Лявон Вольскі: «Калі ўбачыў расійскую армаду, то падумаў: захапіць Кіеў за тры дні наўрад ці ў іх атрымаецца»

Вядомы музыка — пра тое, на якія сцэнары зменаў у Беларусі разлічваць не трэба.

— Ядзерная зброя ў Беларусі — гэта гамон, безумоўна. Гэты шлях трэба тэрмінова перарваць, — кажа Лявон Вольскі ў эфіры праграмы «Об*чное утро». — Зразумела, што Пуцін думае: «Паставім, я буду кіраваць», а гэты (Лукашэнка — С.) думае: «Ты толькі мне дай сюды, а там ужо разбяромся». Ім наогул нельга даваць цацачны пісталет, а тут цэлая валізка з кнопкай.

Баяцца гэтага (выбуху ЯЗ — С.) страшна, і калаціцца, што зараз гэта можа быць — яно заўсёды магло быць. Калі ў такога чалавека ёсць такі элемент уздзеяння, і тым больш, як мы бачым, яны ў гэтай вайне не могуць нічога нармальна зрабіць, можа і адбыцца выпадак «дык не даставайся ж ты нікому». Залежыць ад атачэння, наколькі ўсе захочуць выканаць гэты загад.

Лявон Вольскі, фота Yury Sidun

Музыка ўспамінае, што ў канцы 80-х служыў у рэмонтна-абнаўленчым батальёне па рамонце і захоўванні аўтамабільнай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку на вайсковых аэрадромах.

— І калі я ўбачыў у першы дзень вайны, як гэта расійская армада едзе заваёўваць Кіеў…

У той час, калі я служыў, гэта ўжо была састарэлая мадэль, і калі яна выязджае куды-небудзь, трэба, каб за ёй ужо ехала брыгада, каб яе рамантаваць. Я паглядзеў на гэта і падумаў, што захоп Кіева за тры дні наўрад ці ў іх атрымаецца.

Праз пару тыдняў так і адбылося — яны заглухлі недзе ў палях, а уратавальнай брыгады не было.

Таксама Вольскі выказаў сваё меркаванне пра варыянты змены ўлады ў Беларусі, улічваючы размовы аб стане здароўя Лукашэнкі.

— Ясна, што праз выбары мы сітуацыю ніяк не зменім. Тут вельмі шмат можа быць варыянтаў, але я не думаю, што трэба скіроўваць свае спадзяванні на здароўе правіцеля, таму што наўрад ці праз такі сцэнар нешта адбудзецца.

Таксама мне здаецца, што і ад Масквы не будзе ісці ніякай ініцыятывы змены, тым больш змены з выкарыстаннем «навічка» — яго небяспечна выкарыстоўваць, бо ён часта не спрацоўвае праз халатнасць на месцах.

Ёсць малапрыемны варыянт вайсковага перавароту, калі лідар будзе не тое, каб смяротна хворы, а проста нездаровы, як апошні раз, таму што сілавы блок набірае ўсё болей вагі і ўжо як бы напалову кіруе краінай. Такога б не хацелася, гэта непрыемны сцэнар.

Нарэшце, ёсць варыянт перамогі Украіны ў вайне, і потым пачынаецца развал у вярхах, Лукашэнка скажа, што заўсёды быў за, проста вы не разумееце, як на яго ціснулі. Расія – можа і не будзе так адразу, але б хацелася, каб распалася на ўдзельныя княствы. І гэта будзе не лепшая сітуацыя ў Расіі прынамсі некалькі гадоў, тым болей, яна не зможа прыслаць свае войскі для урэгулявання сітуацыі ў Беларусі.

На пытанне, якая песня будзе першай, якую Лявон Вольскі выканае на канцэрце Перамогі ў Беларусі, музыка адказаў так:

— З першай не ведаю, але прыйдзецца абавязкова выконваць «Тры чарапахі», таму што іх спявалі ва ўсіх дварах, у тым ліку разам са мной.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(28)