Коўшык: «Справа нацыянальнага адраджэння — гэта таксама справа нацыянальнай бяспекі»

Беларускія дэмакратычныя сілы прадставілі ў Варшаве канцэпцыю па нацыянальным адраджэнні Беларусі на 2023-2033+ гады. Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык распавяла, дзеля чаго гэта робіцца і колькі гэта будзе каштаваць.

— Калі мы расказваем пра канцэпцыю нацыянальнага адраджэння, то мы канцэнтруемся перадусім на каштоўнасцях, на якіх хочам пабудаваць Беларусь будучыні, — кажа Коўшык у інтэрв’ю Свабодзе Premium. – І мы стварылі гэтую канцэпцыю дзеля таго, каб распрацаваць пакрокавую інструкцыю, што і як мы будзем рабіць, каб дасягнуць гэтай мэты.

А наша мэта — гэта канчатковае фармаванне беларускай нацыі з моцнай ідэнтычнасцю, нацыі, якая ведае і шануе сваё мінулае, але ўпэўнена і з гонарам глядзіць у будучае.

Нацыя, якая не будзе проста прыдаткам расійскай імперыі, а нацыяй, якая будзе сапраўды рабіць вялікі ўнёсак у развіццё ў тым ліку Еўропы і будзе ведаць, што мы з’яўляемся часткай еўрапейскай цывілізацыі, да якой мы належым.

Коўшык лічыць, што менавіта нацыянальнае адраджэнне можа быць тым клеем, які склеіць нашае грамадства.

— Для нас важна, каб беларуская нацыя была вельмі актыўнай. Каб мы развівалі актыўную грамадзянскую супольнасць і каб мы пачалі аднаўляць і адбудоўваць супольнасці. Гэта тое, што адбылося ў 2020 годзе і тое, над разбурэннем чаго зараз працуюць улады Лукашэнкі. Нас падзяляюць, бо яны вельмі баяцца тых супольнасцяў, якія самі здольныя вырашаць свае праблемы.

Справа нацыянальнага адраджэння — гэта таксама справа нацыянальнай бяспекі. Без яе мы не будзем здольныя пабудаваць вольную свабодную краіну, – дадае прадстаўніца АПК.

Па словах Коўшык, канцэпцыя прадугледжвае некалькі этапаў. Зараз беларусы знаходзяцца на нулявым, і ён будзе працягвацца да змены рэжымы ў Беларусі.

— Першы этап — гэта ад змены рэжыму да першых дэмакратычных выбараў, калі будзе трэба вельмі хутка правесці заканадаўчыя змены, якія б дапамаглі пачаць будаваць дэмакратычную сістэму ў краіне.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні таксама зазначыла, што на выкананне канцэпцыі будуць патрэбны фінансавыя сродкі.

— І калі б зараз можна было б палічыць, колькі патрэбна грошай, каб адрадзіць Беларусь — не хапіла б нулёў. Але трэба разбіваць задачы на маленькія крокі, і мы будзем шукаць фінансавання пад кожны канкрэтны праект.

Я думаю, што фінансаванне будзе розным і мы спадзяемся, што беларусы таксама далучацца да гэтай стратэгіі, бо мы не можам спадзявацца толькі на дапамогу нейкіх знешніх крыніц.

Тут ёсць і краўдфандынг, і супраца з беларускім бізнесам. Насамрэч шмат што можна рабіць уласнымі сіламі, у нас дастаткова экспертаў, экспертызы і магчымасцяў, каб рабіць пэўныя рэчы нават без дадатковага фінансавання. Але, канешне, не ўсё. Універсітэт, напрыклад, без дадатковага фінансавання не пабудуеш, таму трэба будзе шукаць сродкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)