Па сутнасці, гэта ўжо міжнародны гандаль закладнікамі, Лукашэнка ідзе за Іранам.
Лявончык: «Цяпер мы бачым, што бывае, калі з Лукашэнкам пачынаюць цацкацца»
Сузаснавальнік фондаў ByHelp і BySol Аляксей Лявончык — пра магчымыя перамовы з беларускім дыктатарам.
— З Лукашэнкам размаўляць трэба, але толькі з пазіцыі сілы, — заявіў Аляксей Лявончык на Еўрарадыё. — Што бывае, калі з ім пачынаюць цацкацца, відаць па вось гэтым няшчасным немцы, якому далі смяротнае пакаранне.
Гэта зараз смяротнае пакаранне далі немцу. А потым пачнуць ужываць і да беларусаў (па палітычных падставах — С.). Вось, калі ласка, стаўкі павысіліся.
Іран рэгулярна бярэ ў закладнікі нейкага грамадзяніна з двайным грамадзянствам, асуджае яго на пажыццёвае зняволенне альбо на смяротнае пакаранне, а потым цыганіць з краіны грамадзянства, часцей гэта ЗША альбо Брытанія, грошы.
Як толькі тыя пагаджаюцца даць ім нейкі працэнт, закладніка тут жа адпускаюць. І вось тут будзе роўна тое ж самае. Яны будуць «гандляваць» гэтым немцам у кірунку: здыміце гэта, здыміце тое — і мы яго не расстраляем.
Але цалкам магчыма, што гэта і рука Масквы з абменам на Красікава.
У любым выпадку бязвіз, які абвясцілі нядаўна, часткова можа спрыяць гэтай гульні. Калі ў Беларусь паедзе больш замежнікаў, будзе патэнцыйна больш закладнікаў.
Таксама Лявончык тлумачыць, чаму Захад у гэты раз не зможа «перагарнуць старонку» з Лукашэнкам.
— Такі варыянт можна было сабе ўявіць да 2022 года. Тады яшчэ можна было неяк «перагарнуць старонку».
Але зараз пазіцыі Захаду і Лукашэнкі вельмі далёкія. І, галоўнае, пасля лютага 2022 года ён — суагрэсар. Калі б не гэта, там было б поле для перамоваў. Зараз яго няма.
Тое, што Лукашэнка адвёў войскі ад украінскай мяжы, вызвалілі 18 палітзняволеных — гэта абсалютна нічога не значыць.
Лукашэнка ў любы момант можа зноў даць тэрыторыю Беларусі для абстрэлу Украіны, для расійскіх войск.
Таму не бачу я зараз такой сітуацыі. Ён можа выпусціць частку палітзняволеных і яму прапануюць за гэта нейкую палёгку, але калі ён будзе патрабаваць: давайце, я вызвалю кагосьці, а вы вернеце ўсе да статус-кво 2020 года, — такога не будзе, — упэўнены Лявончык.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное