначае спадарыня Людміла.

Калі жанчына пачынае казаць пра лісты ад Дзяніса, голас становіцца мяккім і цёплым, а на твары зʼяўляецца лёгкая ўсмешка:

«Дзяніс піша вельмі кранальныя лісты, заўсёды так наплачашся, пакуль прачытаеш. Пасля перачытваеш па сто разоў. Ён больш нас падтрымлівае ў лістах. Дае парады, як усё вытрываць. Расстройваецца, што не можа нічым нам дапамагчы. У кожным лісце перадае падзякі тым, хто нас падтрымлівае. Не скардзіцца ні на што.

Піша, што трымаецца, займаецца фізічнаю падрыхтоўкай, наколькі магчыма, шмат чытае. Дзяніс любіць фантастыку, цяпер чытаў Шандаровіча. Ужо пэўна палову турэмнай бібліятэкі перачытаў. Выпісалі яму газету «Новы час» – не прынеслі ні аднаго нумару. Затое прыносяць «Звязду», «Гродзенскую праўду», «СБ». Але ён як журналіст умее чытаць паміж радкоў».

Людміла Івашына жыве за горадам, мае невялікую гаспадарку, гадуе птушак – курэй, гусей, качак. Пра гэта і піша сыну ў лістах: «Пішу яму дзіцячыя наіўныя лісты, яму гэта падабаецца, гэта яго крыху расслабляе. Прашу, каб пабольш займаўся фізічнымі практыкаваннямі, бярог вочы і не так шмат чытаў, псіхалагічны рыхтаваў сябе да таго, што адбываецца. Пішам самыя добрыя лісты. Дай бог, яны ўсе захаваюцца. У Дзяніса ёсць мара напісаць кнігу пра сваю сямʼю. Ён вывучаў наш радавод, гадоў на 300 углыб пайшоў. І гэта настолькі цікава! І, магчыма, нашая цяперашняя перапіска таксама ўвойдзе ў гэтую кнігу».

«Праца Дзяніса патрэбная краіне»

Бацька Дзяніса – украінец, родам з Дняпра, працаваў на «Азоце» інжынерам, яго ўжо даўно няма сярод жывых. Маці журналіста працавала ў дзіцячым садку. Дзяніс выхоўваўся ў вельмі спакойнай інтэлігентнай сям’і.

«Ён вельмі сумленны чалавек, лепей прамаўчыць, але ніколі не схлусіць. Ягоная бабуля, Раіса Барысаўна, мая мама, вучыла яго быць заўсёды сумленным. А мая бабуля Васіліса заўсёды казала: хлусіць ніколі нельга, любая хлусня вылезе праз 30–40 дзён. І гэта мне, маленькай дзяўчынцы, так уелася ў памяць», – згадвае спадарыня Людміла.

У журналіста ёсць старэйшы брат Мікалай, ён жыве ў Францыі, працуе ў буйным каледжы загадчыкам гаспадаркі. Кожны дзень тэлефануе: пытае, як Дзяніс, якія навіны.

«Дзяніс з трох гадоў пачаў чытаць усё запар. Пакуль я вяла яго ў садок, ён столькі гісторыяў прыдумляў і распавядаў, так цікава фантазіяваў! З лісточкаў мульцікі выразаў і склейваў. Пэўна, таму да гэтай пары любіць фантастыку. Калі вучыўся ў школе, я ніколі не правярала ягоных хатніх заданняў, настолькі адказна і самастойна ён да ўсяго падыходзіў. Гэтая рыса захавалася і ў дарослым жыцці», – адзначае маці палітычнага вязня.

У юнацтве Дзяніс быў у «Маладым фронце». У 1990-ыя адбывалася шмат цікавых акцыяў, тады і зарадзіліся нацыянальныя каштоўнасці ў Дзяніса і шмат іншых беларусаў.

«У той час там былі беларусы – сапраўдныя глыбы: Зянон Пазняк, Міхась Ткачоў, Мікола Маркевіч. Цудоўныя людзі, гонар Беларусі! І яны мелі сілу, маглі штосьці рабіць. Дзяніс хадзіў на імпрэзы і паседжанні, яны ездзілі па памятных мясцінах, укладалі вянкі і кветкі», – згадвае спадарыня Людміла.

Дзяніс мае эканамічную адукацыю, але прысвяціў сваё жыццё журналістыцы. Першыя свае працы напісаў пра падзеі ў Сірыі: збіраў, сістэматызаваў, аналізаваў інфармацыю з адкрытых крыніцаў. Матэрыялы выклікалі цікаўнасць, тады пра Дзяніса ўпершыню пачулі. У 2014 годзе ён паехаў на Майдан: не мог абыякава глядзець на тое, што адбываецца ва Украіне. Прабыў там нядоўга, але паспеў пазнаёміцца з камандай «Інфармнапалму», якая займаецца расследаваннямі. Спачатку перакладаў іх працы, а пасля паглыбіўся, вывучыў справу і пачаў рабіць свае расследаванні.

«У яго гэта вельмі добра і лёгка атрымліваецца, унутры сядзеў гэты аналітычны талент. І галоўнае, яму гэта падабалася. Спадзяюся, будзе яшчэ доўга падабацца, ён напіша яшчэ шмат расследаванняў, будзе прыносіць карысць сваёй працаю», – з гонарам кажа спадарыня Людміла.

Дзяніс ужывае не проста беларускую мову, а тарашкевіцу. Ён вельмі ўседлівы, калі нешта задумаў – зробіць.

«Гэтая якасць карысная ў расследаваннях: ён знаходзіць, супастаўляе і аналізуе вялізарны абʼём інфармацыі. Праца Дзяніса патрэбная краіне! Калі ён выкрываў «казачкоў» і агентаў «русского мира» ў Беларусі – гэта ж важна для нацыянальнай бяспекі. Дзяніс рабіў працу нашых органаў, ускрываў гэтыя ўсе факты», – перакананая маці журналіста.

«Ён казаў: я не магу маўчаць»

Маці заўсёды трывожылася за сына, яны не раз абмяркоўвалі, што здарыцца можа што заўгодна: «Напярэдадні ягонага затрымання, дні за два, мы з ім менавіта пра гэта размаўлялі. Я казала Дзянісу: яны могуць зламаць лёс, зрабіць шмат непрыемнасцяў. Ён мне адказаў: «Мама, я ўсё разумею, я да ўсяго гатовы. Я ведаю, што так можа адбыцца, але я не буду маўчаць. Я не магу маўчаць. Я павінен даносіць людзям праўду».

І праз некалькі дзён суседка мне паведамляе: Дзяніса забралі. Што я адчула ў той момант? Сэрца часцей забілася. Шок. Не ведаю, як гэта назваць. Галава цяміць, але сэрцу сказаць «супакойся» немагчыма. Ідзе такі разнабой галавы і сэрца… Праз некалькі гадзінаў прыехалі з ператрусам да нас за горад».

Дзянісу шмат хто раіў з’ехаць з краіны, але ён і слухаць не хацеў. Казаў, што гэта ягоная краіна і ён будзе тут жыць, што б ні здарылася. Маці падкрэслівае: Дзяніс – вялікі патрыёт Беларусі. Сям’ёй яны практычна ў кожныя выходныя ездзілі ў розныя куткі краіны, Дзяніс рыхтаваўся і ладзіў родным экскурсіі.

«Пасля затрымання сына мы адразу сабраліся і пачалі думаць, што рабіць, назначылі планы. Першы крок, другі, трэці. Нават не паўставала такога пытання, каб баяцца. Мы не з баязліўцаў. Я буду змагацца за свайго сына да канца. Робім што можам. Крычым, тупаем, грукаемся ўва ўсе дзверы. Але, думаю, калі б не было падтрымання, то і мяне не было б. Я ўжо не кажу, як працуе маё сэрца. Але я мушу дачакацца Дзяніса», – кажа спадарыня Людміла.

Галоўнае апірышча для маці сёння – жонка журналіста Вольга:

«Воля і Дзяніс вельмі падобныя. Воля такая ж сумленная, у чымсьці ўпартая, настойлівая. Яны абое цудоўна размаўляюць па-беларуску. За імі вельмі цікава назіраць, асабліва калі яны пачынаюць буркаваць, калі разам спяваюць песні, размаўляюць, спрачаюцца. Гэта ўсё так прыгожа! Яны як адно цэлае. Я Волю вельмі люблю. Яна столькі робіць для Дзяніса. Яна разумніца, шмат пра яго піша, практычна ўзяла на сябе ягоную працу, стала журналісткаю. Мы цяпер практычна ўвесь час разам. З ёю мы можам паразмаўляць на любыя тэмы, падзяліць на дзвюх гэты агульны боль».

Як падтрымаць Дзяніса і ягоную сямʼю

Падтрымаць Дзяніса Івашына можна, пішучы яму лісты (лепш замоўныя з апавяшчэннем), а таксама пералічыўшы грошы ў турму, каб ён мог набыць сабе неабходныя рэчы.

Рэквізіты для грашовага пераліку:

Турма № 1, Горадня

УНП: 590003691

BIC: BAPBBY2X

IBAN: BY81BAPB36429050005540000000

Адрас для лістоў:

Дзянісу Яўгенавічу Івашыну

Турма № 1, вул. Кірава, д. 1, 230023, г. Горадня

Хто хоча фінансава падтрымаць сямʼю Дзяніса Івашына, можна адправіць пералік на банкаўскую карту:

«БПС-СБЕРБАНК»: 5435 5311 6677 1004

LIUDMILA IVASHINA-DOBINA

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)