Латушка: «Толькі за апошні месяц я атрымаў чатыры пагрозы на персанальную пошту аб тым, што людзі, якія займаюцца маёй ліквідацыяй, ужо знаходзяцца ў Варшаве»

Прадстаўнік НАУ і АПК — пра пагрозы актывістам і меры засцярогі.

— Калі ўзгадаць сітуацыю з замахам на спадара Волкава, то гэта дэманструе, што для Пуціна сцёртыя ўсе чырвоныя лінія, — адзначыў Павел Латушка на Свабода Premium. — Але сапраўды гэтыя чырвоныя лініі былі сцёрты даўным-даўно. Мы ведаем прыклады забойстваў расійскіх палітыкаў.

Нядаўна адбылося забойства пілота, які перавёз ва Украіну верталёт. Гэта ўсё дэманструе, што фактычна для рэжыму Пуціна няма абмежавальных ліній і за мяжой.

Аналагічныя лініі таксама сцёртыя і для Лукашэнкі. Ён пачаў забіваць сваіх палітычных апанентаў яшчэ з 90-х гадоў, яшчэ тады была інфармацыя аб стварэнні адпаведных «эскадронаў смерці» і структуры, якая займаецца забойствамі па-за межамі Беларусі.

А пасля падзей 2020 года, мы не аднойчы чулі публічныя выказванні як з боку самога дыктатара, што ўсе будуць пакараныя, так і з боку яго генеральнага пракурора, кіраўніцтва следчага камітэту, старшыні КДБ і астатніх.

Палітык расказаў, што рэгулярна атрымлівае асабістыя пагрозы праз розныя каналы.

— Пагрозы я атрымліваю перманентна, яны ўжо перакрочылі колькасць — сто. Гэта звязана і з тым, што былі адпаведныя заявы з боку Лукашэнкі, які прапаноўваў абмяняць мяне і ўсю каманду НАУ на палітычнага зняволенага Анджэя Пачобута, і з іншымі выпадкамі.

Пагрозы ідуць рознымі каналамі: публічнага характару з боку асобных структур, здымаюць адпаведныя фільмы, як мяне захопліваюць, дзе паказваюць адрас і нават кватэру, дзе я пражываў раней. Як можна знайсці мой адрас, калі не ажыццяўляць сочку за мной?

Пагрозы адбываюцца і на нейкіх публічных мерапрыемствах, і ў меседжах на прыватную пошту, і ў Даркнеце.

Падчас адной з акцый каля расійскай амбасады паўтары гады таму назад да мяне падышоў чалавек у масцы і, проста гледзячы мне ў вочы, сказаў: «Вы не баіцеся хадзіць на падобныя акцыі, не баіцеся, што ў любы момант вам хтосьці можа ўсадзіць нож у спіну?»

Я ў яго спытаў: «Ці вы гатовы зрабіць гэта зараз?». Ён адказаў: «Не, не зараз». Што гэта было, мне цяжка сказаць. Я падаў заяву ў польскую пракуратуру пра пагрозу забойства. Праводзіцца адпаведная следчая дзейнасць.

Толькі за апошні месяц я атрымаў чатыры пагрозы на персанальную пошту аб тым, што людзі, якія займаюцца маёй ліквідацыяй, ужо знаходзяцца ў Варшаве, і я павінен азірацца па баках і думаць пра гэта кожную хвіліну.

Таксама на перманентнай аснове ажыццяўляецца ціск на сем'і каманды НАУ праз спецслужбы Лукашэнкі.

З аднаго боку, гэта можа быць спецыяльны псіхалагічны ціск, з іншага, мы разумеем, што калі адбываюцца такія гісторыі за мяжой, гэта можа быць і рэальнасць, — кажа Латушка.

Ён адзначае, нягледзячы на тое, што мала хто з палітыкаў мае за мяжой ахову, тым не менш, на палітычную дзейнасць пагрозы не ўплываюць.

— Яны не даюць нам спакойна жыць, але мы ставім мэту прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў.

Мы разумеем, што калі выязджаюць сотні тысяч грамадзянаў, сярод іх заўсёды можна накіраваць некалькі асобаў, якія могуць выконваць зусім іншыя мэты і задачы.

Мы ведаем, што ў структурах КДБ, у галоўным упраўленні знешняй выведкі створаны тры падраздзяленні, якія займаюцца палітычнымі апанентамі рэжыму Лукашэнкі, адно з іх працуе менавіта па-за межамі Беларусі.

Ім выдаткаваны даволі вялікі бюджэт. Такую інфармацыю мы атрымалі з давераных крыніц, — распавядае палітык.

Ён падкрэслівае, што, безумоўна, усе актывісты знаходзяцца пад пагрозай і павінны аб гэтым памятаць.

— Першае, гэта самабяспека. Трэба фільтраваць сваю камунікацыю, разумець, хто і куды вас запрашае.

Вельмі важна разумець, куды вы ездзіце. Нават у краінах Еўрапейскага саюзу ёсць выключэнні.

У адной з іх падтрымліваюць адносіны з рэжымам Лукашэнкі і пасол уручыў даверчыя граматы. Таму я не лічу абсалютна небяспечным быць у Венгрыі.

Не трэба наведваць такія краіны, як, напрыклад, Сербія. Мы бачым гісторыю з Андрэем Гнётам, якога затрымалі і які 5 месяцаў знаходзіцца там пад арыштам. І зараз мы ўсе змагаемся за тое, каб ён не быў выдадзены рэжыму Лукашэнкі.

У нас ёсць справы ў краінах СНД, дзе таксама ёсць затрыманыя нашыя грамадзяне, якія знаходзяцца ў працэсе выдачы рэжыму, і мы змагаемся, каб гэтага не атрымалася.

З пункту гледжання харчавання, зразумела, таксама ёсць абумоўленасці. Правільна не піць са шклянкі, а толькі адкрываць бутэльку. Бо вядома, самы просты спосаб ліквідаваць палітычнага апанента, у тым ліку для рэжыму Лукашэнкі, — гэта атручванне. Гэта зрабіць найбольш лёгка, — лічыць Латушка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(8)