Латушка: «Палітыкі, якія «топяць» за адмену санкцый, павінны голасна адказаць на пытанне: яны хочуць, каб Украіна перамагла?»

Кіраўнік НАУ — пра тое, чаму важна закрыць абыходныя вароты для Крамля.

Вызваленне палітвязняў — адна з самых балючых і вострых тэм для сучаснай Беларусі. Рэпрэсіі ў краіне, якія працягваюцца ўжо чацвёрты год, не аслабяваюць, нягледзячы ні на які ціск і санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, хоць раней улады таргаваліся і ішлі на пэўныя саступкі дзеля захавання кантактаў з Захадам. У цяперашніх варунках санкцыйны інструмент не працуе?

— Санкцыі — не адзіны інструмент, які можа змяніць сітуацыю ў Беларусі, але абсалютна не згодны, што санкцыі нікога ніколі не вызвалялі, — заявіў палітык Павел Латушка ў новым выпуску ток-шоу Мне тоже не нравится.

Павел Латушка

 — Я быў таму сведкам, калі быў паслом Беларусі ў Францыі, у Іспаніі і ўдзельнічаў у перамовах Уладзіміра Макея, намесніцы міністра МЗС Алены Купчыной, пасла ў Брусэлі і намесніка МЗС Еўдачэнкі менавіта аб тым, што палітычныя зняволеныя будуць вызваленыя, а наўзамен будуць адмененыя санкцыі. І гэта адбылося ў 2016 годзе.

Але цяпер маштаб сітуацыі, комплекснасць яе зусім іншыя. І калі мы кажам пра тое, што давайце адмяняць санкцыі — гэта ўсё палітыканства. Таму што ідзе вайна.

Тыя палітыкі, якія «топяць» за адмену санкцый, павінны голасна адказаць на пытанне: яны хочуць, каб Украіна перамагла, ці не? Калі хочуць — бо перамога Украіны ўсё ж з’яўляецца адной з галоўных перадумоў змены сітуацыі знутры Беларусі — то санкцыі павінны быць гарманізаваныя.

Бо на сёння мы бачым, што з-за розніцы санкцый ў адносінах да Расіі і рэжыму Лукашэнкі апошні стаў дзвярыма, брамай у абыходжанні санкцый. І тавары падвоенага прызначэння, у тым ліку мікрасхемы, трапляюць на расійскі рынак, а пазней на прадпрыемствы і ў ракеты, якія забіваюць людзей ва Украіне. Таму «давайце не будзем уводзіць санкцыі» — палітыканства, галоўнае сёння — аслабленне Расіі, аслабленне рэжыму.

Аднак гарманізацыя санкцый і іх узмацненне, падкрэсліў кіраўнік НАУ, не з’яўляюцца перашкодай у перамовах з заходнімі палітыкамі аб шляхах вызвалення беларускіх палітвязняў.

Прынамсі Павел Латушка згадаў, што дэмакратычныя сілы спрабавалі дамагчыся вызвалення часткі палітзняволеных у абмен на допуск Беларусі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях:

— На жаль, нашыя партнёры таксама не праяўляюць тут палітычнай волі, — гаворыць Латушка. — Яны не гатовыя брацца за тэму палітзняволеных і размаўляць з рэжымам, нават у кантэксце Алімпійскіх гульняў.

Мы прапанавалі стратэгію, як дамагчыся вызвалення хаця б часткі палітзняволеных, правялі перамовы ў некалькіх сталіцах. Нам усе паківалі галавой, сказалі: супер-ідэя, бярэмся! Пазней перапіска, потым менш перапіскі. Цяпер ніякіх адказаў, а Алімпійскія гульні вось ужо бліжэйшым часам.

Мы хочам сказаць, што за гэта адказныя беларускія дэмакратычныя сілы? Так. Але інструменты-та не нашы.

З іншага боку, калі хтосьці крытыкуе санкцыі: што ўвогуле мы маем? Мы можам сёння падняць пратэст у Беларусі? Не можам.

Мы можам заблакаваць усю мяжу? На жаль, партнёры не могуць. У нас сапраўды толькі і ёсць адзіны моцны інструмент ціску — санкцыі. Бо заходнія палітыкі былі ў таго боку, — думаеце, быў адказ? Ніякага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(9)