Филин

Ірына Марозава

Котаў: «Амаль з такім жа вынікам можна прапанаваць рэжыму абмяняць палітвязняў на кавалак грунту на Месяцы»

Былы генсакратар НАК Беларусі — пра тое, што рэальна каштоўнае для беларускага рэжыму.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка прапанаваў разгледзець пытанне пра допуск беларускіх спартсменаў, якія падтрымліваюць дзейны рэжым, да Алімпіяды 2024 года ў Парыжы, — у абмен на вызваленне палітвязняў.

Гэтую ідэю Латушка агучыў днямі на слуханнях Каардынацыйнай рады па пытаннях пазіцый, падыходаў, стратэгіі вызвалення палітвязняў. На думку палітыкаў, перамовы з беларускімі ўладамі мусяць весці не заходнія, а «трэція краіны», прадстаўнікі якіх гатовыя размаўляць з Лукашэнкам без вылучэння сустрэчных патрабаванняў.

Зрэшты, тут узнікае шмат пытанняў: якія краіны і чаму павінны быць зацікаўленыя ў вызваленні палітвязняў, ці гатовы Міжнародны Алімпійскі камітэт падтрымаць ініцыятыву, і ці зацікаўлены ўласна рэжым у падобных перамовах, альбо прынамсі ключавых апанентаў улады не выпусцяць ні пры якіх умовах?

Ці рэалістычная ідэя «допуск да Алімпіяды ў абмен на вызваленне палітвязняў», Филин абмеркаваў з экс-генсакратаром НАК Беларусі, кіраўніком міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатолем Котавым.

— Спорт — сапраўды, адна з улюбёных рэчаў рэжыму, і прапанова зняць спартыўныя санкцыі, каб вызваліць хоць частку палітзняволеных, гучыць нібыта слушна. З другога боку, гэта нагадвае анекдот пра тое, як яўрэйская сям’я выдае дачку за Ротшыльда: «Палова справы зробленая, засталося ўгаварыць Ротшыльда»…

— Трэба вярнуцца да пачатку і паглядзець, што мы маем. У нас ёсць палітзняволеныя, колькасць якіх перавышае некалькі тысяч і вызвалення якіх жадаюць дамагчыся дэмакратычныя сілы. Гэты, назавем так, рэсурс, — у руках рэжыму, ён кантралюе вязняў і вырашае, ці выпусціць іх, ці не, —  гаворыць Анатоль Котаў.

— Цяпер — Алімпіяда і допуск на яе рэжымных спартоўцаў. Нагадаю, што зараз няма забароны на іх удзел — гаворка ідзе пра колькасць, будзе гэта 100 чалавек ці 40, якія адпавядаюць крытэрыям. То бок, сам па сабе рэсурс — допуск да Алімпійскіх гульняў — не такі адназначны. І другі момант — ён знаходзіцца па-за межамі кантролю беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Ці ёсць у дэмакратычных сілаў магчымасці настолькі паўплываць на Міжнародны алімпійскі камітэт, каб ён змяніў свае ўнутраныя працэдуры, тыя правілы, якія прыняў у дачыненні да расійскіх і беларускіх атлетаў збольшага з пачаткам вайны ва Украіне? Ці здольныя дэмакратычныя сілы ці лідары, якія прасоўваюць гэту ідэю, пераканаць МАК, каб памяняць адно на другое?

Прытым, падазраю, яшчэ і з беларускім рэжымам ніхто не прагаворваў такую магчымасць — таму, насамрэч, выглядае як у тым анекдоце, «засталося ўгаварыць Ротшыльда».

Такім чынам, зазначае суразмоўца, няма адназначнага нядопуску беларускіх спартсменаў да Гульняў, як і няма ўпэўненасці, наколькі рэжым зацікаўлены ў тым, каб мець паўнавартасную дэлегацыю на іх, і ці гатовы дзеля гэтага вызваліць сотні альбо тысячы палітвязняў.

— Таму — гучыць прыгожа, але зусім непрафесійна, — зазначае Анатоль Котаў. — Амаль з такім жа вынікам можна прапанаваць рэжыму абмяняць палітвязняў на кавалак грунту на Месяцы.

Дзеля справядлівасці, нагадвае эксперт, у спартыўнай гісторыі былі спробы абмену палітвязняў на прэстыжныя турніры — і нават на Алімпійскія гульні. У прыватнасці, напярэдадні Алімпіяды ў Сочы ў Расіі выпусцілі пэўную колькасць людзей, якія раней былі затрыманыя па так званай «Балотнай справе» (была заведзеная супраць удзельнікаў масавых пратэстаў 2011-2013 гг — Ф).

— Але ёсць розніца: гэта было мерапрыемства, якое Расія праводзіла ў сябе і якое, вядома, было значна больш важным, чым проста адпраўка нацыянальнай зборнай на турнір, які праходзіць за мяжой. Такіх прыкладаў, каб памяняць удзел каманды на палітвязняў, тым больш у такой колькасці, мы ў гісторыі не знайшлі.

Яшчэ адзін важны аспект: санкцыі на беларускі спорт накладваліся двойчы. Пасля падзей 2020 года — за рэпрэсіі ў дачыненні да спартсменаў і парушэнні іх правоў; было абмежаванае фінансаванне, таксама МАК не прызнаў старшынёй беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту Віктара Лукашэнку, а Дзмітрыя Баскава — чальцом выканкама, і ўсім ім, з Аляксандрам Лукашэнкам уключна, забаранілі прысутнічаць на Алімпіядах. І ў 2022-м — за саўдзел беларускіх уладаў у расейскай агрэсіі супраць Украіны і парушэнне алімпійскага перамір’я.

— Вайна ідзе? Ідзе. Рэжымная Беларусь дапамагае РФ у ёй? Так, дапамагае. То бок, няма аніякага прагрэсу, каб адкручваць спартыўныя санкцыі назад, і тое, што прапануюць памяняць на палітвязняў — не звязана з палітвязнямі, — зазначае Анатоль Котаў.

— Безумоўна, палітвязняў трэба нейкім чынам вызваляць, і трэба задзейнічаць усе магчымыя рэсурсы. Але разважаць аб рэсурсе, які табе не належыць, — значыць, быць героем «чаўночнай дыпламатыі», як яе тлумачыў Генры Кісінджар.

Акрамя таго, дадае суразмоўца Филина, зусім не відавочна, ці маюць міжнародныя турніры такую вартасць для рэжыму, каб той быў згодны таргавацца ў гэтым кірунку:

— Улады не вызваляюць вязняў нават дзеля таго, каб зняць ці аслабіць эканамічныя санкцыі, якія маюць вельмі адчувальны кошт для рэжыму — нядаўна праходзіла інфармацыя, што толькі «Беларуськалій» страціў €1 мільярд ад санкцый. Паездка на Алімпійскія гульні, у параўнанні з фінансавымі стратамі, мае хутчэй сімвалічную вартасць. Таму, на жаль, варта прызнаць, што для рэжыму яна не каштуе столькі, колькі каштуюць жыцці палітвязняў для дэмакратычных сілаў.

Некаторых вязняў улады нібыта гатовыя выпусціць пэўных людзей пры ўмове «пагашэння нанесенага ўрону», фігуруюць сумы ад соцень тысяч да мільёнаў долараў — ну і дзе тут Алімпійскія гульні?

Прыгадаем, калі гаворка ішла пра Чэмпіянат свету па хакеі, і Рэнэ Фазэль вагаўся, прапаноўваў Лукашэнку выпусціць людзей узамен на тое, каб чэмпіянат усё ж такі застаўся ў Мінску — той не выпусціў. Таму што ўлада і пагроза яе страціць для яго важаць значна больш, чым сімвалічная вартасць будзь якіх спаборніцтваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(49)