Лёгкі шантаж Расеі
Ужо шмат сказана пра тое, што агрэсія РФ супраць Украіны, адмова Масквы прызнаць вынікі распаду СССР стварае новую геапалітычную сытуацыю. Цяпер мы маем справу з новай Расеяй, якая нясе пагрозу сваім суседзям.
Гэта ўстрывожыла палітычныя эліты новых дзяржаў, якія паўсталі на постсавецкай прасторы, і яны спрабуюць рабіць захады, каб неяк нэўтралізаваць такія пагрозы. Вось Казахстан прымае папраўкі ў заканадаўства, якія прадугледжваюць узмацненьне пакараньня за сэпаратызм.
Беларускія ўлады хутка і жорстка перапынілі спробы грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі славянскі камітэт» на чале з заўзятым славянафілам Сяргеем Касьцянам ператварыцца ў партыю. Пра тое, што гэта было ня нейкае руціннае бюракратычнае рашэньне, а спэцапэрацыя, сьведчыць такі факт: за адзін тыдзень улады прымусілі выйсьці зь Беларускага славянскага камітэту тысячу чалавек. На фоне ўкраінскіх падзеяў славянафілы становяцца для рэжыму ці ня большай небясьпекай, чым праэўрапейская апазыцыя.
Але ўсё ж непасрэдныя пагрозы незалежнасьці Беларусі — гэта справа ня сёньняшняга дня, а, хутчэй, пэўнай будучыні. Бо Расеі патрэбен некаторы час, каб «ператравіць» Украіну. Маю на ўвазе ня толькі Крым. Нават калі Ўкраіне і ўдасца захаваць Усход і Поўдзень, але ўплыў Расеі на гэтыя рэгіёны павялічыцца, яны стануць сродкам ціску на Кіеў. І Маскве трэба будзе будаваць мэханізмы маніпуляваньня.
А Лукашэнка далёка не зазірае. Ён жыве сёньняшнім днём, рэагуе на цяперашнюю сытуацыю. Дарэчы, такая тактыка паказала сваю эфэктыўнасьць і дазволіла яму ўжо 20 гадоў трымаць уладу.
Больш за тое, новая геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне адкрывае перад афіцыйным Менскам дадатковыя магчымасьці. Кіраўнік Беларусі ўжо казаў, што канфлікт Расеі і Ўкраіны спрычыніўся да зьяўленьня на расейскім рынку свабодных нішаў, напрыклад, у сфэры ВПК, і гэта трэба выкарыстаць.
Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў спыніць будоўлю газаправоду «Паўднёвы паток». Калі гэтая ідэя рэалізуецца, то транзытная вага Беларусі ўзрасьце. Магчыма, справа дойдзе да будоўлі новай ніткі трубаправоду Ямал — Эўропа.
Некаторыя экспэрты кажуць, што ўкраінскі крызіс можа прывесьці да павелічэньня расейскіх субсыдыяў беларускай эканоміцы. Маўляў, Беларусь засталася адзіным і адданым саюзьнікам, і за гэта трэба аддзячыць. Ва ўсялякім разе, Лукашэнка будзе моцна апэляваць да гэтага чыньніку. Наколькі апраўданыя такія спадзяваньні? Вось Расея задаволіла просьбу Беларусі і абяцае паставіць сёлета 23 млн тон нафты.
Галоўным паказьнікам гатоўнасьці Расеі ўлічваць інтарэсы Беларусі будзе пытаньне мыта на нафтапрадукты, якое Беларусь пералічвае ў расейскі бюджэт. Гаворка ідзе пра суму 3,3–4 млрд даляраў у год. Менск патрабуе, каб з моманту стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭЭС) гэтае мыта заставалася ў беларускім бюджэце.
ЭЭС павінен пачаць працу з 1 студзеня 2015 году. Беларусь, Расея і Казахстан дамовіліся, што пагадненьне аб утварэньні гэтага аб’яданьня павінна быць падпісана да 1 траўня 2014 году. Апошнія перамовы на ўзроўні кіраўнікоў урадаў засьведчылі, што Масква пакуль не гатовая да такога рашэньня. Грошы патрэбныя на супрацьстаяньне з Украінай. Таму РФ прапануе вынесьці гэтае пытаньне за дужкі, вырашыць потым, а цяпер падпісваць усе дакумэнты аб стварэньні ЭЭС.
А Лукашэнка, прымаючы Мясьніковіча ў сераду, цьвёрда заявіў, што Беларусь будзе настойваць на сваім. Бо пад прэзыдэнцкія выбары гэтыя грошы вельмі патрэбныя.
Мяркуючы па ўсім, Менск ставіць пытаньне так: беларускі бок падпіша пагадненьне аб утварэньні ЭЭС толькі пры ўмове, што Расея пагодзіцца задаволіць патрабаваньне Беларусі. Такі сабе лёгкі шантаж.
Вырашальная сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі, Расеі і Казахстану адбудзецца 29 красавіка ў Менску. Яна павінна адказаць на важныя пытаньні. Як Расея трансфармуе сваю перамогу над Украінай у ціск на саюзьнікаў? Як яна гатовая плаціць хаўрусьнікам за палітычную ляяльнасьць?
Калі бакі не дамовяцца, то гэта будзе скандал. Чакаць засталося нядоўга.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное