Филин

Юлія Кот

Красулін: «Лукашэнку прасцей пацягаць бервяно ці пасадзіць дрэўцы перад камерамі, чым збудаваць такую сістэму, у якой людзі могуць працаваць і зарабляць»

Гісторык у інтэрв’ю Филину — пра тое, чаму беларускія ўлады так любяць практыку «ўсенародных будоўляў».

Беларускія ўлады надалі статус «усебеларускай моладзевай будоўлі» аб’ектам Рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхавання — адпаведны ўказ 9 жніўня падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Новая арганізацыя ствараецца на базе Кобрынскага змацавання Брэсцкай крэпасці, дзе цяпер знаходзіцца філія абласнога цэнтру моладзевай творчасці.

Паводле ўказу прыняць удзел у будоўлі могуць маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года, у тым ліку ў складзе студатрадаў, — а БРСМ і абласным выканкамам загадана «забяспечваць прыцягненне». Першы сакратар БРСМ Аляксандр Лук’янаў заявіў: «Я ўпэўнены, што чароды добраахвотнікаў… будуць цягнуцца ўсенародным парывам, каб паўдзельнічаць у будоўлі гэтага знакавага аб’екту».

Пакуль жа на рэалізацыю праекту працягваюць збіраць грошы — таксама «ўсенародна»: 7 мільёнаў рублёў было вылучана са сродкаў, сабраных падчас рэспубліканскага суботніка, каля 550 тысяч «ахвяравалі дзяржаўныя і камерцыйныя арганізацыі», яшчэ 20 тысяч — «нераўнадушныя грамадзяне». Пры тым вядома, што толькі першая чарга комплексу патрабуе каля 30 мільёнаў, таму збор працягваецца праз БРСМ, Саюз жанчын і іншыя праўладныя арганізацыі.

Летась пад маркай «усебеларускай моладзевай будоўлі» рэканструявалі мемарыяльны комплекс «Хатынь», раней такі ж статус атрымлівалі аб’екты ў Астраўцы і сама БелАЭС. Дый Нацыянальную бібліятэку ў свой час, помніцца, узводзілі «ўсенародна», здымаючы з бюджэтнікаў унёскі.

Чаму сённяшнім беларускім уладам так даспадобы савецкія практыкі, і ці дазволяць «усенародныя будоўлі» Аляксандру Лукашэнку застацца ў гісторыі, Филин абмеркаваў з гісторыкам Яўгенам Красуліным.

Яўген Красулін

— Цяперашнія ўлады іх таму і любяць, што гэта старыя савецкія практыкі. А цяперашнія ўлады маюць моцны падлеткавы імпрынтынг на савецкую эпоху, асабліва 1970-ыя гады, калі з кожнага прасу гучала пра «саюзныя моладзевыя будоўлі», — зазначае спадар Яўген.

Пры адсутнасці свайго крэатыву і чаго-небудзь уцямнага, што можна прапанаваць людзям, цяперашні рэжым і звяртаецца да старых тэмаў.

Ёсць яшчэ і такі складнік, як практычна бясплатная праца на энтузіязме, дадае гісторык. Праўда, і імпэт гэты не тое каб уласны, ад сэрца — хутчэй, адбываецца прымушэнне да яго, як часта было і за савецкім часам.

— Некаторых добраахвотнікаў можна знайсці, каб яны самі далучыліся —  гэта якраз адзін з  нешматлікіх рэсурсікаў падобных рэжымаў. Астатняе — прымус і разнарадка. Такім чынам, вырашаецца праблема, так скажам, эканамічных выняткаў для падобных праектаў.

Бо калі за савецкім часам разлічвалі на нейкую выгаду ад моладзевых будоўляў, цяпер асабліва і іх няма. То бок, гэта спроба і на практыцы ідэалогію развіваць (у тым плане, што ўладам падаецца «развіццём»), і будаваць падмурак для далейшага ўмацавання гэтай ідэалогіі.

Спачатку мы арганізуем людзей, і пад працоўную мабілізацыю спадзяемся выхаваўчую працу правесці, каб на іх паўплываць — чым, уласна, і займаюцца таталітарныя рэжымы, якія спрабуюць змяніць людзей. А потым выкарыстоўваем пабудаваныя аб’екты дзеля таго, каб, тэарэтычна, апрацоўваць наступныя пакаленні.

— Адметна, як да гэтых будоўляў ставіцца Лукашэнка. Дваццаць год таму асабіста мяшаў бетон на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі, потым з малодшым сынам пазіраваў на будаўніцтве «Мінск-Арэны».

І далей панеслася: паліклінікі, радзільні, стадыён «Дынама», мемарыяльны комплекс «Хатынь» — не ў касцы і з цаглінай, так на суботніку альбо з інспекцыяй будоўлі. Гэта кшталту «Ленін і бервяно», спроба застацца ў гісторыі?

— Уласна кажучы, так — як Ягор Летаў спяваў, «дедушка Ленин хороший был вождь». І ён паказаў прыклад з гэтым бервяном.

Хаця тут некалькі момантаў: і быццам бы блізкасць да народу, папулізм — маўляў, я з вамі, хлопцы, а ўсе астатнія супраць вас; і нібыта  прыклад, што трэба працаваць, не запытваць, што дзяржава для мяне зрабіла, а ўвесь час самому нешта для дзяржавы рабіць (зноўку, пажадана — бясплатна, бо ў дзяржавы ў сістэме, пабудаванай тым самым Лукашэнкам, асабліва грошыкаў няма).

Яму прасцей пацягаць бервяно ці пасадзіць дрэўцы перад камерамі, чым збудаваць такую сістэму, у якой людзі могуць спакойна працаваць і зарабляць. Гэта вывіхнутая савецкая сістэма, якая прадэманстравала сваю неэфектыўнасць.

Калі прыгадаць  падобныя савецкія праекты, кажа Яўген Красулін, то пасля іх рэалізацыі «прайшло некалькі гадкоў, і ўся сістэма ляснулася» — бо, як паказвае гістарычная практыка, яны былі неэфектыўнымі.

— Гэта тая самая гісторыя, якая паўтараецца як фарс, калі ўпершыню была трагедыяй. Успомнім: першыя такія будоўлі ў СССР — 1930-я гады, Беламорканал, які стаў сапраўднай трагедыяй для тых, хто туды трапіў. У 1970-я — на пачатку 1980-х — БАМ. Ужо фарсам для нас тая сітуацыя была, хутчэй нагодай пасмяяцца. А тое, што робіцца цяпер, увогуле суцэльны анекдот.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)