Комментарии
Віктар Марціновіч, «Будзьма!»

Культура прынцыповага няўдзелу

У беларускага грамадства ў ягоным існым стане ёсць адна цікавая адметнасць, якая адрознівае яго ад большасці вядомых мне грамадстваў.

У Літве, Польшчы, Украіне журналіст, шоумен ці музыка можа не ісці на тэлебачанне таму, што яму не падабаецца вяшчальная палітыка канкрэтнага канала; таму, што не хоча свяціцца ў буйных СМІ; таму, што ён бароніць асабістую прастору і не хоча, каб яго пазнавалі на вуліцах. І толькі ў Беларусі чалавек не ідзе на тэлебачанне таму, што туды ісці проста нельга.

Нашая падзеленасць на «сваіх» і «чужых», якая дэбютавала ў сярэдзіне дзевяностых, паступова звужала кола месцаў, дзе «можна», і прывяла да таго, што палова краіны з паловай краіны проста не здароўкаецца. Людзі абіраюць пасаду і працоўнае атачэнне не па сваіх прафесійных інтарэсах, а па астаткавым прынцыпе: дзе ўсё ж такі «не сорамна».

Нельга працаваць у міліцыі, у судзе, у пракуратуры. Нельга працаваць у ЖЭСе, бо менавіта ЖЭС замалёўваў выяву Быкава, якую намалявалі графіцісты да ягонага юбілею. Нельга рабіць у школе, бо з настаўнікаў складаюцца выбарчыя камісіі. Нельга быць доктарам, бо яны арганізуюць выбары ў шпіталях. Па меры адыходу ад пытанняў, непасрэдна звязаных з існаваннем дзяржавы, межы «можна» робяцца больш празрыстымі, але працягваюць ціснуць на любы індывідуальны выбар.

Ці варта браць удзел у свяце, зладжаным гарвыканкамам? Ці прыстойна рабіць прэзентацыю кнігі ў бібліятэцы, бо яна ж належыць дзяржаве? Ці адказваць на запрашэнне музея зрабіць персанальную выставу? Што вы пытаецеся? У чым тут праблема? Ну як у чым?! Музей жа ў нас дзяржаўная ўстанова культуры! Частка вертыкалі!

Прычым не трэба думаць, што гэтыя межы звужаюць выбар толькі ў галінах, у якіх творчая асоба сустракаецца з уладай ва ўсіх яе праявах. Праблема тут значна шырэйшая, і я гэта зараз прадэманструю.

Ці можа паспаліты свядомы мастацтвазнаўца звязвацца з падрыхтоўкай выставы «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», дапамагаць ладзіць экспазіцыю, пісаць на яе крытычныя водгукі? Насамрэч, пытанне! Бо выставу фундуе ўстанова, якая завецца «Белгазпрамбанк», а паспалітаму свядомаму мастацтвазнаўцу тлумачыць, чым займаецца «Газпрам», залішне...

Што, калі запрашаюць выступіць на буйной незалежнай медыяпляцоўцы, якая, тым не меней, расійскамоўная?

Ці можна наогул дапускаць, каб тваё інтэрв’ю для беларускага часопіса перакладалі на рускую? А калі рэдактар кажа, што па-беларуску аўдыторыя не чытае і не зразумее? Частка маіх знаёмых чытае выключна і толькі «Нашу Ніву», частка — выключна і толькі яе НЕ ЧЫТАЕ, бо пакрыўдзіліся некалі на нешта, чаго ўжо і самі не памятаюць.

Ці можа мастак ці тэатральны дзеяч удзельнічаць у мерапрыемстве, прафінансаваным British American Tobacco ці Philip Morris (а ў Беларусі вельмі шмат культурных ініцыятываў падтрымліваюцца прадстаўнікамі тытунёвай індустрыі)?

Ці этычна удзельнічаць у летніках па рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў з улікам таго, ЯК тыя помнікі рэстаўруюцца?

Ці можна выдавацца ў выдаўца Y пасля таго, як ён выдаў пісьменніка V, які насамрэч не пісьменнік, а графаман?

Ці можна аддаваць п’есы ў Купалаўскі пасля таго, як ён адмовіўся ад «Тутэйшых» праз бел-чырвона-белы сцяг (насамрэч праз «састарэласць дэкарацый»)? Ці варта падтрымліваць стасункі з Тэатрам драматургіі, які зняў з рэпертуару спектакль пра Каліноўскага?

Ці маральна пісаць сцэнары для «Беларусфільма», які здымае «Авеля»?

Пры гэтым нябачныя межы існуюць адразу з двух бакоў, не толькі са «свядомага». І з таго, чырвона-зялёнага, боку яны ціснуць нават яшчэ мацней. Бо, звязаўшыся не з «той» установай культуры, мастак, літаратар ці акцёр атрымае толькі асуджэнне калег і каляжанак, а вось функцыянер можа пазбавіцца пасады праз уласную «няўважнасць».

Ці можна друкаваць інтэрв’ю з Адамам Глобусам? Ці захоўваць у рэпертуары Курэйчыка? Марціновіч — гэта як? Ён «апазіцыянер» ці «нармальны»? Сістэма апазнання «свой-чужы» тут больш важная за творчыя якасці культурных прадуктаў, за тэматыку раманаў, карцін і п’ес. Вось Васіль Быкаў быў пісьменнікам-франтавіком, чалавекам, блізкім сённяшняму абагаўленню Другой сусветнай вайны. Але яго сістэма ідэнтыфікавала як «не свайго» і ўсе апошнія гады жыцця ігнаравала.

Пры гэтым «не сваім» забацацца тут вельмі проста, а вось вярнуць уражанне «нармальнага» амаль немагчыма. Калі пляцоўка, прафесія ці фестываль аднойчы прызнаныя «ганебнымі» — гэта назаўсёды, застаецца толькі змяняць назву.

Такое ўражанне, што большасці беларусаў у скуру ўшыты спецыяльны этычны чып, які выдае сігнал, калі яму нешта не падабаецца. Пры гэтым паскудстваў у краіне робіцца не меней, чым у свеце. А можа, нават і болей! Ёсць вядомыя персанажы ў сацыяльных сетках, якія працуюць як няспынныя машыны па навешванні этычных ярлыкоў усяму, што бачаць навокал, а бачаць яны, канечне, толькі дрэннае і неэтычнае.

Але пры ўсіх гэтых нябачных межах, пры ўсёй спецыфіцы «няўдзелу» і, можа, дзе-нідзе ягонай апраўданасці, іншых святаў, чым зацверджаныя гарвыканкамам, у нас няма. Выставы, фундаваныя «Белгазпрамбанкам», робяцца вельмі важнымі для культуры і ідэнтычнасці падзеямі, а ўсе тыя, хто бароніць уласную маральную цноту, у выніку апынаюцца па-за межамі любых бачных працэсаў. Гэта новае «пакаленне дворнікаў і вартаўнікоў», з тым выключэннем, што Сяргея Салаўёва, які мог бы зняць пра іх “Асу”, няма, а калі і ёсць, дык баіцца: раптам уславіць “не тых”.

Я глядзеў «Падарожжы дылетанта» Юрыя Жыгамонта на БТ і працягваю з асалодай адсочваць «Новыя падарожжы дылетанта» на СТВ. Як напісала чытачка Alenaizjum на форуме «Будзьмы», «з самага дзяцінства дома грае радыё (...) па праводной сетцы (...) Беларуская мова для мяне (...) пачалася не з Караткевіча ці Быкава, не з апазіцыі ці яшчэ чагосьці, а была заўсёды натуральнай з’явай менавіта з-за гэтага дзяржаўнага радыё».

І я вось думаю: ці моцна перамог бы свет беларускай культуры, каб Юры Жыгамонт вырашыў, што на тэлебачанне яму ісці проста нельга, а ўсе беларускамоўныя вядоўцы з прынцыпаў і этыкі сышлі з Першага канала беларускага радыё?

Дзяржаву складаем мы з вамі. Нам вырашаць, што будзе паказваць Купалаўскі, што і на якой мове будуць казаць па радыё і каго, нарэшце, можна будзе пабачыць па тэлевізары. Нягледзячы на “вы жэ самі панімаеце”. Махнуць рукой, забіць і сысці ва ўнутраную эміграцыю прасцей, чым уласнай энергіяй паспрабаваць прабіць сцяну. Гэта не заклік да калабарацыі, гэта спроба справакаваць цуд.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)