Филин

Ірына Марозава

Котаў: «Спрэчная, але, можа быць, і эфектыўная спроба стварыць яшчэ адну касту лакальных «начальнічкаў» на нізавым узроўні»

Палітолаг — пра тое, дзеля чаго беларускім уладам патрэбнае народнае апалчэнне.

На нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны законапраект аб народным апалчэнні. Урад ужо ўнёс яго на разгляд парламенту, але як хутка дэпутаты разгледзяць дакумент, невядома.

Затое з тэксту будучага закону бачна, што ён дае так званым добраахвотнікам, якія пажадаюць удзельнічаць у народным апалчэнні на тэрыторыі свайго населенага пункта, не толькі валоданне зброяй і боепрыпасамі, але і сацыяльныя гарантыі нароўні з вайскоўцамі, а таксама вельмі шырокі спектр правоў.

І хоць дзейнічаць атрады апалчэнцаў, паводле законапраекту, будуць пры ўведзеным у краіне ваенным становішчы, але трэніроўкі і падрыхтоўчыя мерапрыемствы ўлады могуць праводзіць і ў мірны час.

Вось толькі частка правоў, што маюць апалчэнцы пры забеспячэнні ваеннага становішча ці парадку: прымяняць фізічную сілу і зброю, затрымліваць правапарушальнікаў да прыбыцця міліцыі. А ў працэсе дапамогі міліцыі — спыняць, даглядаць і затрымліваць транспарт, здзяйсняць праверку дакументаў і асабісты дагляд людзей, канфіскоўваць рэчы, калі тыя могуць быць «сродкам ці аб’ектам правапарушэння», праводзіць агляд жылля і памяшканняў арганізацый, выкарыстоўваць чужы транспарт «для дастаўкі параненых, якія пацярпелі пры розных абставінах».

Нагадаем, пра неабходнасць стварыць «народнае апалчэнне» правіцель не раз  гаварыў яшчэ летась, спасылаючыся на ўкраінскі вопыт. У Мінабароны Беларусі абазначылі магчымую колькасць добраахвотнікаў у 100-150 тысяч чалавек — але не выключылі, што іх можа быць і больш.

читайте также

І хоць кадры з трэніровачных збораў як «тэрытарыяльнай абароны», так і «апалчэнцаў» хутчэй многіх насмяшылі, чым стварылі эфект боегатоўнасці, але такая значная колькасць людзей, якія атрымаюць зброю і пэўную ўладу, — фактычна, яшчэ адзін сілавы блок. І гэта пры тым, што сам Лукашэнка не так даўно запэўніў жыхароў Гомельшчыны, дый усіх беларусаў, што «ніхто на нас нападаць не збіраецца — ні ўкраінцы, ні палякі».

Тады навошта гэтыя новыя ўзброеныя фарміраванні — ці ў краіне не хапае сілавікоў, ці ўлады не надта давяраюць беларускай арміі, а можа, паказваюць такім чынам старэйшаму саюзніку, што ў выпадку «дэстабілізацыі» на дапамогу прысылаць нікога не трэба, сваіх байцоў хапае? Гэтыя і іншыя пытанні Филин абмеркаваў з палітолагам, экс-супрацоўнікам адміністрацыі Лукашэнкі Анатолем Котавым.

Анатоль Котаў

— На маю думку, гэта пэўная спроба пагуляць на комплексах «малога чалавека», чалавека-вахцёра, — мяркуе палітолаг. — Калі ты камусьці ў недасведчаным грамадстве даеш у рукі зброю і паўнамоцтвы, то гэты хтосьці будзе тым карыстацца: той самы комплекс вахцёра, які можа прапусціць ці не прапусціць іншага чалавека праз прахадную.

Думаю, што ўзвысіць пэўных лаяльных таварышаў на месцах над іхнімі суседзямі, хто жыве побач, — гэта даволі спрэчная, але можа быць, і эфектыўная спроба стварыць яшчэ адну касту лакальных «начальнічкаў» на нізавым узроўні.

Відавочна, што сілавікоў, асабліва ў малых населеных пунктах, у вёсках не хапае. Рэальных паўнамоцтваў у мясцовых уладаў, каб фактычна прымушаць людзей ці працаваць за мізэрны заробак, ці выказваць лаяльнасць тым ці іншым чынам, таксама няшмат. І дзякуючы таму, што асобным лаяльным грамадзянам дадуць у рукі зброю і пэўныя паўнамоцтвы ад праваахоўных органаў, можна яшчэ больш падзяліць грамадства і такім чынам дасць магчымасць кантраляваць яго на ўсіх узроўнях.

Анатоль Котаў мяркуе, што «народнае апалчэнне» — усё ж не пра вайну і абарону ад вонкавага міфічнага ворагу, бо ніхто на Беларусь нападаць не збіраецца:

— Адзіны патэнцыйна сур’ёзны вораг — гэта Расія, але супраць яе ніхто з гэтага «народнага апалчэння» ваяваць не будзе. Усё астатняе можна лічыць за вызваленчыя паходы. А якасць і эфектыўнасць гэтых фармаванняў у якасці патэнцыйных абаронцаў Беларусі ад вонкавай агрэсіі — проста смешная. Кадры з ранейшых вучэнняў і збораў — гэта, канешне, слёзы з вачэй…

Але калі ўявіць не менш як 100 тысяч узброеных чалавек, лаяльных дзейнай уладзе, то ўзнікае сумнеў — ці будзе гэта садзейнічаць стабілізацыі ўнутры краіны, ці, наадварот, прывядзе да яшчэ большага напружання ў грамадстве? І тут, пагаджаецца палітолаг, ужо робіцца сумна:

— Фактычна, узаконьваецца нізавы ўзровень парапаліцыйных фармаванняў, які можа быць яшчэ больш небяспечным і правакаваць яшчэ больш канфліктаў, чым цяперашняя міліцыя і іншыя «праваахоўныя органы». Бо ў людзей здараюцца паміж сабой сутычкі, бывае простая зайздрасць, лакальныя канфлікты, абразы — і калі ў аднаго з бакоў ёсць зброя, то гэта можа выліцца ў канфлікты з рэальнымі ахвярамі.

Гэта насамрэч штука небяспечная: даваць зброю лаялістам, ствараць фактычна вясковую паліцыю, у горшым сэнсе гэтага слова — не як службу, якая займаецца аховай парадку, а як паліцаяў, якія з’яўляюцца яшчэ аднымі прадстаўнікамі, па сутнасці, акупацыйных уладаў.

— На ваш погляд, ці разумеюць гэтую рызыку самі ўлады, і калі так, то ці могуць паспрабаваць замарудзіць альбо нават адкаціць назад, адправіць на дапрацоўку гэты законапраект?

— Думаю, што яны ўсё выдатна разумеюць. І прасоўваюць закон адмыслова, менавіта каб стварыць яшчэ адну вялікую групу лаяльных рэжыму людзей, якія будуць пачуваць сябе лепшымі і вышэйшымі за сваіх суседзяў.

Няма аніякай мэты наша падзеленае грамадства нейкім чынам склеіць — наадварот, стаіць мэта паглыбляць падзел, каб усё кантралявалі лаялісты.

Але не ўсё так песімістычна. Ёсць і пэўная рызыка для саміх уладаў. На нізавым узроўні вельмі цяжка будзе адрозніць лаялістаў ад нелаялістаў, асабліва калі гаворка ідзе пра такую вялікую колькасць людзей: складана высветліць, што ў кожнага з іх у галаве. Таму вялікая рызыка памыліцца з ацэнкай узроўню лаяльнасці. Гэта прыкладна тое самае, як прызыў у войска: нямала людзей лічаць, што трэба ісці і браць у рукі зброю, нават (і тым больш) тады, калі вы насамрэч супраць рэжыму.

І калі ўлады мяркуюць набраць 100 ці 200 тысяч лаяльных людзей са зброяй — гэта ўсё ж такі не рэгулярнае войска, можна спакойна дапусціць, што 20-30% набраных будуць не настолькі лаяльнымі, як чакаюць улады. А ў рэальнасці, думаю, гэты адсотак яшчэ большы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)