Политика
Юлія Аляксандрава

«Людзі не хочуць, каб імі кіравалі нейкія марыянеткі»

Сход Івянецкага аддзела непрызнанага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі нягледзячы на запалохванні і затрыманні аддзінагалосна падтрымаў дзеючага кіраўніка арганізацыі — Тэрэсу Собаль. «Мы яшчэ ў 2005 годзе дэкларавалі, што калі каго-небудзь з Саюза палякаў улады будуць пераследваць, мы ўсе будзем яго бараніць», — распавёў «Салідарнасці» актывіст неафіцыйнага СПБ Анджэй Пачобут.

21 студзеня, калі меў адбыцца сход Саюза палякаў на Беларусі, на шляху да Івянца былі затрыманыя некалькі дзесяткаў актывістаў арганізацыі. Але ўсё ж мерапрыемства адбылося, а кіраўніком івянецкай арганізацыі СПБ адзінагалосна была абрана Тэрэса Собаль.

Адметна, што на затрыманнях актывістаў запалохванні не скончыліся. Пасля заканчэння з’езда, калі большая частка людзей ужо разышлася, у Доме польскім раптоўна знікла святло.

— Мы падумалі, што гэта можа адбывацца перад тым, як увесці спецназ, — узгадвае Анджэй Пачобут. — Каб у цемры немагчыма было зрабіць здымкі. Аднак ніякіх зрухаў не было. Таму на дзяжурства ў Доме польскім застаўся прадстаўнік кіраўніцтва, сябры арганізацыі, а ўсе астатнія раз’ехаліся. З раніцы ў Доме польскім уключылі святло, што мы расцэньваем як вельмі пазітыўны факт. Таксама знікла міліцыя, якая дзяжурыла вакол будынка. Спадзяюся, сёння Дом польскі будзе жыць сваім нармальным жыццём: будуць заняткі польскай мовы, рэпетыцыя хору…

— Тое, што ўчора адбывалася, было беспрэцэдэнтным умяшальніцтвам беларускіх уладаў у дзейнасць Саюза палякаў, — лічыць суразмоўца «Салідарнасці». — Па-першае, сход склікалі беларускія ўлады («У валожынскай «раёнцы» надрукавалі абвестку аб тым, што Тэрэса Собаль выключана з сяброў арганізацыі, а на 21 студзеня запланаваны сход сяброў СПБ з мэтай выбараў новага кіраўніцтва», — паведамляў Андрэй Пачобут у сваім блогу), што нават супярэчыць беларускаму закону аб грамадскіх аб’яднаннях. Па-другое, улады аказвалі ціск на сяброў Саюза палякаў, каб яны падтрымалі лаяльных да ўлады людзей. Але гэтая спроба пацярпела паразу. Цяпер улады маюць два шляхі развіцця падзей.

Першае: паўтарыць падзеі 2005 года, калі спецназ увайшоў у сядзібу Саюза палякаў, сілай выцягнуў людзей і ўвеў, скажам так, агентаў беларускай улады, якія ад таго часу сядзяць у трынаццаці Дамах польскіх. Тры Дамы польскія, якім удалося пратрываць у той складаны час, засталіся незалежнымі. Другое магчымае развіццё падзей: прызнаць існуючы статус кво. Сітуацыя з Домам польскім у Івянцы паўстала не сёння: яна не змянялася з 2005 года. Гэта быў аддзел Саюза палякаў, які ўвесь час дэклараваў, што ён падтрымлівае кіраўніцтва Саюза палякаў, на чале якога стаіць Анжаліка Борыс і не прызнае Станіслава Сямашку.

Зараз у Доме польскім у Івянцы працягваецца дзяжурства сяброў Саюза палякаў: некалькіх актывістаў з Гродна, мясцовых людзей, застаўся і намеснік старшыні Саюза.

— Мы будзем адстойваць гэты Дом, — запэўнівае Анджэй Пачобут. — Спроба беларускіх уладаў дэмакратычным шляхам захапіць яго правалілася. Сход паказаў, што людзі не хочуць, каб імі кіравалі нейкія марыянеткі. Нягледзячы на ўсе запалохванні, на ўзбуджэнне супраць Тэрэсы Собаль абсалютна надуманай справы, рэальнай нагодай для якога з’яўляецца яе актыўная грамадская дзейнасць, людзі патдтрымалі менавіта яе і незалежны Саюз палякаў.

— З боку ўладаў гэта відавочная эскалацыя канфлікту. Відавочна, яны палічылі, што такі невялічкі Івянец арганізацыя не будзе бараніць, — лічыць Андрэй Пачобут. — Але мы яшчэ ў 2005 годзе дэкларавалі, што калі каго-небудзь з Саюза палякаў улады будуць пераследваць, мы ўсе будзем яго бараніць. Гэта была своеасаблівая праверка гэтых словаў, калі трэба было змабілізаваць сяброў СПБ з розных гарадоў, каб яны прыехалі проста падтрымаць гэтых людзей. Каб івянецкія сябры Саюза палякаў маглі галасаваць згодна са сваім сумленнем, а не на падставе таго, што ўлады іх запалохалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)