Лявончык: «Спатрэбіцца больш высілкаў, каб не «павязалі» тых людзей, якія дастаўляюць дапамогу»

Кіраўнік фонду BY_Help — пра пашырэнне рэпрэсій і новыя выклікі.

Паводле праваабаронцаў, пад хвалю пераследу за дапамогу палітзняволеным і іх сем’ям трапілі ужо больш як 220 чалавек — і цяпер дапамога патрэбная ўжо ім. Ці гатовыя да гэтага выкліку фонды салідарнасці беларусаў?

— Тое, што адбылося, ніяк не паўплывала на нашыя пратаколы бяспекі, якія даволі жорсткія, — зазначыў у эфіры Еўрарадыё кіраўнік фонду BY_Help Аляксей Лявончык, — бо ўжо да гэтага мы былі абкладзеныя з усіх бакоў, мелі статус «экстрэмістаў», і за сувязь з фондам альбо атрыманне ад яго дапамогі людзей маглі адправіць у турму. Таму ўсе атрымліваюць інструкцыі, што можна, а што нельга, каб мінімізаваць рызыку для сябе.

Аляксей Лявончык

І паколькі мы ўжо дайшлі да той ступені, калі дзейнічаем звышсхавана і стараемся не пакідаць ніякіх слядоў, дадаткова нешта змяняць не спатрэбіцца.

Іншая рэч, што адбылася новая ўспышка колькасці тых беларусаў, каму патрэбная дапамога, каго пацягнулі пасля аблавы ў 20-х чыслах студзеня. Таму спатрэбіцца больш высілкаў, каб не «павязалі» тых людзей, якія дастаўляюць дапамогу, трэба думаць таксама, як бяспечна дастаўляць грошы іншымі спосабамі… Кожны тыдзень унутры каманды мы аналізуем рызыкі, якія ўзнікаюць, адаптуем іх, — і правалаў у кампаніі пакуль не было, што вельмі добра.

На думку Аляксея Лявончыка, частка былых палітзняволеных і рэпрэсаваных беларусаў пасля чарговай маштабнай аблавы вырашыць выязджаць з Беларусі, і гэта трэба ўлічваць у праграме рэабілітацыі палітзняволеных за мяжой.

— Мы пакуль спраўляемся, хапае рэсурсаў заплаціць усе заяўкі, якія паступаюць, і не адбываецца чагосьці такога, чаму мы не можам даць рады. Але наступным чэленджам я бачу пашырэнне каманды, якая забяспечвае падтрымку ўнутры краіны за мяжой — і пытанне, як зрабіць гэта бяспечна.

Пры гэтым, нагадвае Аляксей, беларускія сілавікі працягваюць збіраць базу ведаў і твараў пратэстоўцаў, а таму тыя, хто актыўна ўдзельнічаў у працэсе, застаюцца ў найбольшай небяспецы:

 — Гэта не азначае, што ГБ у стане прыйсці за ўсім мільёнам ці нават больш тых, хто браў удзел у дэманстрацыях. Не. Я кажу пра саміх удзельнікаў, у якіх рызыка, што яны трапіліся на камеры ціхароў і шматлікія фота, хто быў у дваровых чатах, якія потым «ускрылі», і тут мая парада ўсё-ткі з’язджаць. Усе не выедуць, гэта фізічна немагчыма, і кожны прымае рашэнне сам  — але, калі ласка, сувымярайце небяспеку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)