На мой погляд, гэта сімптом таго, што дзяржава стала такім прыватным бізнесам у інтарэсах нейкіх сямей.
Лаўрухін: «Дзяржава наўпрост падштурхоўвае грамадзян, каб яны рабілі выбар хутчэй — заставацца ці з’язджаць»
Як адаб’ецца закрыццё прыватных дзіцячых садкоў.
Пасля ўступлення ў сілу закона № 213-З «Аб ліцэнзаванні» ў Мінску ніводная прыватная дашкольная ўстанова не змагла прайсці працэдуру ліцэнзавання, паведаміла Наша Ніва.
Дагэтуль у беларускай сталіцы працавала 5-6 прыватных дзіцячых садкоў.
— Садкоў і так заставалася не надта шмат. Таму тут істотнай аказалася, як вы бачыце, не колькасць, а нейкая пагроза ў тым, што яны існуюць увогуле, — тлумачыць у экспрэс-каментары «Салідарнасці» эксперт у сферы адукацыі, research director інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM) Андрэй Лаўрухін. — Атрымліваецца, што дзяржава зараз не пускае на поле адукацыі нават адзінкі, якія не маюць ніякіх шанцаў стаць не тое, што канкурэнтамі, а наўпрост мець якія-небудзь перспектывы для гэтага.
— Але ж прыватныя школы для сваіх дзяцей яны пакінулі.
— Сапраўды так. Можа, у таго чынавенства, якое прымае гэтае рашэнне, ёсць больш дарослыя дзеці і няма маленькіх. Імаверна так.
Яны хвалююцца, каб іх дзеці вучыліся ў больш бяспечнай адукацыйнай установе і мелі лепшыя ўмовы. А малых няма, таму садкі можна закрыць.
— ЗАО «Беларусь», як кажуць некаторыя эксперты. А як гэта адаб’ецца на астатніх дзетках і бацьках, якія разлічвалі на тыя садкі?
— Яны адчуюць, што больш няма ўвогуле ніякай прасторы, дзе можна было б схавацца ад гэтай дзяржавы, ад гэтага ціску ўлады, ад кантролю, ад усёй гэтай сістэмы.
Таму што прыватная прастора — гэта ўсё ж такі тое месца, дзе можна будаваць жыццё на свой густ, і адукацыю ў тым ліку, больш адпаведна тым патрабаванням, інтарэсам, запытам, якія ёсць у бацькоў.
Калі іх гэтага пазбавілі, засталося два шляхі — ці адаптавацца пад тое, што прапануе дзяржава, ці наўпрост з’язджаць з гэтай краіны. Таму што яна не пакідае ніякіх шанцаў мець свой асабісты лад жыцця.
Гэта такі крок да больш жорсткай і безумоўнай уніфікацыі. Але гэта і яшчэ адзін аргумент, каб пакідаць гэту краіну.
Бо, згодна закону і апошнім нарматыўным дакументам, якія былі прынятыя, на дзіцячыя садкі таксама распаўсюджваецца патрыятычнае выхаванне.
А там ужо залежыць ад адміністрацыі. Больш разважныя спрабуюць не паддавацца, а нехта можа нават бегчы наперадзе паравоза.
Такім чынам, дзяржава наўпрост падштурхоўвае грамадзян, каб яны рабілі выбар хутчэй — заставацца ці з’язджаць.
— Сапраўды, выхаванне дзяцей лічыцца ледзь не наступнай пасля рэпрэсій прычынай для ад'езду.
— Безумоўна. Бо ў прыватным садку бацькі яшчэ маглі сказаць, нам гэтага ўсяго ідэалагічнага смецця не патрэбна, мы гэтага не жадаем.
А ў дзяржаўным вы ўжо нічога не зможаце сказаць. А калі хтосьці і пачне нешта казаць, дык яго яшчэ і на ўлік які возьмуць, пачнуць рэпрэсаваць. Гэта нават небяспечна.
Дзяржаўны дзіцячы садок — гэта таксама і інстытут кантралявання бацькоў праз дзяцей, бо ці мала што скажа малы. І тое вельмі жахліва.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное