Комментарии
Ян Максімюк, RFE/RL — пераклад ”Наша нiва”

Лукашэнку чакае змрочная будучыня

Лукашэнка ўзяў на сябе ролю «бацькі» для тых, хто страціў арыентацыю пасьля развалу Савецкага Саюзу. Здарылася так, што шчырая народная падтрымка, сілкаваная шчодрымі субсыдыямі з Расеі, дазволіла Лукашэнку пазьбегнуць якіх-кольвек значных эканамічных ці сацыяльных узрушэньняў за апошнія 12 гадоў.

Цяпер паток субсыдый перасыхае, і Лукашэнкаў савецкі стыль кіраўніцтва можа аказацца непрыдатным. Шквал супярэчлівых палітычных заяваў, якія ён зрабіў за апошні час, — і пра саюз з Украінай, і пра стварэньне саюзу энэрга-транзытных краінамі дзеля стварэньня процівагі расейскаму энэргетычнаму ціску — можа азначаць, што ягонае палітычнае чуцьцё таксама пачынае яго падводзіць.

Іншы фактар, які ўрочыць Лукашэнку змрочную будучыну, — гэта ягоная ізаляцыя ад беларускае кіраўнічае клясы. У студзені, у разгар энэргетычнае спрэчкі з Расеяй, Лукашэнка прызначыў свайго 31-гадовага сына Віктара ў Раду Бясьпекі, надаючы палітычнаму юніёру статус, роўны статусу кіраўніка КДБ ці міністра ўнутраных справаў.

Некаторыя аналітыкі меркавалі, што Лукашэнка рыхтуе свайго сына ў пераемнікі. Але прычына такога прызначэньня насамрэч можа быць нашмат прасьцейшай — самотнаму прэзыдэнту бракуе кваліфікаваных і вартых даверу кандыдатаў на галоўныя дзяржаўныя пасады на замену зношаным і стомленым палітычным вэтэранам адміністрацыі.

Яшчэ адзін дзіўны ход быў зроблены ў лістападзе 2006 г. У інтэрвію групе ўкраінскіх журналістаў у Менску Лукашэнка раптам высунуў ідэю стварэньня беларуска-ўкраінскага саюзу — матывуючы гэта тым, што такі саюз будзе мець болей шанцаў на посьпех у параўнаньні з млявым расейска-беларускім саюзам.

Лукашэнка ясна прадчуваў непрыемнасьці, якія чакалі яго. У чаканьні праблемаў з расейскімі энэрганосьбітамі, ён вырашыў даслаць сыгнал украінскаму прэзыдэнту Віктару Юшчанку — які і сам ведае, што такое расейская энэргапалітыка, — што прысьпеў час пайсьці на перамовы. Можна сабе ўявіць, што празаходні прэзыдэнт Юшчанка быў настолькі ж уражаны гэтай прапановай, як і ўкраінскія журналісты ў Менску.

У студзеньскім інтэрвію нямецкай газэце Die Welt Лукашэнка выказаў ідэю, што Беларусь гатовая стаць «удзячным вучнем» Захаду і што ён асабіста бачыць Беларусь на шляху Нямеччыны ці Швэцыі. Аднак ягоныя камэнтары аказаліся ўсяго толькі мімалётнай спробай замірэньня з Захадам. Праз тыдзень, на сустрэчы зь лідэрам Камуністычнай партыі Расейскай Фэдэрацыі Генадзем Зюганавым, ён вяртаецца на колы свае — запэўніваючы, што Беларусь і надалей будзе «фарпостам» Расеі на Захадзе.

Ягонае нядаўняе інтэрвію агенцтву Reuters сьведчыць, што ён нават і не спрабуе ні з кім сябраваць. У сваёй клясычнай манеры ён заявіў, што Беларусь выжыве і без Эўропы, і без Расеі.

Зьменлівасьць публічных заяваў прэзыдэнта робіць немагчымай іх літаральную інтэрпрэтацыю. Бессэнсоўна цешыць сябе надзеямі на аснове таго, што ён недзе некаму сказаў. Калі толькі Лукашэнку не прыцісьне эканамічная неабходнасьць, нікуды ён свой народ не павядзе — ні ў Швэцыю, ні ў Расею.

Лукашэнку не скіруеш на дэмакратычны шлях не таму, што ён такі праніклівы, а таму што ён такі абмежаваны ў сваіх бачаньнях. Прэзыдэнт добра ўсьведамляе сваю ролю ў Беларусі — ён кармілец, які старанна адсочвае патрэбы простых людзей, і жорстка карае тых, хто наносіць народу шкоду. Лукашэнку цяжка ўявіць Беларусь без Лукашэнкі. Лукашэнку цяжка ўявіць такі сьвет, дзе людзі адчуваюць сябе інакш.

Выбары ў Беларусі — як звычайна, раскрытыкаваныя назіральнікамі — ператвораныя ў спэктакль, сымуляцыю дэмакратыі. А Лукашэнка, здаецца, шчыра перакананы, што менавіта гэта людзям і трэба. «Як можа нармальны, разважны, прыстойны чалавек — я ўжо казаў гэта назіральнікам за выбарамі — казаць, што выбарчы працэс быў недэмакратычны? З выбараў мы зрабілі сьвята, — заявіў прэзыдэнт пасьля выбараў 2006 году, зь якіх пачаўся ягоны трэці тэрмін і якія былі далёка ня сьвятам для апазыцыі. — А ведаеце, чаму я так зрабіў? Таму што на выбарчыя ўчасткі прыходзіў мой народ, які так нечакана і ашаламляльна падтрымаў мяне, калі я толькі пачынаў займацца палітыкай, вы памятаеце, 10 гадоў таму. І я зраблю ўсё магчымае, каб гэтыя людзі мелі болей такіх сьвятаў».

Можа, Лукашэнка і не памыляецца, кажучы, што для «ягонага народу» выбары і рэфэрэндумы былі «сьвятамі». У дзень выбараў на выбарчых участках прадаюцца гарэлка, кілбасы і іншыя прадукты па зьніжаных цэнах, і людзі гэтым карыстаюцца. Пакуль ёсьць за што зьніжаць цэны, сьвята можа працягвацца.

Але некаторыя выгоды — і гіганцкія нафтавыя ды газавыя субсыдыі ў тым ліку — пачынаюць паціху зьнікаць. Ці ня скончыцца і сьвята, калі беларусаў прымусяць за ўсё, што яны бяруць са зьніжкамі, плаціць па поўнай праграме?

Па сутнасьці Лукашэнка ня здолеў стварыць самадастатковай эканомікі і дзейсных дзяржаўных інстытуцыяў. Пры ім Беларусь выглядае як нежыцьцяздольная дзяржава. Ягоная дзіўная заява пра фальсыфікацыю выбараў’2006 дзеля таго, каб дадаць апазыцыі хоць колькі галасоў, выяўляе ягоны глыбокі палітычны правал.

«Так, мы сфальсыфікавалі папярэднія выбары. І я ўжо казаў Захаду пра гэта, — апавядаў ён украінскім журналістам у Менску 23 лістапада. — За прэзыдэнта Лукашэнку прагаласавалі 93,5 %. Але кажуць, што гэтая лічба не эўрапейская. Таму мы зрабілі 86 %. Гэта праўда. Калі б мы цяпер пачалі перападлік бюлетэняў, то ня ведаю, што б мы зь імі рабілі. Эўрапейцы нам перад выбарамі сказалі, што, калі выніковыя лічбы будуць прыблізна эўрапейскія, то яны прызнаюць нашы выбары. Таму мы паспрабавалі зрабіць эўрапейскія лічбы».

Зрабіць з выбараў «эўравыбары» Лукашэнку як раз плюнуць. Зрабіць Беларусь эўрапейскай краінай ён ня здольны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)